Сёлета свята сярэднявечнай культуры “Меч Брачыслава” адбудзецца 6 чэрвеня
Ідэя правядзення Дней сярэднявечнай культуры ўзнікла яшчэ ў 2000 годзе, калі ўпершыню пачалі праводзіць "Святы рамёстваў” на тэрыторыі музея традыцыйнай культуры. Ужо ў тыя часы на музейнай пляцоўцы паказвалі тэхналогію здабычы "жывога агню”, а побач з сучаснымі тэхналогіямі рамёстваў і традыцыйным народным мастацтвам працавала пляцоўка, дзе можна было ўбачыць тэхналогіі сярэднявечных рамёстваў. У якасці гасцей выступалі гурты сярэднявечнай музыкі “Стары Ольса”, “Тэстамэнтум Тэрра”.
У 2004 годзе ўпершыню пачалі запрашаць удзельнікаў клубаў гістарычнай рэканструкцыі з Віцебску і Полацку. А летам 2005 года свята правялі на Замкавай гары. Свята набыла назву “Меч Брачыслава” ў 2010 годзе, калі шырока святкавалася 945-годдзе Браслава і 600-годдзе Грунвальдскай бітвы. З гэтага часу Дні сярэднявечнай культуры “Меч Брачыслава” становяцца вядомымі сярод шырокага кола ўзельнікаў сярэднявечнага руху, мясцовых жыхароў і гасцей Браслава.
Свята праводзіцца ў летні перыяд на Замкавай гары, адкуль адкрываюцца прыгожыя краявіды на азёры Дрывяты і Навяты, і бачна гістарычная забудова былога мястэчка. Старажытнае гарадзішча пераўтвараецца ў сярэднявечны горад з рамеснікамі, ваярамі і музыкамі.
Звычайна мерапрыемства пачынаецца з шэсця клубаў па Замкавай гары і здабычы “жывога агню”. У баявой праграме удзельнічаюць каля 20 клубаў з Беларусі і іншых краін. Разгорнута “Вуліца сярэднявечных рамеснікаў і гандляроў”, дзе можна ўбачыць апрацоўку льну, воўны, прадзенне на верацяне, пляценне сетак, гістарычнае пісьменства, сярэднявечнае ганчарства, спіральнае пляценне, выраб посуду з бяросты, выраб лыжак, карцаў, верацёнаў, вырабу галаўных убораў у тэхніцы валяння, адліўку з металу, кавальства.
У 2010-2012 гадах на свяце працавалі пляцоўкі “Жывой археалогіі”, на якой можна было убачыць апрацоўку косці, крэмяню, ляпную кераміку. А на дэманстрацыйным археалагічным раскопе дзеці спрабавалі самастойна знайсці аскепкі глінянага посуду і пасля склеіць іх у цэльны выраб. Свята заканчываецца канцэртам беларускіх гуртоў. Неаднаразова на свяце выступалі гурты “Стары Ольса”. “Тэстамэнтум терра”, “Тэрра вагантыка”, “Люташ”, “Няміга”, “Гуды”, “Княжыч”, “Пава”, тэатр “Ды Грыза”, “Корнукопія”. На працягу свята гучыць старажытная музыка.