У браслаўскім музеі адкрылася выстава жывапісу краслаўскіх мастакоў
Нашы край вядомы сваім добразычлівым стаўленнем да суседзяў і актыўным удзелам у шматлікіх міжнародных праектах. Чаго вартая апошняя навіна пра грант у 600 000 еўра, выдзелены Браслаўшчыне на ўкараненне энэргаэфектыўных тэхналогій. Але апрача экалагічных існуе шэраг культурных пагадненняў паміж краінамі Еўропы і СНД. Напрыклад, у мінулым годзе наша газета паведамляла пра падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве браслаўскага і краслаўскага музеяў. І вось у сярэдзіне студзеня ў музеі традыцыйнай культуры арганізавалі цудоўную выставу жывапісу мастакоў з Латвіі.
На ўрачыстым адкрыцці дырэктар музейнага аб’яднання Надзея Дударонак пазнёміла прасутных з латгальскімі сябрамі – Андрэем Гаргоцам, яго жонкай Янінай і іх спадарожнікам. Як аказался, у краслаўскай мастацкай студыі вельмі шмат повязяў з нашай краінай, бо некаторыя творцы самі родам з Беларусі, альбо маюць тут сваякоў. Дарэчы, па словах кіраўніка студыі Андрэя Гаргоца, у яго родзе было некалькі родных людзей, якія любілі маляваць. Але сам ён успрымае жывапіс не толькі, як хобі ці сродак выплеснуць сваю душу на холст, але і як карпатлівую працу. Мастак прызнаўся, што працуе над карцінамі як мінімум 4 гадзіны ў дзень. Але часам робіць і выходныя дні, бо вока мастака можа замыльвацца.
Мужчына неаднаразова ладзіў персанальныя выставы ў Рызе, Юрмале і Даўгапілсе. А яго творы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Расіі, Ізраіля, Германіі, ЗША, Іспаніі і іншых краін. У арганізацыі яму дапамагае жонка, якая таксама вядзе раз у тыдзень гурток у Рызе, дзе Андрэй ладзіць майстар-класы для аматараў жывапісу.
Тэматыка яго прац вельмі разнастайная – любоўныя тэмы злучаюцца з тэмамі жыцця і смерці, бачна, што ў сваіх карцінах ён марыць пра недасягальную гармонію. Зрэшты ўсе сімвалы і асацыяцыі ў творах Андрэя Гаргоца – гэта дыялог з гледачом. Дарэчы, сам сябе ён лічыць прыхільнікам неакадэмічнай плыні ў жывапісе.
На прадстаўленай у нашым горадзе выставе былі не толькі яго творы, але і карціны студыйцаў, біяграфіі якіх не могуць не здзіўляць. Гэта людзі розных прафесій, якія трапілі сюды, як быццам, паводле нейкага ўнутранага духоўнага парыву. Працы Ірэны Лук’янскай, Таццяны Рукмане, Людмілы Гаўрыкавай, Зінаіды Лапкоўскай, Марыны Працэўскай, Івана Бычкова радуюць тэматычнай разнастайнасцю, сюжэтамі і колерамі, а найбольш чымсьці глыбокім і шчырым, што нельга перадаць у словах. Гэта трэба пабачыць на свае вочы.
Дарэчы, на адкрыцці для латгальскіх гасцей падрыхтавалі прыемны падарунак – народныя танцы дзіцячага калектыва пад кіраўніцтвам Алега Сапрончыка і прыгожыя песні гадаванцаў Аксаны Дзярук з СШ №2.
А напрыканцы начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Спірыдонава пажадала мастакам далейшага творчага росту, і каб падобныя сустрэчы ў цёплай атмасферы праходзілі часцей.
Усе, хто не здолеў трапіць на адкрыццё выставы, можа завітаць у вялікую залу музея традыцыйнай культуры, каб атрымаць эстэтычнае задавальненне, да 28 лютага.
Гальляш Сялява.
Фота аўтара.