Вандроўка ў сэрца Ельні: турысты з Браслаўшчыны пакарылі верхавое балота
Працягваем тэму вандровак! У сярэдзіне чэрвеня з Друі пад кіраўніцтвам Міхала Ставіцкага і яшчэ 2 педагогаў стартавала, бадай, першая дзіцячая каманда з Браслаўскага раёну, якая прайшла балота Ельня. Выправа атрымалася камбінаваная - веласіпедна-пешаходная, ступеневая. Вучні гуртка "ВелаЭкаФотатурызм" і выхаванцы летніка Друйскай школы агулам пераадолелі каля 100 кіламетраў на роварах, і 20 км пешшу, выпрабавалі свае сілы, і пазнаёміліся з унікальным прыродным ландшафтам.
Маршрут:
Друя - Мілашова - Мёры - візавы Центр заказніка Ельня - Сухавержжа - балота (азёры Курганістае, Ельня, Чорнае) - экасцяжынка "Азяраўкі" - Друя
"Тэарэтычна з балотам мы азнаёміліся ў візавым цэнтры, дзе для нас правялі вельмі цікавую і пазнавальную экскурсію [вялікі дзякуй супрацоўніцы Марыне Гернат!]. Найцікавейшым атрымалася пешае падарожжа па некранутым балоце. Дзецям яно найлепш. Спачатку прайшлі 800 метраў гаці, пераход да возера Курганістага, якое адметна мноствам астраўкоў-курганкоў. Яно лічыцца самым прыгожым у заказніку, і прываблівае мноства мастакоў і фатографаў.
Далей шлях рушыў па натуральным верхавым балоце, 7 км у адзін бок. Але ісці было весела, раз-пораз правальваючыся па калена ў мокры торф. Сапраўднай перашкодай стаў пераход Дульскага канала. Як рэкамендаваў дырэктар заказніка Іван Барок, яго фарсіравалі па штучнай пластыкавай плаціне.
Чым бліжэй падыходзілі да цэнтра балота, тым сушэй рабілася паверхня, бо ландшафт там нібы шапка, з сярэдзінай-пагоркам. Вельмі ўразіла возера Ельня. Яно такое вялікае, што супрацьлеглы бераг выглядае вузенькай палоскай на гарызонце.
Далей нас чакаў пераход да Еленскага вострава, а ў Сухавержы мы паставілі намёты і развялі вогнішча. На стаянцы з выхадам да возера Чорнае, з прыгожым пясчаным пляжам у нас была днёўка. А на адваротным шляху дзеці паставілі рэкорд хуткасці, пераадолеўшы 7 км па балоце да выхаду за паўтары гадзіны.
На трэці дзень пазнаёміліся з самым папулярным, і разам з тым лёгкім маршрутам - экасцяжынай "Азяраўкі", дзе па балоце можно гуляць нават у тэпціках. Але пасля дзікага балота такі варыянт падарожжа юных вандроўнікаў не ўразіў. Затое наваколле, яго знешні выгляд, расліны, жывёлы, якія насялаюць Ельню, надоўга запомняцца дзецям. Многія адзначалі, што тут вельмі камфортна. Тады мы яшчэ не ведалі, што у Ельні ёсць эфект, які прыцягвае нібыта магніт, і сюды хочацца вяртацца зноў і зноў."
А вось ТУТАКА можна зірнуць больш здымкаў.
тэкст і фота - Міхал Ставіцкі