Інтэрв'ю з браслаўскімі танкістамі: чым вас «торкае» WOT?
Напэўна, шмат хто з жыхароў нашага раёна чуў ці асабіста знаёмы з камп’ютарнай онлайн-гульнёй “World of Tanks” (Свет танкаў), якую распрацавала вядомая беларуская студыя. Гэтаму танкаваму сімулятару, у які адначасна гуляе звыш за мільён чалавек ва ўсім свеце, хутка споўніцца пяць год. Гульня карыстаецца незвычайнай папулярнасцю, асабліва ў краінах СНД.
У Браславе таксама ёсць шмат аматараў танкавых баталій. І што цікава, гэта не толькі навучэнцы школ, але і дарослыя людзі, якія маюць працу, сям’ю. Хтосьці з іх настолькі захоплены гульнёй, што нават укладвае ў развіццё свайго “танкапарка” рэальныя грошы, часам з простага хобі захапленне ваеннай тэхнікай перарастае ў нешта большае. У сацсетках карэспандэнт партала Галляш Сялява правёў невялікае апытанне, паводле якога хацеў паказаць, чым так захоплівае людзей гэтая гульня, як да гэтага ставяцца іх родныя, сябры, і чым ігракі займаюцца, апрача сядзення за камп’ютарам.
Андрэй Астапка, 42 гады.
- Я інвалід, на пенсіі. Гуляю ўжо амаль год. Вельмі імпануе атмасфера ў сімулятары. Грошай уклаў усяго каля 50 долараў. Усе мае родныя, блізкія і сябры да майго захаплення ставяцца спакойна. У вольны час я рамантую і наладжваю камп’ютары.
Аксана Мацук, 34 гады, педагог.
- Гуляем у танкі ўсёй сям’ёй ужо паўтара года. Грошай у гульню не ўкладваем. Пакуль не даходзіць да фанатызму, ставімся да танкаў нармальна.
Яўген Альхімовіч, 28 гадоў, інжынер у РАНС.
- Я танкіст з больш чым двухгадовым стажам. Найбольш у свеце танкаў падабаецца прастата кіравання і цікавыя баі. На стасункі ў сям’і гэта не ўплывае, бо сяджу за камп’ютарам няшмат і толькі ў вольны час. Вельмі люблю гульнявыя віды спорту і рыбалку.
Аляксандр Бабенка, 56 гадоў, урач.
- Захапіўся баталіямі аж з 2011 года. Вельмі радуе магчымасць зносін у інтэрнэце з незнаёмымі людзьмі, гульня аб’ядноўвае, бо вынік кожнага бою залежыць ад сумесных дзеянняў. Грошы не марную. Мая жонка ставіцца спакойна да гэткай маленькай слабасці. А яшчэ я вельмі люблю зімовую рыбалку і збіраць грыбы.
Арцём Талмачоў, 19 гадоў, грузчык.
- У “танках” ужо 3 гады. Уразіла рэалістычнасць гульні і добрая фізіка. Апрача гэтага, люблю пагуляць у шахматы, паразгадваць судоку, цікавяць мяне і аўтамабілі.
Міраслаў Пятровіч, 22 гады, інжынер-механік.
- Гуляю прыкладна 2 гады, укладваю грошы вельмі рэдка і мала. Сябры і родныя да майго хобі ставяцца нармальна. Больш за танкі люблю наведваць трэнажорную залу.
Аляксандр Кротаў, 17 гадоў, вучань.
- Сур’ёзна захапіўся гульнёй у 2013 годзе. Цяпер амаль штодзень гуляю па 2-3 гадзіны, але куды цікавей для мяне займацца спортам.
Аляксандр Александроў, 31 год, фрылансер.
- Гуляю ўжо тры гады і не заплаціў за новыя танкі ні разу, прынцыпова. Сям’я пра захапленне не ведае, а большасць сяброў са мной “у адным танку”.
Іван Раткун, 23 гады, будаўнік.
- Вельмі імпануе складанасць і разнастайнасць батальных сцэн. Грошы не ўкладваю.
Аляксандр Пупін, 26 гадоў, вадзіцель.
- Тры гады “ў танках” і, напэўна, найбольш люблю іх за зносіны з цікавымі людзьмі. Апрача такога хобі, мяне яшчэ цікавіць нумезматыка.
Аляксандр Крупскі, 24 гады, часова беспрацоўны.
- Пачаў гуляць з 2011 года, не ведаю, чаму зачапіла. Асноўнае хобі – гэта рамонт аўтамабіляў.
Аляксандр Балочка, 20 гадоў, слесар-сантэхнік.
- З дапамогай гэтай гульні можна даведацца пра ваенную тэхніку, якая ўдзельнічала ў розных войнах, танкавыя бітвы Другой сусветнай вайны.
Віталь Рынкевіч, 19 гадоў, студэнт.
- Гульню люблю, вядома ж, за магчымасць пакатацца на баявых машынах. Дзе яшчэ сустрэнеш такую колькасць людзей з розных куткоў свету? У некаторых ужо ёсць сем’і і дзеці, з імі цікава пагутарыць. Прыемна, што гульню стварылі нашы землякі, таму, гуляючы ў яе, адчуваецца нейкі патрыятызм. Час ад часу ўкладваю грошы, у сярэднім каля 100 долараў у год.
Еня Amonra, 25 гадоў, інжынер-эксперт па нерухомасці.
- Для мяне гульня – разрадка, пэўная рызыка, азарт. Яна вельмі зацягвае, і я часам гатовы “забіць” яе стваральнікаў (усміхаецца). Дужа люблю веласпорт, і гадзіну катання на веласіпедзе не прамяняю на камп’ютар.