Батлейка ў Кансталіне! (фотарэпартаж)
У Кансталінскай базавай школе, якая лічыцца адной з самых вялікіх сельскіх навучальных устаноў, шчыра кажучы, мне давялося пабыць упершыню. Цяпер тут ва ўтульнай атмасферы, пад пільным вокам калектыва педагогаў-выхавацеляў вучацца 66 дзяцей.
Тры гады таму іх было амаль у два разы больш. На жаль, сумная статыстыка, калі сельскія школы зачыняюцца, з кожным годам не зменьваецца. Але тыя, што яшчэ працуюць, пакідаюць уражанне добрай хатняй абстаноўкі, дзе для дзяцей ствараюць усе ўмовы, каб развіваць іх у інтэлектуальным і маральным планах.
Дырэктар школы Святлана Курбан пажадала ў святочны калядны час паказаць дзецям народны лялечны тэатр (батлейку), а разам з тым пазнаёміць іх з дудой, беларускім інструментам, які ўжо стаў папулярным у вялікіх гарадах, і паступова вяртаецца ў рэгіёны. На яе запрашэнне адгукнуліся супрацоўнікі музейнага аб’яднання, якія сёлета ўжо не раз паказвалі батлеечныя прадстаўленні ў нашым раёне. Для дзетак яны паставілі традыцыйны калядны твор “Цар Ірад”, а самі вучні зладзілі некалькі сцэнак, у якіх дэкламавалі вершы і спявалі. Прыемна было назіраць за тым, як шчыра малыя рэагуюць на лялечнае дзейства, смяюцца і каментуюць тое, што бачаць.
Госцем мерапрыемства стаў праваслаўны святар Ігар Чачуковіч, які расказаў школьнікам пра Раство і нараджэнне Хрыста, пажадаў усім прысутным здароўя, дабра, узаемаразумення і паслухмянасці, а таксама правёў для малых невялікую віктарыну.
У цэлым міні-імпрэза атрымалася светлай і ўрачыстай, а яе госці выказалі жаданне яшчэ не раз завітваць на сустрэчы са школьнікамі, бо духоўнае выхаванне вельмі істотная для грамадства рэч.
Гальляш Сялява.
Фота аўтара.