Ля вёскі Злота ў Браслаўскім раёне ў 20-я гады бачылі Анёла?
На ўскрайку вёскі Злота, ля паварота на аг. Пагошча, стаіць прыдарожны крыж. На першы погляд звычайны, зроблены з ладных металічных труб, такіх зараз нямала ставяць ля сваіх вёсак вернікі. Але звернем увагу на прымацаваную да яго таблічку.
На ёй надпіс на польскай мове: | Сэнс надпісу на беларускай мове гучыць так: |
"Historia Krzyza Ja ośmioletni chłopak i dwie dziewczynki, przyglądaliśmy się przydrożnemu krzyżowi. Z tyłu przyszedł do nas 30-letni męźczyzna, miał na brodzie rudy zarost. Ubrany w koszulę wypuszczoną i spodnie długie, jedna nogawka krótsza, całość była z materiału grubo lnianego, bosy. Zaczał tłumaczyć nam o znaczeniu krzyża i Jego Wielkośći Boskiej. Wnet ruszył przez szosę w kierunku Opsy i paręnaście metrów od nas zniknął z oczu! Mama moja określiła to jako postać Pana Jezusa! Józef Chekan" |
"Гісторыя крыжа Я, васьмігадовым хлопчыкам, і дзве дзяўчынкі глядзелі на прыдарожны крыж. Ззаду да нас падыйшоў 30-гадовы мужчына, ён меў бараду рудога колеру. Быў апрануты ў ільняныя кашулю навыпуск і доўгія штаны, адна нага карацейшая за другую, басанож. Ён пачаў тлумачыць нам пра важнасць крыжа і Божую веліч. Неўзабаве ён рушыў па дарое ў напрамку Oпсы і праз колькі метраў ад нас знік з вачэй! Мая маці вызначыла яго як фігуру Госпада Ісуса! Юзаф Чэкан" |
Надпіс аб выпадку надзвычай цікавы - у хрысціянстве падобныя лічацца цудам і іх месцы часам збіраюць вялікую колькасць пілігрымаў. Але ці праўда напісанае тут? У нашы час нельга быць легкаверным, таму аўтар гэтых радкоў пачаў збіраць інфармацыю пра Ю. Чэкана, па замове якога былі зроблены таблічка і сам крыж. Гэта аказаўся чалавек вядомы, вельмі прыстойны і па-свойму заслужаны, з надзвычай няпростым лёсам.
Спадар Юзаф - наш зямляк, жыў з бацькамі непадалёк - у в. Майшулі. У 1930-я гг. быў удзельнікам польскай паўваеннай моладзевай арганізацыі "Стшэльцы", магчыма таму перад вайной савецкія чэкісты з’явіліся ў яго хаце, каб арыштаваць. Але хлопец загадзя іх заўважыў і здолеў схавацца. У часы нямецкай акупацыі Юзаф стаў байцом Арміі Краёвай. У 1944 г. яго атрад быў акружаны і амаль цалкам знішчаны савецкімі партызанамі непадалёк, ля в. Марцэбаліна. З 40 акаўцаў выратавалася толькі шасцёра – і сп. Чэкан сярод іх. Пасля няўдалага штурму Вільні Арміяй Краёвай нашы зямляк быў арыштаваны савецкімі органамі бяспекі, асуджаны на 25 год і вывезены на прымусовыя работы. Пасля вайны зняволеныя байцы польскага антысавецкага Супраціўлення былі перададзены ўладам камуністычнай Польшчы. У размове з аўтарам гэтых радкоў пан Юзаф скардзіўся на вельмі цяжкія умовы турэмнага ўтрымання – камера была настолькі вільготнай, што на целе пачаў расці мох. Многія не вытрымлівалі і не дажылі да дня вызвалення. У 1969 г. сп. Чэкан вызваліўся і стаў фермерам. Пасля сыходу камуністычнага ўрада ў канцы 1980-х гг., за актыўны удзел у акцыях АК ён атрымаў дзяржаўныя ўзнагароды. Землякі абралі сп. Юзэфа старшынёй Звязу браслаўчан у Польшчы. Як бачым - герой нашага аповеду чалавек заслужаны і паважаны ў сваім асяроддзі. Верагодна, гэты наш зямляк паставіў крыж не толькі як памятку той незвычайнай сустрэчы, але магчыма лічыў, што яна паўплывала на яго далейшы лёс. Шкада, што колькі год назад гэтага чалавека не стала.
Ёсць людзі, якія даглядаюць крыж, перыядычна прыводзяць у парадак, упрыгожваюць кветкамі. Але так мала яшчэ хто ведае яго цікавую гісторыю. Няма инфармацыі пра яго ні ў кнігах, ні ў інтэрнэце.
Выпадак, апісаны на таблічцы крыжа, часам выклікае недавер у атэістаў. Але чалавек, дасведчаны ў багаслоўі, распавёў аўтару, што паралельна з нашым матэрыяльным светам існуе свет духоўны, які насяляюць нецялесныя істоты – анёлы. Здольнасці і сіла анёлаў вялікія і значна перавышаюць чалавечыя. Айцы Царквы кажуць пра анёлаў як пра супрацоўнікаў людзей. Звычайна Анёлы з'яўляюцца да людзей у чалавечым вобразе: яны размаўляюць, ходзяць, як звычайныя людзі. Суразмоўца аўтара быў перакананы, што ў далёкія 20-я гады дзеці ля Злота сталі сведкамі менавіта такога з’яўлення Анёла.
Аўтар лічыць, што гэты памятны крыж з’яўляецца унікальным і надзвычай цікавым элементам духоўнай гісторыі нашага краю і варты ўвагі як мясцовых вернікаў, так і турыстаў – гасцей краю.
Замест пасляслоўя: аўтару распавядалі дзве былічкі, існуе такі цікавы жанр фальклору – аповед пра цудоўным падзеі, што нібыта адбыліся ў рэчаіснасці, у асноўным пра сустрэчу з духамі, прывідамі або нячыстай сілай. Былі ў нашыя дні два выпадкі, калі на дарозе ад Опсы на Браслаў падбіралі дзядка, які ў размовах пачынаў прарочыць аб непрыемных падзеях у будучым. А другім разам стаў адгаворваць гаспадыню машыны кідаць свайго мужа. На пытанне шакаванай жанчыны: “Адкуль вы мяне ведаеце?”, адказваў: Ты мяне не ведаеш, а я цябе ведаю”. Потым прасіў высадзіць яго ў лесе і… знікаў. Супадзенні?
настаўнік гісторыі і геаграфіі Кансталінскай ДС-БШ