Інтэрв'ю з Галінай Падалян - першым дырэктарам браслаўскага краязнаўчага музея
Галіна Падалян (на здымку справа) працавала дырэктарам Браслаўскага гісторыка-краязнаўчага музея з дня яго адкрыцця ў 1986 годзе. Яна – чалавек надзвычай вялікай энергіі і таленту.
Дзякуючы яе намаганням і з дапамогай калектыву энтузіястаў музейнай справы былі адкрыты экспазіцыі гісторыка-краязнаўчага музея і музея традыцыйнай культуры, арганізаваны клуб народных майстроў “Ля возера” і, як вынік, Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў. За сваю творчую і арганізатарскую дзейнасць жанчына ўзнагароджана Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускага фонду культуры, атрымала званне “Жанчына года Віцебшчыны ў сферы культуры, мастацтва і сродкаў масавай інфармацыі”. Супрацоўнікі музея Ілля Вашкель і Вольга Міцюн узялі інтэрв’ю ў гэтай цудоўнай жанчыны.
- Галіна Станіславаўна, раскажыце, калі ласка, чым вас прыцягвала праца ў музеі.
- Сапраўды, музейная справа вельмі зацягвае. Яе трэба ведаць і ўмець арыентавацца ў самых розных галінах. У канцы 1980-х гадоў у нашым раёне ўзнікла неабходнасць стварэння гісторыка-краязнаўчага музея. Пасля пераезду ў 1986 годзе ў Браслаў мне прапанавалі стаць яго дырэктарам. Таму мяне накіравалі на курсы дырэктараў музеяў. Падчас навучання давялося пабачыць музеі Беларусі і Літвы.
- Што лягло ў аснову экспазіцыі гісторыка-краязнаўчага музея? Ці змянялася яна з цягам часу?
- Пачыналі працаваць з тым, што нам засталося са школьнага музея СШ №1, які быў створаны Аляксандрам Гарэлікам. Гэта было 80 адзінак, на жаль, не ўсе яны захоўваліся належным чынам, толькі невялікую частку мы змаглі прыняць у фонды. Але гэта былі вельмі каштоўныя рэчы: шмат манет, альбомы з фатаграфіямі і падборкай газет. А, напрыклад, егіпецкая фігурка Ушэбці, частка рыцарскіх даспехаў, двухствольны пісталет 19 ст. сталі часткай асноўнай экспазіцыі. Да яе адкрыцця ў 1988 годзе ў музеі ўжо налічвалася больш за чатыры тысячы экспанатаў, сабраных сваімі сіламі.
Аўтарам навуковай канцэпцыі экспазіцыі стаў наш супрацоўнік Кастусь Шыдлоўскі. Яна была зацверджана абласным краязнаўчым музеем і Міністэрствам культуры. Асноўная яе частка захавалася з моманту адкрыцця. Амаль усе экспанаты музея – гэта арыгіналы, некаторыя з іх былі перададзены ў фонды іншых музеяў.
- Калі ў вас узнікла ідэя стварэння музейнага аб’яднання?
- У нас было шмат экспанатаў, якія не было дзе паказаць. Узнікла неабходнасць у дэманстрацыі рамёстваў і спадчыны нашага краю. Падчас паездак па вёсках мы бачылі: майстры ёсць, яны працуюць на кроснах, займаюцца пляценнем і г.д. Паўстала неабходнасць прасіць будынак для стварэння дома рамёстваў, карыстацца адзінымі фондамі, а потым стварыць музейнае аб’яднанне. На базе музея пачаў дзейнічаць клуб майстроў “Ля возера”, нашы метадысты пераймалі народнае мастацтва ў майстроў Браслаўшчыны, а потым стварылі гурткі па пляценні, ткацтве, ганчарстве, разьбе па дрэве. У 1992 годзе ў музея з’явілася адзінае фондасховішча. Існавала канцэпцыя па стварэнні комплекса традыцыйнай культуры: для выстаў, правядзення заняткаў, пражывання і харчавання, якія б маглі наведваць майстры і госці з іншых рэгіёнаў. Большая частка гэтых ідэй была рэалізавана ў форме дома рамёстваў, пазней музея традыцыйнай культуры і ў 1996 годзе было створана Браслаўскае музейнае аб’яднанне.
- Галіна Станіславаўна, браслаўчане з удзячнасцю ўспамінаюць традыцыйныя выставы кветак. Як яны праводзіліся?
- На нашу ініцыятыву людзі вельмі шчыра адгукнуліся. Свята кветак адбывалася ў ліпені. У музеі ўсе залы напаўняліся самымі рознымі букетамі з арыгінальнымі назвамі і анатацыямі. Гледачы шляхам галасавання выбіралі лепшыя букеты, іх аўтары атрымоўвалі падарункі. Гэта свята неаднаразова праводзілася і на Замкавай гары, і падчас свята рамёстваў у музеі традыцыйнай культуры. Акрамя таго, кожны год мы самі выбіралі лепшы палісаднік у горадзе і ўзнагароджвалі яго ўладальнікаў. Сёння вельмі прыемна бачыць, як выглядаюць вуліцы нашага горада, паўсюль шмат прыгожых кветак.
- Дзякуем за размову.