Браслаўскую моладзь запрашаюць да ўдзелу ў праекце «Арт-тэрапія»
Працуючая моладзь запрашаецца да ўдзелу ў праекце «Арт-тэрапія», тэма якога — «Свята кожны дзень». Праект будзе праводзіцца на тэрыторыі базы адпачынку «Чайка» на Браслаўскіх азёрах з 11 па 17 жніўня 2013 г.
Многія маладыя людзі, нягледзячы на шматлікія таленты ад Бога, маюць адмоўны вобраз самога сябе і Пана Бога, баяцца будучыні, адказнасці, жыцця. Вельмі часта выхад з такіх сітуацый чалавек шукае ў алкаголі, адзіноце, віртуальных знаёмствах у інтэрнеце або праяўляе свой негатыўны эмацыянальны стан праз агрэсіўныя паводзіны ў адносінах з бліжнімі.
«Арт-тэрапія» — гэта магчымасць навучыцца спраўляцца з негатыўнымі эмоцыямі і перажываннямі праз мастацтва: малюнак, спеў, танец. Заняткі будуць праводзіць мастак, псіхолаг, рэжысёр і тэолаг. Удзельнікі змогуць індывідуальна паразмаўляць з псіхолагам або са святаром. Акрамя практычных заняткаў, прадугледжаны прагулкі на свежым паветры, вольны час, калі можна загараць ці купацца ў возеры Дрывяты, а таксама сюрпрызы.
Удзельнікі праекту змогуць прыняць удзел ва ўрачыстасцях Маці Божай Валадаркі Азёраў, якія ў гэтым годзе адбудуцца 17 жніўня. Мэта праекту — зразумець, што кожны дзень, які дае нам Бог, — гэта свята. «Свята кожны дзень» — магчымасць адпачыць і аднавіць свае духоўныя і эмацыянальныя сілы.
Кошт удзелу — 200 тысяч бел. рублёў.
Запісацца і атрымаць падрабязную інфармацыю можна па тэлефонах ці праз e-mail:
+375 44 7938299, [email protected], Людміла
+375 29 5149121, [email protected], Агата
Источник: