У браслаўскім музеі традыцыйнай культуры адкрылася выстава абразоў
У гэтую пятніцу ў музеі традыцыйнай культуры адкрылася аўтарская выстава абразоў мастачкі з Маладэчна - Ядзвігі Сянько. Жанчынай напісана больш за 2000 твораў, шматлікія з іх знаходзяцца ў калекцыях у Расіі, Украіне, Польшчы, Нямеччыне, ЗША і іншых краінах, а экспазіцыя ў Браславе стала ўжо 212-й персанальнай выставай у ейным жыцці. Вашай увазе невялікі фотарэпартаж з адкрыцця.
Творчы шлях Ядзвігі ў хрысціянскай тэматыцы пачаўся ў 1997 годзе. Тады па бласлаўленні Філарэта яна піша спісы з усіх вядомых у праваслаўным свеце абразоў. Яе працы можна пабачыць у шматлікіх храмах Беларусі і за яе межамі, а таксама ў музеях нашай рэспублікі.
На пачатку мерапрыемства для наведвальнікаў выступілі выкладчыкі з браслаўскай школы мастацтваў. Атрымалася пранікнёна і шчыра.
З 2003 года мастачка пачала актыўна вандраваць з выставамі, у 2012 годзе яе творы нават экспанаваліся ў гарадах Арменіі, за што жанчына была ўзнагароджана Дыпломам і Ўдзячнасцю за асабісты ўклад у развіццё армяна-беларускіх сувязяў.
Абавязкова завітайце зірнуць на гэтую цудоўную выставу!
фота і відэа аўтара