У Пагошчы жыве самадзейная мастачка Ганна Купець (фота)
Існуе меркаванне, што шчаслівая тая душа, якая знайшла сваё прызначэнне на зямлі. Часта бывае, што чалавек усё жыццё штосьці думае рэалізаваць, але толькі ў сталым узросце актывізуе свае захапленні. Так склалася і з Ганнай Купець, якая нарадзілася на Браслаўшчыне ў 1942 годзе.
Яшчэ падчас вучобы ў Дрысвяцкай школе Ганна была сябрам рэдакцыйнай калегіі і ўдала афармляла газету. Захапленне маляваннем часам вылівалася ў грунтоўныя працы. Жанчына прыгадала, што адну з яе першых карцін экспанавалі на нейкай выязной выставе.
Пасля заканчэння 7 класаў Ганна вучылася шыць жаночае і мужчынскае адзенне, атрымала прафесію партніхі, але маляваннем не займалася. З’явілася сям’я, нарадзіліся дзеці. На захапленне проста не хапала часу. Зараз жанчына жыве адна: дзеці павырасталі і маюць уласныя сем’і. Вось і ўспомніла яна пра сваю любоў да мастацтва. Нягледзячы на праблемы са зрокам, спачатку малявала акварэльнымі фарбамі, неўзабаве засвоіла і тэхніку пісьма гуашшу.
Сюжэты звычайна атрымоўваюцца цікавыя і казачныя. Самадзейная мастачка не любіць, калі на карціне няма нічога, акрамя прыроды, вось і з’яўляюцца сярод пейзажаў героі: людзі, ваўкі ды мядзведзі. З такіх сюжэтаў і складаецца яе вялікая калекцыя. Ганна Купець з задавальненнем дзеліцца сваёй творчасцю, імкнецца яе паказаць кожнаму, хто праяўляе зацікаўленасць. Яе працы яскравыя і наіўныя, і, можна сказаць, адлюстроўваюць яе душу. Таму памкненні мастачкі з Пагошчы чыстыя, напоўненыя сонечнымі колерамі. Як бачым, нават на доўгі час закінутае захапленне можа калісьці прынесці добрыя плады.
Ганна Базарэвіч,
захавальніца фондаў краязнаўчага музея.
Фота аўтара.