На Браслаўшчыну вярнулася батлейка! (фота, відэа)
У нашы час традыцыйны лялечны тэатр “батлейка” перажывае вялікую хвалю папулярнасці. Калі раней яго пастаноўкі былі ў асноўным на рэлігійную, і ў прыватнасці біблейскую тэматыку, то цяпер ён развіваецца, як дзіцячы і калядны тэатр.
Дарэчы, батлейка вядомая на тэрыторыі Беларусі з 16 стагоддзя і трапіла да нас з Польшчы і Украіны, а генетычна ўзыходзіць да заходнееўрапейскіх містэрый. Яе ўзнікненне звязана з каляднымі святамі, а распаўсюду батлейкі паспрыялі вандроўныя семінарысты, якія ўносілі ў рэпертуар сюжэты школьнага тэатру.
У часы Асветніцтва батлееечныя прадстаўленні ладзіліся ў драўлянай скрыні са статычнымі або рухомымі лялькамі. Іх дзеянні суправаджаліся вершаваным дыялогам, песнямі. У прадстаўленнях, прымеркаваных да калядных свят, паказваліся біблейскія сцэны нараджэння Хрыста, пакланення яму пастухоў і каралёў-вешчуноў, пераследу жорсткім царом Ірадам нявінных немаўлятак. У рэпертуар батлейкі, побач з рэлігійнай п'есай «Цар Ірад», народнай драмай «Цар Максіміліян», уваходзілі і жанравыя сцэны, інтэрмедыі
Сцэнай для прадстаўлення батлейкі звычайна служыла двух’ярусная драўляная скрыня, дзеі пастановак адбываліся ў верхнім і ніжнім ярусах. Батлейшчыкі вадзілі драўляныя лялькі на стрыжнях, а сцэну, што нагадвала балкон, на якім адбывалася дзеянне, аздаблялі тканінай. Лялек рабілі з дрэва, каляровай тканіны, валасы і вусы — з лёну ці аўчыны, вопратку шылі з тканіны.
У Браславе па ініцыятыве загадчыцы музея традыцыйнай культуры Элеаноры Зінкевіч батлейка ладзіцца вось ужо трэці год запар. Скрыню для яе зрабіў вядомы майстар Міхал Парахневіч, статычныя фігуркі выразаў Пятро Друсь, а цудоўныя лялькі шыла Марыя Дворская.
Сёлета супрацоўнікі музея паставілі традыцыйную п’есу пра цара Ірада, і пашырылі геаграфію сваіх выступаў у межах раёна. Так, па запрашэнні ксяндзоў, акторы наведалі браслаўскі касцёл, Друйскі і Друянскі храмы, а таксама ахрэмаўскі дом культуры. Найбольш спадабаліся іх выступы малым дзецям, якія перажывалі ўсё так, як быццам дзеянне адбывалася нажывую. Будзем спадзявацца, што рэпертуар батлешчыкаў з цягам часу пашырыцца, а з невялікага лялечнага тэатра батлейка вырасце ў арыгінальны рэгіянальны прафесійны тэатр.
Гальляш Сялява.
Фота Андрэя Бурца.
Відэа будзе пазьней