Магія ткацтва — у браслаўскім музеі адкрылася новая выстава
Пакуль Браслаў вірліва рыхтуецца да фестывалю "Viva Braslav", у музеі традыцыйнай культуры ціха адкрылася выстава, прысвечаная ткацтву на Браслаўшчыне. У экспазіцыі багата твораў мастацтва з фондаў музея, а таксама рэчы, якія рабілі сучасныя майстры. Выстава будзе функцыянаваць да канца верасня, таму завітаць на яе часу хопіць.
Вельмі цікавай атрымалася спроба прасачыць развіццё гэтага старажытнага рамяства. Напачатку экспазіцыі наведвальніка чакаюць вертыкальныя кросны, распрацоўка паводле архелагічных звестак, зробленыя Юрыем Рулевічам. Штоцікава, станок працуе і вядомая майстрыха Людміла Рулевіч на розных мерапрыемствах паказвае гэтую не зусім звычайную для сённяшняга часу тэхніку.
Далей на выставе можна зірнуць разнастайныя ўзоры тканінаў 20 стагоддзя з фондаў музея, а таксама посцілкі, ручнікі, абрусы слынных ткачых Браслаўшчыны - спадарыні Чапулёнак, Чарнамордай і іншых. Ёсць тут і вырабы, зробленыя рукамі ткачых, якія працавалі (і працуюць) на базе МТК у розныя часы - Антаніны Кавалык, Анжэлы Лук'янец, Ганны Нікіфаравай, Наталлі Парахневіч.
Асобна варта прыкмеціць традыцыйныя народныя строі нашага рэгіёну - распрацоўка супрацоўнікаў музея на этнаграфічных крыніцах.
Але найбольш уражвае тое, што ткацкая справа на Браслаўшчыне жывая, чацьвёра варштатаў, якія стаяць на трэцім паверсе музея, ніколі не прастойваюць, функцыянуе адпаведны гурток, які вядзе Ганна Ставіцкая, а шмат хто з навучэнцаў прыдбаў сабе ўласныя кросны і тчэ дома ў сваё задавальненне.
Абавязкова завітайце на гэтую цікавую выставу, бо фотаздымкі і блізка не могуць перадаць хараство тэкстуры ды арнаментаў рушнікоў, абрусаў, посцілак...
Гальляш Сялява,
фота аўтара.