Меч Брачыслава і Зарніцы 2015 (фота, відэа)
Кожны год на некалькі дзён Браслаў становіцца цэнтрам творчасці, добрага настрою і весялосці. Вуліцы і скверы нашага горада імгненна напаўняюцца цудоўнай музыкай, звонкімі галасамі, а таксама гасцямі з розных куткоў краіны і нават замежжа. Наступае самае значнае для браслаўчан свята — “Браслаўскія зарніцы”. Фестываль жа з кожным годам не перастае здзіўляць свайго вернага гледача і становіцца ўсё больш цікавым і насычаным рознымі падзеямі.
Па праву вось ужо чацвёрты год упрыгожвае “Браслаўскія зарніцы” абласны агляд-конкурс вакальна-харавых калектываў “Браслаўская харавая асамблея”.
Браслаўчане і госці горада, якія зазірнулі ў мінулую суботу на пляцоўку перад касцёлам, мяркую, не пашкадавалі. Іх чакала добрая музыка і чароўны свет танцаў, а таксама шмат сюрпрызаў і ўражанняў. А папрэднічала гэтаму ўрачыстая цырымонія адкрыцця 48-ых “Браслаўскіх зарніц”.
Калі першы конкурс вакальна-харавых калектываў прыняў 12 творчых калектываў, потым іх колькасць узрасла да 15, то сёлета быў сапраўдны рэкорд — 21 удзельнік. Лепшыя галасы Полацка і Наваполацка, Шумілінскага, Віцебскага, Аршанскага, Расонскага, Лепельскага, Глыбоцкага, Лёзненскага, Пастаўскага, Гарадоцкага, Чашніцкага, Дубровенскага, Докшыцкага, Бешанковіцкага, Верхнядзвінскага, Шаркаўшчынскага раёнаў больш за дзве гадзіны дарылі гледачам народныя песні. Сёлета абысці 20 калектываў і стаць самым лепшым атрымалася ў нашага народнага ансамбля песні “На панадворку”. Менавіта іх песня пакарыла і журы, і гледачоў.
Увечары жыроў і гасцей горада чакала свята сярэдневечнай культуры "Меч Брачыслава", якое не перастае здзіўляць сваёй маштабнасцю. Рыцарскія баі, хаджэнне на хадулях, вогненнае шоу і выступленне культавага беларускага гурта Н.Р.М, а таксама святочны салют - цешылі гледачоў да самай ночы.
Другі дзень міжнароднага свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы — 2015” адзначыўся сонечным надвор’ем і цудоўным настроем яго ўдзельнікаў і гасцей. Фестываль сёлета меў своеасаблівы акцэнт, бо быў прысвечаны 950-гадоваму юбілею Браслава. А таму арганізатары, каб паказаць гісторыю нашай зямлі ў пакаленнях, падрыхтавалі вялікае тэатралізаванае прадстаўленне.
Адкрыў яго зводны хор Браслаўскага раёна, які аб’яднаў 300 чалавек. Так падтрымалі даўнюю традыцыю: яшчэ ў 30-я гады мінулага стагоддзя ў нашым горадзе праводзіліся павятовыя святы песні. Затым браслаўчан і гасцей города віталі непасрэдныя і жыццярадасныя дзеці — задорныя і актыўныя піянеры, мэтанакіраваныя выпускнікі 2015 года, таленавітыя дзяўчаты з ансамбля барабаншчыц “Брава”, моладзь з БРСМ, спартсмены. Маладое пакаленне, творчае, гатовае да новых здзяйсненняў і адкрыццяў, — сапраўдны гонар Браслаўшчыны. Да моладзі далучыліся працоўныя калектывы хлебазавода, філіялаў Глыбоцкага МКК, якія забяспечваюць гараджан і прыезджых смачнай і якаснай прадукцыяй. Удзельнікамі тэатралізаванага шэсця сталі і творчыя калектывы, якія прадстаўлялі на фестывалі культуру Беларусі, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Расіі, Індыі.
