«Васковыя таблічкі»: у браслаўскім музеі прэзентавалі новую кнігу Кастуся Шыдлоўскага
Сябры, сёння на нашым партале рэпартаж з прэзентацыі новай кнігі выбітнага браслаўскага даследчыка Кастуся Шыдлоўскага, якая прысвечана васковым таблічкам. Маладое пакаленне можа не ведаць імя гэтага чалавека, таму спачатку мы коратка пра яго распавядзем.
Хто такі Кастусь Шыдлоўскі?
Калі б можна было скласці суб'ектыўны топ браслаўчан-сучаснікаў, якія зрабілі важны ўнёсак у развіццё роднага краю, то Кастусь Шыдлоўскі адназначна займаў бы там першыя радкі.
Чалавек аддаў Браслаўшчыне 20 гадоў жыцця, ведае кожны ейны куток, напісаў шматлікую колькасць краязнаўчых матэрыялаў, выдаў дзясяткі брашураў, кніг, турыстычных даведнікаў, зладзіў некалькі міжнародных канферэнцый, зарганізаваў гістарычны часопіс «Павет», спрычыніўся да стварэння музея традыцыйнай культуры, падрыхтаваў процьму выстаў, удзельнічаў у экспедыцыях і археалагічных раскопках.
І гэты спіс можна было б працягваць яшчэ доўга, але сёння мы раскажам пра тое, што захапіла Кастуся і сталася выданнем кнігі «Васковыя таблічкі: погляд на мінулае і будучыню», прэзентацыя якой ужо адбылася ў некалькіх гарадах Беларусі, а на днях нарэшце завітала ў родны горад.
Васковыя таблічкі
Краязнаўца зацікавіўся гэтай тэмай падчас раскопак у Дрысвятах, калі ён пазнаёміўся са студэнтамі Пазнанскага ўніверсітэту. Яны распавялі Кастусю пра фестываль рэканструктараў у Біскупіне, куды неўзабаве паехалі два супрацоўнікі браслаўскага музея. Пасля іх паездкі ў музеі стала фармавацца рэканструктарская суполка, у якой кожны займаўся пэўным рамяством. Кастусь вырашыў заняцца васковымі таблічкамі, бо тэма была недаследаваная, цікавая, тым больш у Дрысвятах якраз былі знайшлі праселка з літарамі, а ў Рацюнках (гарадзішча пад вёскай Літоўшчына – рэд.) – пісала.
Прыемна было даведацца, што нашыя продкі пісалі стылямі па воску, як і іншыя цывілізацыі!
Першая спроба рэканструкцыі была не самая ўдалая, але паступова пачало расці майстэрства ў вырабе таблічак, назапашвацца веды, і складацца калекцыя.
У Польшчы рэканструктары былі прыняты вельмі цёпла, з'явілася шмат знаёмстваў, некаторых нават запрасілі на працу. Зараз Кастусь працуе пад Шчэцінам у Цэнтры вікінгаў і славян, але штогод прыязджае дадому на 3 месяцы.
Гістарычная даведка
На прэзентацыі кнігі стала зразумела, што Кастусь Шыдлоўскі ці не самы буйны даследчык па васковых таблічках на ўсходнеславянскіх землях, а мо і наогул у Еўропе. Бо столькі цікавых фактаў, гісторый і дэталяў пра вельмі спецыфічную тэму ніколі не даводзілася пачуць. У калекцыі аўтара некалькі сотняў фатаздымкаў таблічак з розных гравюр, карцін, фрэсак, і вялізная ўласная калекцыя, у якую штогод дадаюцца новыя творы.
Зрэшты, сам Кастусь сціпла заўважыў, што ў кнігу ўвайшло збольшага тое, што датычна Беларусі, а калі б ён рабіў агляд сусветны, то кніга атрымалася ў некалькі разоў таўсцейшай.
Цікава было дазнацца, што на нашыя землі традыцыя пісання на васковых дошчачках прыйшла з Месапатаміі праз Рым і Візантыю прыблізна ў Х ст. і дажыла ажно да ХІХ ст. На «васкоўках» звычайна рабілі гаспадарчыя ці гандлёвыя разлікі, дзеці вучыліся пісаць.
А яшчэ выявілася, што ў нас знойдзена багата стылусаў для пісьма – касцяных, медных і жалезных. Дарэчы, першая згадка стылуса належыць Францішку Скарыну, а на ягонай гравюры-аўтапартрэце аўтар выявіў дзве таблічкі.
Сябры, калі хтось хацеў завітаць і падтрымаць нашага краязнаўцу, але ў вас не атрымалася, то вы можаце прыдбаць кнігу непасрэдна ў Кастуся, або ў інтэрнэт-краме knihi.by
тэкст, фоткі, відэа - Гальляш