Будынку браслаўскага краязнаўчага музея ўжо 80 гадоў! (архіўнае фота)
Як і павінна быць, будынак музея мае багатую і месцамі таямнічую гісторыю. Усім знаёмы драўляны асабняк на рагу вуліц Савецкая і Энгельса паўстаў, паводле ўспамінаў, у 1933 годзе па ініцыятыве двух братоў з яўрэйскай сям’і Магата.
Прозвішча і дало назву друкарні, якая тут размясцілася. Пры ёй можна было набыць фотапрыналежнасці, канцылярскія тавары, святочныя ўпрыгажэнні. Частку будынка займалі жылыя пакоі, дзе падчас летніх канікулаў, верагодна, прыпыняўся вядомы даследчык і аўтар прац па гісторыі Браслаўшчыны Отан Гедэман (памятная шыльда ў яго гонар зараз усталявана на фасадзе музея).
Тут выдаў свае першыя зборнікі вершаў Юзаф Буйноўскі – на той час выкладчык гімназіі, а ў будучым вядомы эсэіст, паэт, крытык і даследчык літаратуры. Паэтычны зборнік Яна Стахуры таксама пабачыў свет тут у 1935 годзе. У 1938 годзе друкарня “Магата” падрыхтавала і выпусціла першы нумар грамадска-літаратурнага квартальніка гімназіі “Хадзем наперад”. Незадоўга да вайны ўладальнікі друкарні выехалі ў Ліду, дзе і загінулі ў мясцовым гета.
Калі ў Браславе ўсталявалася савецкая ўлада, то друкарню нацыяналізавалі і неўзабаве пачалі друкаваць раённую газету “Звязда”. Вядома, што ў 1940 годзе ў друкарні працавалі 14 чалавек. Такім чынам, яна была адным з самых буйных прадпрыемстваў Браслава, бо болей людзей налічвалася толькі на цагляным заводзе. Падчас акупацыі друкарня працягвала сваю працу па выпуску абвестак, бланкаў. А пасля вызвалення першы нумар раёнкі друкарня выпусціла 22 ліпеня 1944 года. З той пары да сярэдзіны 1980-х гг. тут выходзіла мясцовая газета.
А з 1988 года будынак прымаў ужо наведвальнікаў гісторыка-краязнаўчая музея, шэсць экспазіцыйных залаў якога размясціліся ў былой друкарні. Першапачаткова і фонд музея, які складаўся з 4 тысяч адзінак, займаў прастору будынка, але ў сучаснасці ён падвоіўся амаль у шэсць разоў і складае амаль што 24 тысячы музейных прадметаў, таму і давялося арганізаваць фонды ў асобным будынку.
Сярод захоўваемых рэчаў ёсць шмат цікавых музейных прадметаў, якія ўнесены у Дзяржаўны каталог музейнага фонду Рэспублікі Беларусь і лічацца ўнікальнымі. Так, за мінулы і бягучы год у Дзяржаўны каталог уключаны амаль дзве сотні прадметаў Браслаўскага музейнага аб’яднання – гэта непаўторныя матэрыялы археалагічных раскопак, калекцыі выяўленчага мастацтва, збор філакарціі з фотапаштоўкамі Адольфа Бейнаровіча 1930-х гг., узнагароды, прадметы культу. Праца па ўключэнні ў дзяржаўны каталог ідзе і сёння. Усё, што рупліва назапашана музейнымі супрацоўнікамі, неаднойчы яшчэ здзівіць наведвальнікаў экспазіцый і выстаў гісторыка-краязнаўчага музея.
Ганна Базарэвіч,
галоўны захавальнік фондаў краязнаўчага музея.
Фота з фондаў музея