«ТэкСТЫЛЬ» Наталлі Парахневіч: у браслаўскім музеі адкрылася новая выстава
«Мой тэкСТЫЛЬ» ‒ у нядзелю ў музеі традыцыйнай культуры адкрылася выстава аўтарскіх кампазіцый Наталлі Парахневіч. Наведвальнікі ўбачылі тэкстыльныя працы, для стварэння якіх выкарыстоўваліся традыцыйныя тэхнікі ткацтва і вязання. Адкрыццё выставы атрымалася ўтульна-сямейным: у зале прысутнічалі людзі, блізкія сэрцу і духу творцы.
Наталля Парахневіч
«Сёння мы адчыняем яшчэ адны дзверы: у дэкаратыўную творчасць, у аўтарскае майстэрства... Сённяшняя выстава ‒ гэта сапраўдная феерыя фарбаў, фактур, розных аб’ёмаў. Гэта сапраўдная карусель, якая аб’ядноўвае ў адзінае цэлае творчасць і майстэрства Наталлі Парахневіч, яе незвычайнае працалюбства», ‒ адзначыла загадчыца музея Элеанора Зінкевіч.
Элеанора Зінкевіч
Сябра і калега мастачкі Валерый Зінкевіч павіншаваў Наталлю з адкрыццём новай выставы і парадаваў прысутных выкананнем музычных твораў на беларускай дудзе.
Валер Зінкевіч
Па словах спадарыні Наталлі, тэкстыль стаў творам мастацтва не так і даўно: толькі ў мінулым стагоддзі. Спачатку ён «перайшоў» у карціны, потым ‒ у іншыя арт-аб’екты.
«Кожны мой твор мае сваю назву, але вы можаце ўяўляць нешта сваё, ‒ пачала каментаваць выставу мастачка. ‒ Дарэчы, усе мае працы, не такія ўжо глыбокія, як можа падацца. Ёсць толькі замілаванне. Я вельмі люблю глядзець на нешта прыгожае, тады ў маёй душы ўзнікае пэўны водгук... Найперш мяне натхняюць колеры. ‒ Пасля я ўжо думаю, што можа быць у такіх колерах, якая тэхніка (двухнітовае ткацтва, ткацтва паясоў ці вязанне). Схема малюецца, але звычайна яна зразумела толькі мне. У ткацтве можна дазволіць сабе аб’ём і прастору».
Сапраўды, разнастайнасць і насычанасць колераў уражвае, прымушаючы наведвальнікаў спыніцца на пэўны час каля кожнага экспаната, каб сузіраць тканыя палотны. Ты наўпрост знікаеш у вялікіх аб’ёмах, застаешся з імі сам-насам, са сваімі ўяўленнямі і вобразамі.
«Хтосьці можа сказаць, што гэта выстава непатрэбных рэчаў. Сапраўды, гэта абстрактныя рэчы, якія цяжка ўявіць, напрыклад, у інтэр’еры. Але мне гэта цікава. Гэта прастора, у якой я адчуваю сябе вольным чалавекам. Гэта мой уласны спосаб барацьбы з трывогамі, страхамі, несвабодай», ‒ дадала Наталля Парахневіч.
Далучыцца да свету тэкстылю можна цягам месяца: выстава будзе працаваць да 20 ліпеня.
тэкст і фота - Святлана Жылевіч