Гісторыя: Рыгор Мірскі з Браслаўшчыны - адзін з самых вопытных ваеначальнікаў ВКЛ XVII стагоддзя
Рыгор Мірскі, нашы зямляк быў адным з самых вопытных і здольных ваеначальнікаў ВКЛ XVII стагоддзя. Ён вызначыўся высокімі вайсковымі якасцямі, выдатна праводзіў дзёрзкія рэйды ў тыл праціўніка, быў здольны ўмела выкарыстоўваць усе віды зброі, арганізоўваць узаемадзеянне на поле бою. Сёння нашы партал раскажа пра яго падрабязней...
- Дакладная дата нараджэння Рыгора Мірскага невядомая. Нарадзіўся ён у сям'і браслаўскага падсудка Лукі Рыгоравіча Мірскага. Ваенную службу пачаў у 1600 годзе ў каронным войску пад камандаваннем Яна Замойскага, гэта быў час малдаўскіх войнаў Рэчы Паспалітай з Турцыяй. У гэтай вайне Мірскі трапіў у палон, але яму ўдалося вярнуцца на радзіму. Затым удзельнічаў у войнах Рэчы Паспалітай са Швецыяй у 1600 -1629 гадах, а потым і з Маскоўскім царствам у 1609 г. -1618 гадах.
?
Герб Бялыня роду Святаполк-Мірскіх, да якога належаў і Рыгор Мірскі
- Падчас чарговай вайны з туркамі ў перыяд з 1620-1621 год, Рыгор Мірскі зноў апынуўся ў палоне. За 1500 злотых, сабраных у Браслаўскім павеце, быў зноў выкуплены з палону (заўвага аўтара: можна меркаваць, што асоба Рыгора Мірскага была тут вядомая і браслаўцам было не шкада грошай на яго вызваленне).
- У 1625 годзе Мірскі завербаваўся паручнікам гусарскай харугвы ў войска Хрыстафора Радзівіла на вайну супраць шведаў. І 12 кастрычніка таго ж года на чале дзесяці конных харугваў рашучым штурмам адваяваў Мітаву (цяпер Елгава, Латвія).
- З 1632 па 1634 гг. Рыгор Мірскі ўдзельнічае ў Смаленскай вайне паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскім Царствам. Ён адным з першых прывёў пад сцены Смаленска сваю гусарскую харугву. У яго абавязкі ўваходзіла арганізацыя глыбокіх разведвальных рэйдаў на маскоўскай тэрыторыі, часам ён даходзіў нават да Верхняй Волгі. Пасля вайны за свае ваенныя заслугі быў прызначаны на пасаду стражніка Вялікага княства Літоўскага.
(Даведка: Стражнік вялікі літоўскі - ураднік у Вялікім Княстве Літоўскім, абавязкам якога было ў час знаходжання караля ў войску кіраваць пярэдняй стражай і загадваць каравулам у час пастояў).
- Значную ролю меў Р. Мірскі ў ліквідацыі казацка – сялянскіх выступленняў. У час паўстання Багдана Хмяльніцкага Рыгор Мірскі ваяваў супраць казакоў на захадзе ВКЛ. У 1648-ым годзе на шляху да Рэчыцы, падчас пераправы праз раку Бярэзіна, каля вёскі Горваль (сёння Гомельская вобласць, Рэчыцкі раён) быў разбіты войскамі казацкага палкоўніка Іллі Гаркушы. У кастрычніку таго ж года Мірскі пасля двух штурмаў захоплівае Пінск, які абаранялі казакі і гарадскія мяцежнікі. Пасля захопу горада ён дазваляе разрабаваць яго сваім салдатам, верагодна, з мэтай падаць ўрок іншым паўстанцам. Пасля, па яго загаду значная частка горада была спалена.
