Браслаўскі музей запрашае паўдзельнічаць у выставах!
Раённае аб’яднанне музеяў” рыхтуе выставы “Рыбалоўства на Браслаўшчыне” і “Гісторыя развіцця турызму на Браслаўшчыне ” і запрашае ўсіх прыняць удзел у іх стварэнні.
Выставы з’яўляюцца актуальнымі для нашай мясцовасці. Развіццю турызму спрыяюць геаграфічныя ўмовы нашага рэгіёну. Але толькі з пачатку ХХ стагоддзя на Браслаўшчыну паглядзелі, як на турыстычны край: пабудавана чыгунка, пачалі распрацоўвацца турыстычныя маршруты, будавацца гатэлі і інфраструктура. У савецкі час гэта ўсе прыйшло ў заняпад і толькі ў апошнія дзесяцігоддзі Браслаў зноў пачаў пераўтварацца ў турыстычны цэнтр.
У большасці турыстаў і гасцей Браслаўшчына звязана з рыбнай лоўляй, перш за ўсё таму, што наш край – самы азёрны ў Беларусі. У пачатку мінулага стагоддзя рыбалоўства перарасло ў асобнае рамяство. І сёння сярод нас жывуць сапраўдныя рыбакі, якія могуць нам паведаміць цікавыя сакрэты пра гэты занятак.
Калі ў вас ёсць неабходныя для гэтых выстаў рэчы з савецкіх часоў ці ранейшых, то мы будзем удзячныя за сумесную працу па захаванні мінулага. Рыбалоўныя прылады, вуды, сеткі, грузілы, паплаўкі, фотаздымкі, турыстычныя карты, рыбалоўныя скрыні, старыя веласіпеды – гэта ўсё можа стаць часткай выстаў, якія таксама будуць прадстаўлены на фестывалі “Браслаўскія зарніцы”.
Чакаем Вашых званкоў па нумарах 65-1-91 ці 65-3-18.
Вольга Міцюн,
супрацоўнік краязнаўчага музея.