У браслаўскім музеі традыцыйнай культуры функцыянуе выстава ручнікоў (фотарэпартаж)
Адной з самых істотных рэчаў у беларускім побыце здаўна лічыўся тканы ручнік. Гэты прадмет народнага мастацтва пэўным чынам звязвае мінулае і будучыню. У апошнія два дзесяцігоддзі яму ўдзялялі асаблівую ўвагу даследчыкі традыцыйнай культуры, якія вандравалі па Беларусі, накоплівалі інфармацыю і рыхтавалі паводле яе шматлікую колькасць выстаў розных узроўняў. Гэтай тэме прысвечаны шэраг артыкулаў, некалькі кніг, неаднойчы ладзіліся канферэнцыі.
У нашым раёне таксама ішла карпатлівая праца па папаўненні фондаў музея, назапашванні звестак па тэхніках ткацтва і значэння ручніка ў жыцці чалавека. Таму музей традыцыйнай культуры падрыхтаваў для жыхароў і гасцей горада экспазіцыю, у якую ўвайшлі самыя прыгожыя ручнікі з калекцыі, што ў цэлым налічвае каля сотні адзінак.
На адкрыццё выставы прыйшлі шмат людзей, якія цікавяцца традыцыйнымі рамёствамі і жадаюць даведацца пра іх больш. Загадчыца музея Элеанора Зінкевіч правяла для іх маштабную вандроўку ў свет ткацтва. Жанчына расказала, што побыт браслаўчан 19-пач. 20 стст. немагчыма было ўявіць без ручніка. Прычым вылучаліся не толькі штодзённыя “ўціральнікі”, якія выкарыстоўваліся для выцірання твару і рук, ці “скарачы” для посуду, але і абрадавыя, што з’яўляліся часткай рытуалаў, якія суправаджаюць жыццё чалавека – радзіны, хрэсьбіны, вяселле, пахаванне і іншыя.
Так, слухачы даведаліся, што пры родах парадзіха трымалася за ручнік, прывязаны да бэлькі, каб суцішыць боль, а яшчэ адін дарылі павітусе на хрэсьбінах. А на вяселле асноўную частку пасагу нявесты складалі тканыя ручнікі, якіх магло налічвацца часам нават некалькі дзясяткаў. Ручнік выкарыстоўваўся пры сватанні, запросінах, заручынах, калі ім звязвалі рукі маладых. Дарэчы, гэтая практыка захавалася і ў наш час. Некаторыя пары ладзяць вяселлі ў традыцыйным стылі, і пры заручынах пад ногі ім сцеляць ручнік-абярэг. Важную ролю прадмет традыцыйнай культуры адыгрываў і ў пахавальным абрадзе: пакуль у хаце ляжаў нябожчык, за акно вывешвалі ручнік, ім жа аббівалі і дамавіну.
Ручнікі выкарыстоўваліся ў каляндарнай абраднасці на розныя святы, імі ў якасці абярэгаў упрыгожвалі крыжы на дарогах, у кожнай хаце быў свой “набожнік” для абразоў, а пры цяжкіх прыродных умовах, войнах ці маштабных хваробах ткаўся “абыдзённік”, які выкарыстоўваўся ў ахоўных мэтах.
Як расказала Элеанора Зінкевіч, у нашай мясцовасці вядома некалькі тыпаў ручнікоў – віленскія шматнітовыя, стараабрадніцкія выбарныя і вышываныя. Усе яны адрозніваюцца тэхнікай, узорамі і сэнсам, закладзеным у іх. Нашыя продкі стваралі прыгожы арнамент, які меў сваё значэнне. Гэта маглі быць не толькі ахоўныя малюнкі, але і цэлыя зашыфраваныя гісторыі. Так, асобна ў экспазіцыі вылучаецца вышыты ручнік з Запруддзя, на якім мы бачым выяву сусветнага дрэва – падземны свет, зямное і нябеснае сплятаюцца ў ім.
Наогул ручнікі старавераў, якія сяліліся на Браслаўшчыне яшчэ з канца 17 стагоддзя – гэта унікальная мастацкая з’ява, сінтэз рускай і беларускай народных культур.
Варта сказаць, што вопыт тагачасных ткачых не знік, і ва ўлонні музея традыцыйнай культуры працягвае развівацца гэтае мастацтва: працы майстрых Аліны Чапулёнак, Антаніны Кавалык, Наталлі Парахневіч і Ганны Нікіфаравай вядомыя далёка за межамі нашага раёна.
Дарэчы, разам з апошняй названай ткачыхай Элеанора Зінкевіч прадэманстравала гледачам, якой няпростай і руплівай была праца жанчыны, колькі розных прылад мусіла яна выкарыстаць, каб падрыхтаваць з лёну ніткі на ручнік, а затым яго выткаць.
Кожнага, хто цікавіцца традыцыйнымі рамёствамі, музей запрашае наведаць выставу, якая працягнецца яшчэ два месяцы.
Гальляш Сялява.
Фота аўтара.