У браслаўскім музеі традыцыйнай культуры прэзентавалі новы нумар часопіса «Павет» (фота, відэа)
У аўторак у музеі традыцыйнай культуры адбылася прэзентацыя вядомага ў нашым рэгіёне краязнаўчага часопіса «Павет».
Гэтае выданне з'явілася ў ліпені 2001 года па ініцыятыве супрацоўнікаў краязнаўчага музея Канстанціна Шыдлоўскага і Аляксандра Панцялейкі. У пэўны час яны зразумелі, што Браслаўшчыне варта мець свой краязнаўчы часопіс, на старонках якога жыхары раёна маглі б даведвацца пра цікавыя падзеі і даты з гісторыі нашага краю, мелі б магчымасць самі дасылаць свае цікавыя матэрыялы і фотаздымкі.
За прамежак з 2001 па 2008 год было выдадзена 63 нумары «Павета». Рэдакцыйная калегія штомесяц друкавала артыкулы пра старажытныя шляхецкія роды, выдатных грамадскіх дзеячоў Браслаўшчыны, гістарычныя факты з жыцця горады. Кожны новы нумар дасылаўся ў бібліятэкі раёна, бясплатна раздаваўся ўсім, хто быў неабыякавы да жыцця нашага краю. У 2008 годзе выданне часопіса па аб'ектыўных прычынах перапынілася. Пяць гадоў назапашваліся новыя цікавыя матэрыялы, і, зрэшты, узнікла ідэя аднавіць выданне. Так быў падрыхтаваны новы нумар, які аўтары прэзентавалі ў аўторак.
На імпрэзе выступіла рэдакцыйная рада ў складзе дырэктара краязнаўчага музея Аляксандра Панцялейкі і супрацоўніцы музея Ганны Базарэвіч, а таксама госць з Кансталінскай школы Віктар Бунта. У новым нумары некалькі артыкулаў прысвечана забудовам у Браславе 30-х гадоў, гарадскому парку, а таксама нашым землякам, якія апынуліся ў замежжы.
Кожны, хто жадае атрымаць новы і старыя нумары «Павета», можа звярнуцца ў краязнаўчы музей па адрасе вул. Энгельса, 39 і тэлефоне 21445.
Гальляш Сялява.
Фота і відэа аўтара і Аніты Крывашанавай.