У рамках фестывалю “Браслаўскія зарніцы-2015” райкам БРСМ арганізаваў конкурс-забег “Ад лапцяў – да абцасікаў”. Ён выклікаў цікавасць у людзей і сабраў вялікую колькасць балельшчыкаў і гледачоў. Тым больш, што ў Браславе падобны конкурс арганізоўваўся ўпершыню. Паўдзельнічаць у ім вырашылі 10 браслаўчанак-прыгажунь, якіх не спалохалі ўмовы забегу. А яны былі строгія: вышыня абцаса павінна была быць не менш за 7 сантыметраў, а шырыня — не больш 3,5 см. Прабегчы трэба было ўсяго 50 метраў. Здаецца, няшмат. Але толькі ўявіце сабе асфальт, каблук і бег! Пагадзіцеся, рэчы не вельмі сумяшчальныя. Таму дзяўчаты настройваліся не толькі маральна: некаторыя мацавалі абутак да нагі скотчам.
Лепш за ўсіх дыстанцыю пераадолела Алена Шпак, якая і стала пераможніцай забегу. Другое і трэцяе месцы занялі Надзея Плясун і Дар’я Бабінская. Акрамя гэтага, былі вызначаны ўладальніцы дыпломаў у намінацыях “Міс Шарм” – Ірына Максімовіч, “Шалёны абцасік” – Вольга Шаркель, “Самы высокі абцасік” – Вольга Пецюкевіч, “Самыя прыгожыя ногі” – Валянціна Арсоба, “Залаты туфлік” – Марына Жалняровіч, “Міс Гламур” – Крысціна Плошчанка. Дыплом “За волю да перамогі” атрымала Марыя Дзянісава.
Штогод у заключны дзень правядзення “Браслаўскіх зарніц” арганізуецца і міжнародны шахматны бліц-турнір, які носіць аднайменную назву. Не стала выключэннем і сёлетняе свята. У Браслаў бліснуць сваім майстэрствам у інтэлектуальнай гульні прыехалі 36 шахматыстаў. Гэта, як заўсёды, госці з суседніх з нашым раённых цэнтраў, Полацка і Наваполацка, Даўгаўпілса. Завіталі на сёлетні турнір і 2 шахматысты з Магілёва.
Барацьба выдалася напружанай. У камандным заліку першае месца дасталося спартсменам з Наваполацка. У намінацыі “Малыя гарады” пераможцамі сталі браслаўчане.
У асабістым заліку ўвесь п’едэстал гонару дастаўся навапалачанам. Перамаглі Віталь Цецераў, Павел Мухін і Антон Астапчык.
Агульнакамандныя ж заліковыя месцы размясціліся наступным чынам: 1 — каманда Наваполацка, 2 — Полацка, 3 — Браслава.
«Браслаўскі фальварак», які арганізуецца ў рамках міжнароднага свята традыцыйнай культуры, стаў неад’емнай часткай «Браслаўскіх зарніц», як горад майстроў ці святочны гала-канцэрт. І хоць ён праводзіўся толькі ў трэці раз, тым не менш паспеў набыць шмат паклоннікаў.
Сёлета сумесныя падвор’і арганізоўвалі адразу па тры сельсаветы, і ад гэтага на мой погляд, «фальварак» толькі выйграў, бо ні выстаўленыя прадметы побыту, ні стравы не паўтараліся, і кожнае з трох падвор’яў мела сваю непаўторнасць.
ФОТАСПРАВАЗДАЧА ТУТ
Тэксты БЗ
Фота Гальляша Сялявы
Відэа Максіма Зорына, Андрэя Астапка, Дыяны Вілім, Ромы Арсоба, Еўрарадыё
Танцы з гуртом Літы Талер и Вiр
Браслав 2015 "Замковая гора" Театр "Вiр"
«Меч Брачыслава» 2015 Баі
Концерт с открытия Браславские зарницы 2015
Фэст средневековой культуры "Меч Брачыслава"
«Меч Брачыслава» 2015 Фото слайд.
Беларускі гурт Lity Taler (Літы Талер)
N.R.M. в Браславе (06.06.2015)
Braslau 950
Браславские Зарницы 2015. Пожелания городу.
N.R.M. в Браславе (06.06.2015)