У браслаўскім музеі традыцыйнай культуры адкрылася выстава дызайна
Яшчэ адным неверагодным мерапрыемствам парадавалі браслаўчан і гасцей горада музейныя супрацоўнікі. На гэты раз упершыню ў гісторыі музея адбылося адкрыццё выставы сучаснага дызайна пад назвай “Інсайд”. Малады майстар Настасся Угарэнка падрыхтавала свае лепшыя творы, і падзялілася сакрэтамі, адкуль у яе бярэцца натхненне.
Наогул слова “інсайд” перакладаецца з англійскай мовы як “унутраны, прыхаваны” альбо нават як “душа”. І мне падаецца, назва для выставы была выбрана невыпадкова, бо свой унутраны свет майстар здолеў выявіць праз мноства незвычайных рэчаў, створаных у розных тэхніках. І падышоў да гэтага з душой.
На адкрыцці наведвальнікаў чакаў прыемны сюрпрыз – кожны прысутны атрымаў прыгожую папяровую скарбоначку з цукеркай. А кіраўнік клубу “Ля возера” Наталля Парахневіч расказала пра творчы шлях Настассі. Аказалася, што дзяўчына яшчэ з дзяцінства цікавілася мастацтвам, у старэйшых класах удзельнічала ў алімпіядах па працы і нават займала прызавыя месцы. У музеі на майстар-класах яна добра засвоіла тэхніку пляцення, ткацтва, і ў далейшым гэта спатрэбілася для стварэння некаторых прац. А пасля школы лёс звязаў Насцю з Віцебскім тэхналагічным універсітэтам, куды яна паступіла на аддзяленне дызайна інтэр'ераў, дзе вучыцца і зараз.
Як прызналася дзяўчына, два гады падрыхтоўкі да персанальнай выставы, пра якую яна даўно марыла, не прайшлі дарэмна. І невялікая экскурсія па экспазіцыі канчаткова пераканала ў гэтым усіх прысутных. Тут вы можаце пабачыць і дэкаратыўныя пано, створаныя з абрэзкаў нітак і пляцёнак, і мазаічныя карціны, намаляваныя гуашшу, арт-аб'екты са шкла і “манеткі” з гіпсу, а таксама рэалістычныя паўночныя пейзажы балончыкам. Уразіла гледачоў пано са стаканчыкаў, карункавыя лямпы, малюнкі фларэнційскага сабору і ўласны дызайн памяшкання. Словам, было бачна, што Настасся вельмі таленавітая і шматгранная ў творчым плане асоба. Але асабіста мяне найбольш уразіла, як удала яна спалучае ў сваіх творах элементы традыцыйных рамёстваў і сучаснае мастацтва, наколькі дакладна яе карціны перадаюць аб'ём.
А напрыканцы мерапрыемства дзяўчына правяла майстар-клас па выпальванні па дрэве, і прадставіла публіцы свой узор сувенірных магнітаў, прысвечаных Браслаўшчыне.
У тых, хто не трапіў на адкрыццё, яшчэ ёсць шанс пабачыць выставу ў музеі традыцыйнай культуры да 15 мая.
Больш фота з выставы можна пабачыць ТУТ
Галляш Сялява.
Фота аўтара.