Jump to navigation

Braslaw.by
Портал браславского региона
Поддержать Барахолка
  • Новости
  • Работа
  • Организации
  • Музей
  • Реклама
  • О нас

Форма поиска

Следите за нами в социальных сетях

Вы здесь

  1. Главная ›
  2. Новости ›

Уладзімір Жабёнак - памідорны магнат з Мёраў, які ўпэўнены, што беларуская веска адродзіцца

уладзімір жабёнак памідоры сядзіба аратага
12.09.2018

Ва ўсіх справах патрэбны энтузіязм, у тым ліку і ў адраджэнні беларускай вёскі. Нядаўна мы пазнаёміліся з адным з гэткіх энтузіястаў. Жыхар Мёраў Уладзімір Жабёнак у вёсцы Лінкоўшчына вырошчвае экалагічна чыстыя памідоры, за якімі прыязджаюць нават з Браслава. Людзі прыязджаюць на палеткі і збіраюць гародніну самі - вялізная колькасць сартоў, смак і танны кошт гэта апраўдваюць. Таксама пан Уладзь варыць у сябе на лецішчы таматны сок, вырошчвае кавуны, і гарыць экалагічным турызмам. Мы завіталі да яго ў госці і пацікавіліся, як ідуць справы.


siadziba_arataha4.jpg

- Спадар Уладзімер, скажыце, калі ласка, а дзе вы нарадзіліся і вучыліся?

- Я нарадзіўся ў весцы Краснае, дзесьці 25 км адсюль. Пасля заканчэння школы ў 1982 годзе паступіў у лепшы аграрны ВНУ Еўропы - Беларускі аграрны тэхнічны універсітэт. Скончыў яго ў 87-м і размеркаваўся ў свой калгас. Там 3,5 гады працаваў загадчыкам майстэрні, але калгасная справа мне не дужа падабалася. Таму, калі даведаўся пра закон аб фермерскіх гаспадарках, вырашыў паспрабаваць сябе ў гэтай сферы. Гэта яшчэ ў 1991 годзе было, пры Саюзе. 

siadziba_arataha2.jpg

- А колькі вам гадоў?

- 53. 

- То файна выглядаеце.

- Бо памідораў шмат ем! (смяецца).

siadziba_arataha21.jpg

- І што вы пачалі вырошчваць у 1991 годзе?

- Кавалак зямлі далі адразу невялікі, я пачаў з гародніны і бульбы.

- А калі прыйшлі да таго каб маштабна вырошчваць памідоры?

- Я іх з самага пачатку крыху вырошчваў, але было мала досведу. А прыйшоў да памідораў, бо яны карыстаюцца попытам. Цяпер спрабую балансаваць - каб і не дужа дорага было (50 капеек за кілаграм - рэд.), і па якасці годна. Ёсць, канешне, памідоры ў нашым регіёне і таннейшыя, чым у мяне, але тут людзі могуць самі збіраць, выбіраць. Дый ведаюць, што вырошчваю без усялякіх пестыцыдаў. 

siadziba_arataha38.jpg

- А з якога года вы масава сталі вырошчваць памідоры?

- Недзе з 2013-га.

- А скуль да вас прыязджаюць людзі па памідоры?

- У асноўным мясцовыя, я рэкламу раблю на Мёршчыну і суседнія раёны, але прыязджаюць і з Менску, Полацку. Некаторыя знаходзяць мяне праз сацыяльныя сеткі , ці чулі пра брэнд "Сядзіба аратага" ў артыкулах, ці ад знаёмых. 

- А дзе зараз стала жывяце? 

- Жыву пакуль у Мёрах, але планую адрамантаваць тут хату. Вельмі хачу развіваць экатурызм - спалучэнне сельскай гаспадаркі з турызмам. Пачакайце калі ласка, пайду займуся сокам таматным, ён таксама экалагічна чысты.

