Дзень і Ноч музеяў - 2015 у Браславе (відэа)
Традыцыйнае міжнароднае майскае свята, прысвечанае музеям, кожны год збірае ўсё больш зацікаўленых людзей. Прычым штораз у праграму гэтай неверагодна цікавай акцыі арганізатары стараюцца ўкласці нейкую разынку, здзівіць гледача. Так, сёлета мерапрыемства праводзілася ў абодвух браслаўскіх музеях.
Першая частка яго была прысвечана 950-годдзю Браслава, і, што цікава, праводзілася не ўнутры, а вакол гісторыка-краязнаўчага музея. Яго вокны часова ўпрыгожылі банеры з выявамі пэўных месц горада ў выглядзе калажоў. У 2013 годзе аб’яднаннем музеяў было падрыхтавана выданне альбома “Браслаў учора і сёння”, у аснову якога ляглі матэрыялы аднайменнай фотавыставы. А дзякуючы падтрымцы магазінаў “Космас”, “Аўтазапчасткі”, ПГУП “Імэйджынг” гэта змагло візуалізавацца ў форме прыгожых банераў.
Нездарма галоўны захавальнік фондаў музея Ганна Базарэвіч назвала выставу “Браслаў: перазагрузка”. У кожным кадры можна было пабачыць, як розныя будынкі і вуліцы Браслава выглядалі раней, і як выглядаюць цяпер. Дзяўчына правяла экскурсію і расказала шмат цікавых фактаў пра жыццё нашага рэгіёну ў першай палове XX-га стагоддзя. Падчас яе можна было паўдзельнічаць у конкурсе на ўважлівасць, запісваючы на дадзеных арганізатарамі анкетах свае адказы.
Адразу пасля гэтага дырэктар музейнага аб'яднання Надзея Дударонак разам з дырэктарам магазіна “Клякса” Дзянісам Багдановічам узнагародзілі самых кемлівых удзельнікаў раённага конкурсу “Браслаўскія таямніцы”.
Другая частка мерапрыемства праходзіла ў музеі традыцыйнай культуры, і была прысвечана Году моладзі. Сёлета арганізатары вырашылі крыху адысці ад папулярызацыі традыцыйнай культуры і зрабілі акцэнт на сучаснае мастацтва. Для Браслава гэта сапраўды стала навінкай, бо, шчыра кажучы, не кожны дзень можна пабачыць такія цікавыя арт-аб'екты і даведацца, што яны значаць. Дарэчы, без кантэксту было б вельмі няпроста зразумець сэнс такіх “інсталяцый”. Словам, выстава музея сучаснага мастацтва з Мінска “Арт-атракцыён”, якая правісіць яшчэ тыдзень, здзівіла і прынесла наведвальнікам шмат пазітыўных эмоцый. У вялікай зале правялі і майстар-клас па маляванні чорнага квадрата. Некалькі чалавек стваралі копіі вядомай карціны Малевіча, слухаючы, што на самай справе нясе гэты твор. Пазней там жа арганізавалі невялікі перформанс (форма візуальнага мастацтва, у якім творам з'яўляюцца дзеянні мастака).
Яшчэ адной знакавай падзеяй на ночы музеяў стала прэзентацыя праекта вядомага астрафатографа Віктара Малышчыца “У абдымках зорак” (выстава будзе працаваць да 19 чэрвеня). Аўтар расказаў наведвальнікам пра самыя цікавыя месцы, дзе яму даводзілася здымаць зорнае неба, асаблівасці астрафота і падарыў усім паштоўкі са саімі здымкамі. Віктар падкупіў усіх шчырасцю, і незвычайнай любоўю да неба. А калі на вуліцы сцямнела, гледачы змаглі палюбавацца на зоры ў тэлескоп, і паглядзець фільм пра зоры над Беларуссю, створаны В.Малышчыцам.
Падчас свята ў дворыку гралі творы трох выканаўцаў - live electronic music, gran+ і garry gagarryn з “Музея электроннай музыкі”, якія ствараюць музыку ў стылі water house, techno house і інш.
Такім чынам, сёлетняе свята ўразіла сваёй маштабнасцю, незвычайнасцю і цудоўнай гасціннай атмасферай. Супрацоўнікі музея ўдзячны ўсім, хто наведаў мерапрыемства, а за падтрымку дзякуюць уладальніку аграсядзібы “У Барысавіча” Юрыю Жэрко і ТАА “Вакх альянс”.
ШМАТ ФОТА ТУТ
Галляш Сялява.
Фота аўтара.