- У наступным 1649 годзе Рыгор Мірскі злучыўся з асноўнымі войскамі Януша Радзівіла і стаў яго галоўным памочнікам. У ліпені таго ж года, пры дапамозе подкупленного мясцовага насельніцтва, ён завабіў пад Рэчыцай у засаду і знішчыў атрад казацкага палкоўніка Пятра Галавацкага.
- 23 ліпеня 1649 года Мірскі вызначыўся ў бітве пад Лоевам. Яму ўдалося досыць надоўга затрымаць атрад гетмана Крычаўскага, які імкнуўся на дапамогу казакам Сцяпана Пабадайлы ў час іх пераправы праз раку. Бліжэй да канца бітвы Януш Радзівіл паслаў Мірскага да казацкага табара, каб не дапусціць аб'яднанне свежых казацкіх сіл з асноўным войскам. Хутка ацаніўшы абстаноўку, ён выбраў лепшае месца для расстаноўкі войскаў. На правым флангу размясціўся полк нямецкай пяхоты, на левым - татарская конніца, цэнтр занялі драгуны з палявымі гарматамі. Папярэдне абстраляўшы казацкі абоз з гармат і парваўшы ланцугі, якімі былі змацаваны паміж сабой казацкія вазы, Мірскі аддаў загад пяхоце і конніцы ісці ў атаку. Казакі з шаблямі не маглі супрацьстаяць узброеным пікамі салдатам і конніцы, якія, уварваўшыся ў табар, імгненна выразалі ўсю казацкую пяхоту.
- Праз два гады, 6 ліпеня 1651 года, - зноў прыйшлося змагацца пад Лоевам у бітве ля вёскі Рэпкі, і зноў супраць казакоў, на гэты раз узначаленых палкоўнікам Небабай. У тым баі яму ўдалося таемна пераправіць 2500 сваіх коннікаў праз раку Сож каля Гомеля, і выйсці ў тыл казакам. У выніку імклівай атакі раніцай, фактычна за гадзіну яму ўдалося захапіць пераправу. Казакі паспрабавалі адбіць яе, але былі цалкам знішчаны нечаканым флянгавым ударам асноўных войскаў ВКЛ.
- Пад камандаваннем Януша Радзівіла Мірскі прымаў удзел у ваеннай кампаніі 1654 года падчас вайны Маскоўскага царства з Рэччу Паспалітай 1654 – 1667 гг. Разам з Радзівілам падпісаў Кейданскую унію, за што быў абвешчаны здраднікам і пазбаўлены ўсіх пасад.
(Даведка: Кейданская унія — пагадненне часткі магнатаў і шляхты ВКЛ са шведскім каралём Карлам X Густавам, па якому Вялікае княства Літоўскае выходзіла з складу Літоўска-Польскай дзяржавы і ўступала ў федэратыўны саюз са Швецыяй. У планах было аднаўленне самастойнага княства Літоўскага пад апекай магутнай тады Швецыі. На год Браслаўшчына фактычна стала часткай Швецыі. Але большая частка шляхты не падтрымала гэты акт і нават многія прыхільнікі, незадаволеныя дзеяннямі шведаў, выступілі за аднаўленне польска-вялікакняскага саюза.)
- Памёр Рыгор Мірскі ў 1656 годзе ў Слуцку, куды ён адправіўся пасля антышведского паўстання ў Жамойціі. У яго было шэсць дачок і сын Геранім, які загінуў у 1654 годзе пад Шкловам на чале гусарскай харугвы ў бітве супраць маскоўскіх войскаў.
- У 1658 годзе Рыгора Мірскага амніставалі і даравалі яго за падпісанне Кейданскай уніі. А ў 1662 годзе яго разам з сынам ўрачыста перапахавалі ў Кальвініскім саборы, які, на жаль, не захаваўся.
Віктар Бунта,
настаўнік Кансталінская ДС-БШ
Пры напісанні матар’ялу былі выкарыстаны звесткі сайтаў:
vklby.com і govorim.by