Ля браслаўскай гімназіі ўсталявалі фотавыставу «Праекты ў асобах»
Каля браслаўскай гімназіі да 8 ліпеня можна зірнуць вулічную фотавыставу "Праекты ў асобах", прысвечаную актыўным людзям нашае краіны. Упершыню яна была адкрыта 1 ліпеня 2015 года, і цягам часу завітвала ў вялікія і малыя гарады Беларусі. Сёлета выстава прысвечана зялёнай эканоміцы, развіццю сельскіх тэрыторый, турызму і культуры, бізнесу і адукацыі, а таксама інклюзіўным распрацоўкам.
На выставе дэманструюцца ініцыятывы, якія ладзяцца пры дапамозе Еўрасаюзу. На стэндах размешчаны вынікі розных праектаў. На адным баку стэнду месціцца інфаграфіка і структура ініцыятыў, а на другім - партрэты людзей, якія аказалі станоўчы ўплыў на свой рэгіён. Аўтарка здымкаў - Юлія Мацкевіч.
Прыемна, што сярод партрэтаў ёсць і нашая зямлячка - дырэктарка гімназіі Людміла Каптур, якая актыўна прымае ўдзел у распрацоўцы праектаў, прысвечаных энэргаэфектыўнасці і энэргазберажэнню.
Фотавыстава “Праекты ў асобах” агулам наведае 14 гарадоў Беларусі і фінішуе ў Віцебску 9 снежня.
тэкст і фота - Гальляш Сялява