Рушым у хату, каб паназіраць, як выціскаюць сок з памідораў. Там знаходзім акуратны шэраг закатаных слоікаў.

siadziba_arataha19.jpg

siadziba_arataha17.jpg

siadziba_arataha16.jpgsiadziba_arataha18.jpg

Пасля таго, як сок выціснуты, яго трэба варыць, ажно пакуль не закіпіць. Тут галоўнае не перастарацца, бо ад часу варэння залежыць смак гатовай прадукцыі.

siadziba_arataha7.jpg

siadziba_arataha5.jpgsiadziba_arataha10.jpg

А потым спадар Уладзімер па-майстэрскую паказвае, як трэба пераліваць экалагічна чысты сок з памідораў у трохлітровыя слоікі, і частуе нас. Вельмі смачна!

І па сакрэце дзеліцца рэцэптам: бярэш стакан соку, дадаеш пару лыжак смятаны - вось вам і зімовы салат з памідораў гатовы. Смачна і здорава! 

siadziba_arataha9.jpgsiadziba_arataha8.jpg

siadziba_arataha14.jpg

Падсілкаваўшыся сокам, працягваем размову: 

- А чаму вы вырашылі развіваць экатурызм? 

- Бо для Беларусі гэта самы пэрспектыўны напрамак. У нас ёсць зямля, на якой шмат чаго расце, ёсць некранутая прырода. Паазер'е наогул адзін з найлепшых рэгіёнаў для гэтай сферы. Гайда пакажу вам сваю памідорную "плантацыю". 

 

siadziba_arataha30.jpg

siadziba_arataha41.jpgsiadziba_arataha40.jpg

siadziba_arataha34.jpg

siadziba_arataha31.jpgsiadziba_arataha33.jpg

siadziba_arataha35.jpg

На полі людзі старанна выбіраюць памідоры. Мы запытваемся у некаторых пакупнікоў, чым іх вабіць гародніна спадара Жабёнка.

Іна:
- Я сама з Дрысенскага раёна, прыехала сюды па памідоры ўпершыню, але мне падабаецца тут і кошт, і якасць. Мы тут і памідораў назбіралі, і адпачылі на прыродзе. 

siadziba_arataha29.jpg

Раман Ілліч:
- Мы тут купляем пастаянна. Памідоры - і якасць, і кошт мяне задавальняюць. 
siadziba_arataha28.jpg
Да размовы зноў далучаецца спадар Уладзь: 
- У мяне зараз растуць беларускія і польскія сарты. Нашы жоўты аранж людзям надта падабаецца. А для экзотыкі пасадзіў польскі сорт чэрры. 
- А не замалыя гэтыя чэрры для нашых людзей? 
- Ну асабліва лянівыя не бяруць (смяецца), але большасць бярэ, бо ў нас ягадны край, і людзі досыць цярплівыя. Дый ёсць у гэтым нейкі азарт.

siadziba_arataha37.jpg

- А ці верыце вы, што беларуская вёска адрадзіцца? 
- Я веру, што ўсё будзе добра, бо без вёскі ў Беларусі няма будычыні. Яна - аснова культуры нашай краіны і перспектыва развіцця турызму на Беларусі, у першую чаргу экалагічнага і этнаграфічнага. Вось чаму еўрапейцы едуць да нас глядзець нашу прыроду? У іх у 20-м стагодзі была прамысловая рэвалюцыя, і яны вынішчылі сваю прыроду - сваіх былот у іх няма, а ў нас ёсць. І мы павінны ўсё гэта багаццё берагчы, і навучыцца зарабляць на гэтым. Таму беларуская вёска абавязкова адрадзіцца, інакш быць проста не можа! 

siadziba_arataha39.jpg
Пасля такіх упэўненых слоў сапраўды верыцца што беларуская вёска будзе жыць, асабліва калі ёсць такія аптымістычныя энтузіясты як Уладзімір Жабёнак, якія любяць сваю зямлю і ўмеюць на ёй працаваць.


тэкст - Мікіта Пастухоў

фота - Галляш Сялява

© Braslaw.by — портал браславского региона, 2012 - 2021
Все права защищены. Полное или частичное копирование
материалов возможно только с указанием индексированной ссылки на ресурс.