Генацыд яўрэйскага насельніцтва горада Браслава
Лёс яўрэяў на акупіраваных гітлераўцамі тэрыторыях быў страшны: амаль усе яны былі знішчаны.
Напярэдадні Вялікадня, у першыя дні красавіка 1942 г., гестапа перадало загад усім яўрэям Браслава перабрацца ў хаты, размешчаныя ўздоўж сучаснай вуліцы Ленінскай. Больш зручнае месца для гета было цяжка ўявіць — з аднаго боку вуліцу абмяжоўвала возера, а з другога — Замкавая гара. На тэрыторыі гета панавала жахлівая цесната, жылі па некалькі сем’яў у адной кватэры, без медыцынскай дапамогі і элементарных санітарных умоў. Некаторыя не вытрымлівалі і паміралі ад хвароб. Гэта быў пачатак канца яўрэйскай абшчыны Браслава, пачатак яе фізічнага знішчэння.
На досвітку 3 ліпеня 1942 г. насельніцтва гета прачнулася ад частай страляніны і жудаснага крыку. Гітлераўцы разбівалі вокны, выбівалі дзверы, загадвалі хутчэй выходзіць з хат, шукалі па закутках тых, хто хаваўся.
З пратакола допыту паліцая Браслаўскай паліцыі А.А.Сташана: “Прыкладна ў 4—5 гадзін раніцы каля 80 паліцаяў Браслаўскай і Опсаўскай паліцыі сабралі ля будынка жандармерыі. Майстар жандармерыі звярнуўся да нас з прамовай: “Сёння мы, спадары шуцманы (г.зн. паліцэйскія), па загадзе нямецкага камандавання павінны расстраляць усіх яўрэяў, якія знаходзяцца ў гета. Для выканання гэтага загаду нам на дапамогу прыедзе атрад немцаў з войскаў “СС”, якія непасрэдна будуць праводзіць расстрэл яўрэяў, а вы, спадары шуцманы, павінны ахоўваць гета яўрэяў, каб ні адзін з іх не збег. Выганяць яўрэяў з хат у групы, а групы пад аховай дастаўляць на месца расстрэлу за Браслаў на ўзлесак, дзе для трупаў расстраляных зараз пачынае капаць ірвы насельніцтва.”
Тут жа размеркаваў нас. Калі мы стаялі ў страі, майстар жандармерыі праз перакладчыка дадаў: “Магчыма, з вас, спадары шуцманы, ёсць жадаючыя непасрэдна расстрэльваць яўрэяў, той можа выйсці са строю.” Выйшлі са строю некалькі чалавек.
Тут жа мы пачалі выконваць загад. Кожны хутка праверыў зброю, ўзялі па 50—60 штук баявых патронаў, а некаторыя бралі значна болей, і разышліся згодна з прыведзеным размеркаваннем, а хутка прыехаў атрад немцаў з войскаў “СС”.
На працягу двух дзён расстрэльвалі яўрэяў: забілі каля 3000 чалавек, сярод якіх былі дзеці, старыя, жанчыны і мужчыны разнастайных спецыяльнасцей, якіх падводзілі пад канвоем да ялін. Усіх вымушалі класціся тварам уніз, а хто не выконваў загад, тых білі і расстрэльвалі на месцы. Затым па чарзе групамі падводзілі да самых равоў, распраналі, многіх амаль цалкам, асабліва тых, у каго было добрае адзенне, і тут жа расстрэльвалі…”
Знішчэнне яўрэяў працягвалася тры дні, потым карнікі пачалі адшукваць людзей у схованках. Дапамагаў ім у гэтым мясцовы жыхар Бурак, які добра размаўляў па-яўрэйску. Ён хадзіў па хатах і выкрыкваў: “Яўрэі, выходзьце, больш не забіваюць”. Некаторыя верылі правакатару, выходзілі са схованак. Іх адразу забівалі. У шэрагу выпадкаў многіх выдаваў плач напужаных дзяцей.
Пасля масавых расстрэлаў тры дні зямля калыхалася над забітымі, з ям праступала кроў. Гітлераўцы прымушалі сялян падвозіць пясок і засыпаць ямы.
Няшмат людзей засталося ў жывых пасля першай разні. Выратаваліся толькі тыя, хто надзейна схаваўся, а потым перабраўся ў лес да партызан, альбо тыя, каго, рызыкуючы сваім жыццём, хавалі па вёсках сяляне.
Напярэдадні яўрэйскага Новага года немцы стварылі ў Браславе другое гета, ці як яго называюць Опсаўскае. Аснову яго склалі жыхары мястэчка Опса. Гэта гета існавала нядоўга. 19 сакавіка 1943 г., напярэдадні свята Пурым, немцы акружылі гета, пагналі ўсіх яго жыхароў да равоў і там расстралялі.
Скончыць матэрыял пра трагедыю яўрэйскага насельніцтва Браслава і яго наваколля хацелася б урыўкам з ліста браслаўчаніна Хаіма Муніца да сваёй сястры ў Ізраіль, які быў напісаны пасля наведвання Браслава ў першыя пасляваенныя гады: “Знешне ў Браславе нічога не змянілася, гара не раскалолася, вада ў азёрах не памутнела, як быццам нічога і не здарылася. Але адбыліся страшныя рэчы, пра якія цяжка расказаць і яшчэ цяжэй пісаць…”
Паводле матэрыялаў кнігі “Памяць” і фондаў Браслаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.