Фэст экскурсаводаў-2015 у Браславе сабраў амаль 60 чалавек
На мінулых выхадных у рамках традыцыйнага фестывалю экскурсаводаў, які праводзіцца па ўсёй Беларусі, для ўсіх жадаючых правялі экскурсію па Браславе. На яе сёлета сабралася каля 60 чалавек рознага ўзросту. Кожны крок маршрута, які быў прысвечаны гістарычным мясцінам Браслаўшчыны часоў 1920-30-х гг., знаёміў гледачоў з асаблівасцямі жыцця гараджан пры Польшчы. Чатыры экскурсаводы расказалі цікавыя факты пра ўскраіны горада, пра якія варта было б ведаць кожнаму браслаўчаніну.
Вандроўка пачалася з тагачаснага цэнтра – забудовы, створанай вядомым польскім архітэктарам Юльюшам Клосам. Краязнаўца Віктар Бунта падзяліўся інфармацыяй пра тагачасную інфраструктуру горада, чым жылі і цікавіліся людзі.
Ля цяперашняга аддзела адукацыі, спорту і турызму рэй узяла малады гід Крысціна Бялусь. Дзяўчына расказала пра школу, якая была тут раней, асаблівасці адукацыйнай сістэмы. А фатограф Галляш Сялява спыніўся ля дзвярэй цэнтра дзяцей і моладзі, дзе з 1935 па 1938 год раней месцілася польская гімназія. Ён звярнуў увагу на тое, што і праз яе, і праз друйскую гімназію прайшло шмат выдатных культурных дзеячаў, пра якіх не варта забываць.
Далей дарога вяла да воінскага пахавання часоў Першай сусветнай вайны, і шмат хто быў здзіўлены таму факту, што вуліца Юрэнкі калісьці была значна вузейшай, а могілкі выглядалі па-іншаму. На рынку захавальніца фондаў Ганна Базарэвіч спынілася, каб расказаць слухачам пра ранейшыя кірмашы, чым гандлявалі людзі.
А фінальным пунктам экскурсіі стала апавяданне пра вузкакалейную дарогу і прыпынак на былым чыгуначным вакзале па вуліцы Садовай. Тут дзяўчына раздала ўсім удзельнкікам невялікія памятныя сувеніры, а таксама копіі праязных білетаў і расклад руху цягнікоў 1920-х гг.
Вельмі цёпла, з апладысментамі, развіталіся слухачы з экскурсаводамі, а тыя паабяцалі ў наступным годзе зноў здзівіць браслаўчан гісторыяй роднага горада.
Г.С.
Фота аўтара.