У музеі традыцыйнай культуры адкрылася выстава мастакоў Браслаўшчыны
У канцы чэрвеня музей традыцыйнай культуры парадаваў браслаўчан і гасцей горада маштабным культурным мерапрыемствам. На гэты раз супрацоўнікам музея ўдалося спалучыць адкрыццё традыцыйнай выставы мастакоў раёна “Браслаўская палітра” з вельмі цікавым кірмашом-продажам вырабаў нашых рамеснікаў. І трэба сказаць, што ўсе, хто завітаў у гэты дзень на пляцоўку музея, не пашкадавалі тры гадзіны часу, бо паглядзець было на што.
Спачатку гледачы трапілі ў атмасферу вядомага ўсім народнага свята, супрацоўніцы музея сымправізавалі прыгожае купальскае шэсце з вянкамі. А затым загадчыца музея традыцыйнай культуры Элеанора Зінкевіч стала знаёміць прысутных з майстрамі нашага краю. На кірмашы можна было пабачыць карціны, вырабы з лазы, скуры, гліны, саломы і бісеру. Словам, той, хто шукаў сувенір на памяць, не мог яго не знайсці.
Дарэчы, цікава, што на мерапрыемстве арганізавалі і невялікія майстар-класы па пляценні вянкоў, ткацтве, ганчарстве, пляценні фенечак з гумак. Людзям вельмі спадабалася, што можна самім далучыцца да творчага працэсу. І першыя спробы, трэба сказаць, атрымаліся досыць удалымі. Супрацоўнікі музея нават адзначылі прыемнымі падарункамі лепшых навічкоў. А конкурс гаспадынь, дзе ўдзельнікам трэба было прайсці праз некалькі выпрабаванняў, развесяліў кожнага.
Далей гледачоў запрасілі ў бакавую залу, дзе размясцілася новая выстава “Браслаўская палітра”. Кіраўнік клуба народных майстроў і мастакоў Наталля Парахневіч пазнаёміла прысутных з аўтарамі выстаўленых карцін. На жаль, словамі гэта не раскажаш, таму раю кожнаму, хто любіць мастацтва завітаць у музей і атрымаць асалоду ад твораў выбітных мастакоў Мікалая Стаса, Чэслава Жуселя, Яна Рыдзікі і маладой творцы Наталлі Лук’янец.
Дарэчы, гэта не апошняе такое мерапрыемства за гэтае лета. Супрацоўнікі музея арганізуюць кірмашы яшчэ 5 ліпеня, а таксама 2 і 16 жніўня.
Усе фота з мерапрыемства можна паглядзець ТУТ
Галляш Сялява.
Фота аўтара