У браслаўскім музеі адкрылася выстава разьбяра па дрэве, мастака Віктара Дудкевіча
Часам бываюць такія мерапрыемствы, калі журналісту ў артыкуле вельмі складана выказваць сваё ўласнае меркаванне і пры гэтым застацца аб’ектыўным. Бо, з аднаго боку разумееш, што не ўсім можа спадабацца тое, што прывабіла цябе, з іншага — усё роўна нічога не можаш зрабіць з сабой, і словы захаплення рвуцца на волю.
Такой падзеяй для мяне стала адкрыццё выставы “Вяртанне” нашага земляка, які працуе ў Глыбоцкім доме рамёстваў, разбяра па дрэве, мастака Віктара Дудкевіча. Прычым спадабаліся не толькі яго творы, але прастата і шчырасць гэтага чалавека з цікавым лёсам, яго стаўленне да жыцця і мастацтва.
Хоць ён жыве ў Глыбокім, але Браслаў непарыўна звязаны з яго душой. Гэта бачна ў матывах карцін і цёплых словах, якія ён казаў пра нашы горад.
У 1977 годзе Віктар скончыў СШ №1, а пасля рэалізаваў мару дзяцінства – паступіў у Кранштацкую мараходную школу. Потым яму давялося папрацаваць у Мурманску, Браславе і нават у Глыбоцкім МКК у якасці мастака-афарміцеля. Адначасова з гэтым Віктар вучыўся ў Маскоўскім завочным народным універсітэце мастацтваў.
І вось ужо дзясяты год ён працуе метадыстам па разьбе па дрэве, прычым умее знайсці індывідуальны падыход да кожнага свайго вучня і, як сам прызнаўся на адкрыцці выставы, стараецца зачапіць нейкімі цікавымі дробязямі, нестандартнымі прыёмамі, наогул знайсці ключык да душы чалавека. Але навучаючы іншых, майстар шмат стварае і сам, а таксама ўдзельнічае ў шматлікіх фестывалях у Мінску, Віцебску, Паставах, Браславе, на Лепельшчыне, Глыбоччыне.
Тэматыка яго твораў здзіўляе сваёй разнастайнасцю — карціны алеем, драўляныя цацкі, лубкі, і нават копія старажытнага друкарскага станка. Але найбольш асабіста мяне ўразіў трыпціх, прысвечаны беларускай мове. Аўтар расказаў гісторыю, як у Глыбокім пазалетась святкавалі дзень беларускага пісьменства, і па тэлевізары нехта павіншаваў глыбачан бягучым радком па-руску. Гэта зачапіла мужчыну, і так нарадзілася палатно з выявай укрыжаванай літары “Ў” на дрэве, у вершалінах якога знаходзяцца класікі нашай літаратуры, а пад зямлёй нейкія чалавечкі пілуюць карані. Віктар сказаў, што гэтыя чалавечкі – нашыя страхі і абыякавасць да роднай мовы.
Шмат карцін прысвечана гістарычным пабудовам, ёсць тут і незвычайныя касмічныя пейзажы ў стылі славутага беларускага мастака Язэпа Драздовіча, а таксама выдатныя нацюрморты.
Асобна можна сказаць пра дробныя драўляныя скульптуры. Тут вы пабачыце сальнічку ў форме карабля, цэлы чайны сервіз, мініяцюрную копію трактара “Беларус”, коніка на калёсах і лыжкі. Але кульмінацыяй на адкрыцці выставы стала дэманстрацыя працы копіі друкарскага станка, які паходзіць яшчэ з часоў Скарыны. Цікава было назіраць, як з-пад драўлянага праса на свет з’явіўся аркуш з выдрукаваным малюнкам.
Напрыканцы мерапрыемства Віктар прачытаў уласны верш і пажадаў гледачам таксама знайсці сябе ў нейкай творчай плыні. “Вяртанне” спадабаецца тым, хто любіць самабытнае мастацтва — творы, зробленыя з душой. Музей традыцыйнай культуры запрашае наведаць гэтую арыгінальную выставу, якая будзе працаваць да сакавіка.
Галляш Сялява.
Фота аўтара.