Ганна Базарэвіч - таленавітая краязнаўца з Браслава (фота)
Той, хто наведваў краязнаўчы музей, не мог не заўважыць прыгожую дзяўчыну, якая ўмее расказаць пра гісторыю Браслава так, што аж дух зацінае. Супрацоўніца музейнага аб’яднання Ганна Базарэвіч, карэнная браслаўчанка, яшчэ ў школе зацікавілася краязнаўствам, з чым і звязала далейшае жыццё.
У 2008 годзе яна прыйшла працаваць у музей навуковым супрацоўнікам. На развіццё дзяўчыны вельмі добра паўплывалі калегі, у прыватнасці, нашы слынны краязнаўца Кастусь Шыдлоўскі.
Артыкулы Ганны неаднаразова друкаваліся ў зборніках канферэнцый універсітэта, у навукова-папулярным часопісе "Планета открытий", на сеткавых рэсурсах. Асноўная тэма яе даследаванняў – яўрэйская культура. Як прызнаецца дзяўчына, яе заўжды цікавіў побыт і пытанні духоўных культаў яўрэяў, а ў сувязі з гэтым гісторыя варожасці палітычных і рэлігійных плыняў.
Летась Ганна скончыла гістарычны факультэт універсітэта імя Машэрава ў Віцебску, а нядаўна паступіла ў магістратуру. Таму на будучыню ёсць план абараніць дысертацыю па тэме “Сіянісцкі рух”. Апрача гэтага, займаецца перакладамі старой літаратуры з газет і часопісаў, даследуе шлях ксяндза Бародзіча, рыхтуе да друку вядомае ў нашым рэгіёне краязнаўчае выданне “Павет”, марыць стварыць вакол сябе кола аднадумцаў са школьнікаў, якія цікавяцца гісторыяй Браслаўшчыны. З нядаўняга часу яна працуе на пасадзе галоўнага захавальніка музейных фондаў.
Наогул Ганна вельмі авантурны і актыўны чалавек, любіць удзельнічаць у розных мерапрыемствах і ладзіць свае. Так, у маі яна арганізавала фэст экскурсаводаў, пра які мы пісалі ў газеце. А яшчэ дзяўчына любіць слухаць добрую музыку (джаз, блюз, соўл), танцаваць і марыць спяваць у якім-небудзь калектыве.
Галляш Сялява,
фота аўтара.