Ці ведаеце вы гісторыю Замкавай гары ў Браславе? (фота)
На тэрыторыі Браслаўскага раёна размешчаны 48 помнікаў, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Сярод іх гарадзішчы, курганныя могільнікі, помнікі гісторыі і архітэктуры. Усе гэтыя аб’екты ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Для жыхароў Браслаўшчыны, напэўна, самым вядомым сярод гэтых помнікаў з’яўляецца Замкавая гара.
У 1955-1956 гадах археалагічнай экспедыцыяй Акадэміі навук СССР пад кіраўніцтвам Л. Аляксеева былі праведзены раскопкі замкавага гарадзішча. У гэтай справе вучоным дапамагалі вучні Браслаўскай СШ. Глыбіня раскопу дасягала мятровага доступу. На яго сценцы прасочваліся пласты чыстай глебы і культурныя (з рэшткамі жыццядзейнасці чалавека). Зняцце самага ніжняга культурнага пласта паказала, што паселішча на Замкавай гары ўзнікла ў 9-10 стагоддзях нашай эры. Пры раскопках былі знойдзены наканечнікі коп’яў, чарапкі, посуд, прылады працы, якімі карысталіся нашы продкі.
У гісторыі гары можна выдзеліць некалькі этапаў. Старажылы тутэйшых мясцін былі балцкімі прадстаўнікамі латгальскіх плямён, а з ХІ ст. асноўным насельнікам гарадзішча было ўжо змяшанае балта-славянскае крывіцкае племя, што мела ў Браславе свой фарпост. З канца ХІVст., калі Браслаўшчына ўвайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага, на гарадзішчы размяшчаліся адміністрацыя павета, судовыя ўстановы, архіў, тут праводзіліся сеймікі – сходы мясцовай шляхты.
Адным з цікавых эпізодаў з’яўляецца дзейнасць князёўны Алены – дачкі маскоўскага цара Івана ІІІ, з якой вялікі князь заключыў дынастычны шлюб. На гарадзішчы жанчына заснавала праваслаўны манастыр і царкву святой Варвары. Ёсць меркаванні, што князёўна і памёрла ў Браславе.
У манаграфіі краязнаўцы О. Гедэмана “Гісторыя Браслаўскага павета” есць спасылкі на інвентар Браслава 1649 г., які захоўваўся ў зборах Таварыства прыяцеляў навук у Вільні. Мужчына цытуе фрагмент, які апісвае замак: “Замкавая гара…агароджана астрогам вышэйшым і ніжэйшым… Вежаў у гэтым астрозе сем, брама ў замку вялікая, на ёй вежа з дзвюма байніцамі, вароты падвоеныя, вялікія, акаваныя, да іх штабы вялікія жалезныя, на левым баку дом вялікі, пакояў у ім акаваных два, цэхгаўз новы. Артылерыя ў замку на вежах і ў цэхгаўзе, гармат бронзавых пяць, чатыры на стайніках, пятая без колаў, гармат жалезных у цэхгаўзе дзве, гакаўніц 46, шмыгаўніц 12, куль малых і вялікіх чатыры капы, барабан пяхотны, харугва старая”.
Падчас вайны Вялікага Княства Літоўскага з Масквой замак пацярпеў і страціў былое значэнне. У ХVI ст. шмат хто з насельніцтва ўжо жыў па-за межамі гарадзішча, а да ХVІІІ ст. большасць збудаванняў прыйшлі ў заняпад.
Яшчэ ў пач. ХХ ст. плошчу Замкавай гары выкарыстоўвалі пад гаспадарчыя патрэбы. З прыходам польскай улады гарадзішча давялося ўмацоўваць. Помнік выкупілі з прыватнага ўладання, былі пасаджаны дрэвы. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ўзвышша з’яўлялася стратэгічным аб’ектам: да сёння захаваліся сляды-паглыбленні ад капаніраў. У пасляваенны час на Замкавай гары з’явіўся парк атракцыёнаў, сцэна для імпрэз і свят, крама, але праіснаваў гэты парк нядоўга.
Менавіта тут 15 сакавіка 1926 года быў пахаваны Станіслаў Тэадоравіч Нарбут, мясцовы ўрач, а праз год пасля пахавання ўдзячнымі пацыентамі яму быў прысвечаны помнік. Верх абеліска нагадвае паходню або свячу, што сімвалізуе дэвіз: “Свецячы іншым, згараю сам”.
На сённяшні дзень гарадзішча з’яўляецца другім па велічыні ў Беларусі пасля навагрудкаўскага, а таксама самым наведвальным турысцкім месцам у горадзе. Убачыць на свае вочы, як выглядаў старажытны горад, можна ў краязнаўчым музеі. Тут прадстаўлена схематычная дыярама мастака Л. Когцева.
Хочацца спадзявацца, што нашыя нашчадкі будуць берагчы тое, што мы маем ад сваіх дзядоў, і памятаць гісторыю роднага краю.
Надзея Нарубіна,
навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея.
Фота раскопак з архіваў.