Сустрэлі ў Браславе дзяўчыну з Менску, якая жыве ў Чылі (інтэрв'ю)
Не кожны дзень сустрэнеш у Браславе цікавага чалавека, які ведае некалькі моў і жыве ў Чылі, таму знаёмства з Кацяй Талкачыкавай сталася прыемным здарэннем і нагодай падзялілцца з нашымі чытачамі вопытам, які атрымала ў гэтай паўднёваамерыканскай краіне дзяўчына.
Каця родам з Менску, вучылася ў вядомым Коласаўскім ліцэі, а затым у познаньскім эканамічным універсітэце ў Польшчы. Як аказалася, у 2010 годзе у Чылі на госці яе запрасіла родная цётка, якая жыве там з 2003 году.
Калі дзяўчына ўпершыню наведала гэтую краіну, ейны дзядзька вырашыў пазнаёміць яе з усімі сваімі сябрамі. Як прызналася Каця, гэта было досыць няпроста маральна, дый усе вакол не ведалі ангельскай мовы, а размаўлялі па-гішпанску.
Тым не менш, у гэтай паездцы яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам - перуанцам Марыньё. Ён адзіны, хто ўмеў таньчыць сальсу на сяброўскай вечарыне, і паказаў Каці гэты танец. Гэтак завязалася знаёмства, хаця дзяўчына неўзабаве вярнулася ў Польшчу. Але часцяком размаўляючы з хлопцам па скайпе, яна зрэшты вырашыла вярнуцца ў Чылі. І з 2011 году засталася жыць там. Цяперака Каця працуе ў аўдытарска-кансалтынгавай кампаніі ў Санцьяга.
Дзяўчына вельмі шмат расказала пра Чылі. Гэта неверагодна прыгожая краіна, у якой не вельмі проста жыць. Тут пануе неалібералізм, фактычна няма сацыяльнага забеспячэння і вельмі бачная класавая няроўнасць. Жывуць "людзі з выспы" ў асноўным, дзякуючы горназдабываючай галіне (медзь), рыбнай лоўлі і сельскай гаспадарцы.
Я папрасіў параўнаць краіну з Беларуссю, і Каця сказала, што ў Чылі, напрыклад, у тым жа Санцьяга, шмат што залежыць ад месцапражывання. "Дзе ты жывеш?" - першае пытанне, якое задаюць незнаёмцы. Гэта як нашае "Ты з якога раёну, га?"
85% насельніцтва тут зарабляюць менш за 400$, тады як астатнія 15% - у разы большыя грошы. Дзяўчына расказала, што, напрыклад, каб набыць нармальную вопратку, танней злётаць у Польшчу. Наогул жыццё ў Чылі нятаннае, медыцына і адукацыя платныя, а першыя тры дні хваробы на працы нават не аплачваюцца (не выдаецца бальнічны).
Цікавым фактам для мяне сталася тое, што ў свядомасці чылійцаў засталося ўяўленне, быццам людзі са светлай скурай нейкія асаблівыя. Магчыма, гэта ідзе яшчэ з часоў гішпанскіх канкістадораў. Прычым, гэтае ўяўленне досыць уплывае на грамадства. На мясцовым тэлебачанні можна пабачыць толькі людзей з еўрапейскай знешнасцю, шлюб чылійца з еўрапейкай лічыцца чымсьці надзвычайным, а чылійскія жанчыны дужа любяць фарбавацца пад бландынак.
Наогул Каця сказала, што народ Чылі збольшага індывідуалісты, якія заўжды маюць сваё меркаванне. І часта іх немажліва пераканаць, нават калі яны не правы. У чылійцаў сям'я стаіць на першым месцы і функцыянуе своеасаблівы культ дзяцей.
Я спытаў дзяўчыну, ці падабаецца ёй у нас на Браслаўшчыне, і ці не задумваецца яна вярнуцца на Радзіму. Каця сказала, што ў нашых краях яна ўжо не першы раз, успрымае азёрны куток нейк па-хатняму, тут вельмі утульна і прыгожыя людзі.
А думкі пра вяртанне калі-нікалі праскакваюць, бо ў Чылі ёй не стае культурнага жыцця, сярод знаёмых - усе пераважна іншаземцы, дый радзіма ёсць радзіма.
Гальляш Сялява,
фота аўтара і са старонкі FB Каці