Паходжанне назвы Браслаў: міфы і меркаванні
Паходжанне прыгожай, мілагучнай назвы Браслава канчаткова не высветлена. Прычым, са значнай доляй упэўненасці можна меркаваць, што гэта і немагчыма зрабіць, як немагчыма дакладна аднавіць старонкі самай старажытнай гісторыі горада. Прыйдзецца задаволіцца некалькімі версіямі, кожная з якіх мае права на існаванне. Але нават і ў тым выпадку, калі б існавала адзіная, пераканаўча даказаная навуковая версія, яна наўрад задаволіла цікаўнасць жыхароў горада. Вакол назваў паселішчаў заўсёды існуюць незалежныя ад навуковых меркаванняў, свае, даступныя кожнаму чалавеку, тлумачэнні. Некаторыя з іх даволі ўстойлівыя, перадаюцца з пакалення ў пакаленне, становяцца творамі фальклору, карыстаюцца папулярнасцю сярод жыхароў, іншыя з’яўляюцца ў пэўны час і хутка забываюцца.
У Браславе многія могуць пераказаць паданне аб трагічным каханні князя Браса да князёўны Дрывы. Міфічны князь Брас надоўга перажыў астатніх герояў падання, мудра і справядліва кіраваў горадам, якому пакінуў сваё імя. Неяк ад падлеткаў давялося пачуць сучаснае апісанне гэтай версіі. Яна звязана з англійскім словам “love” — каханне. Адсюль Браслаў — месца кахання князя Браса. Не менш нацягнутым выглядае і такое тлумачэнне: частка “брас” паказвае, што ў размешчаных побач азёрах можна плаваць (безумоўна брасам!), а частка “лаў” звязана са словам лава. Паколькі ў хаце лава знаходзіцца ў пэўных месцах, то назва Браслаў магла быць растлумачана так — месца, дзе можна плаваць. Такога кшталту тлумачэнні не з’яўляюцца прыкметамі толькі нашага часу. Вось прыклад, якому звыш 130 гадоў. Маскоўскі мастак Дз.Струкаў, які праехаўся ў 1864 г. па тагачасным Паўночна-Заходнім краі з адзінымі мэтамі — знайсці як мага больш старажытных слядоў праваслаўя, адзначыў у сваіх нататках пра Браслаў, што нібыта тут ён пачуў расказ аб паходжанні назвы Браслав ад слова Преславный. Маем справу з яўнай тэндэнцыйнасцю (сумніцельна, што такое тлумачэнне сапраўды было пачута Дз.Струкавым).
Зусім нядаўна выявілася яшчэ адно тлумачэнне назвы горада, якое не сустракаецца ў пісьмовых матэрыялах аб Браславе. Пачута яно было археолагам Г.Семянчуком у выглядзе наступнага падання.
У даўнія часы праз тутэйшыя мясціны праходзіла войска пад камандаваннем генерала. Падышло войска да броду на пратоцы паміж Дрывятамі і Навятамі. Каб дапамагчы начальніку пераправіцца, сталі салдаты ў ланцуг, перадаюць яго з рук у рукі і пры гэтым крычаць: “Брасай! Брасай!”, бо ў моцным тумане, які стаяў над вадой, не бачылі адзін другога. Паселішча, што ўзнікла непадалёку ад гэтай пратокі назвалі Браславам.
Зразумела, што згаданыя вышэй тлумачэнні з’яўляюцца легендарнымі і нічога не маюць з гістарычнымі рэаліямі. Што ж датычыцца навуковых меркаванняў, то існуюць дзве асноўныя версіі. Найбольш вядома версія, паводле якой назва Браслава ўзнікла ад імя полацкага князя Брачыслава Ізяслававіча, унука славутай князёўны Рагнеды, які ўладарыў у Полацку ў першай палове ХІ ст. Менавіта ў гэты перыяд Браслаў становіцца парубежнай крэпасцю княства. Магчыма, Брачыслаў меў непасрэднае дачыненне да заснавання крэпасці, якой дасталася яго імя ( Брячьслав — Брячьславль — Бряславль — Браславль — Браслав). Археолаг Л.В.Аляксееў прыводзіць звесткі аб некалькіх паселішчах, размешчаных каля былых полацкіх рубяжоў, якія маюць падобную назву. Гэта можа сведчыць, на думку даследчыка, на карысць патранімічнай версіі паходжання назвы горада.
У многіх крыніцах ХІХ-ХХ стст. форма “Брячиславль” падаецца як летапісная. Аднак ні ў летапісах, ні ў самых старажытных дакументах гэтая форма не сустракаецца. Найчасцей ужываюцца наступныя варыянты: “Браславль”, “Бряславль”. Толькі ў кнізе А.Гваніні “Хроніка Еўрапейскай Сарматыі” (першае выданне 1578 г.) сустракаем “Bratyslaw”.
Існуе таксама версія аб паходжанні назвы Браслава ад балцкай асновы. Вядомы беларускі тапаніміст В.А.Жучкевіч звязваў яе з літоўскім “brasta” — брод, мелкаводдзе. Аднак больш лагічна арыентавацца на латышскае “brasl” у тым жа значэнні. Успомнім, што першапачатковымі жыхарамі гарадзішча паводле матэрыялаў археалагічных даследванняў, з’яўляліся латгалы. На сучаснай карце Латвіі знаходзім раку Браслу (прыток знакамітай Гаўі), вёску Браслава на беразе гэтай ракі. Паводле крыніц ХІХ ст. на тэрыторыі Латгаліі было яшчэ два паселішчы з падобнымі назвамі. На латышскай мове Браслаў пішацца як “Braslava” — месца каля брода. Гарадзішча Замкавая гара знаходзіцца непадалёку ад мелкаводнай пратокі паміж азёрамі Дрывяты і Навята. Яшчэ на памяці некаторых старажылаў пратоку пераадольвалі ўброд.
Можна паспрабаваць прымірыць абедзве версіі. Латгальскае паселішча ўзнікла на некалькі стагоддзяў раней, чым полацкая крэпасць. Паселішча магло мець балцкую назву Браслава. Пазней гэтая назва, блізкая па гучанні да славянскай тапаніміі, засталася, паступова пераасэнсавалася і набыла больш звыклую форму “Браславль”.
Дарэчы, на славянскіх землях ёсць цэлы шэраг падобных тапонімаў. На тэрыторыі Украіны ў сучаснай Вінніцкай вобласці ёсць мястэчка Брацлаў, былы ваяводскі цэнтр. У сярэднявеччы горад называўся Брасловлем ці Брасловам. Для таго, каб пазбегнуць блытаніны, часам пісалі дадатковыя тлумачэнні: “повет Браславский и Веницкий”, “повет Браславля Литовского”, “повет Брасловля Подольского”. Тым не менш, блытаніна часта ўзнікала, пранікала яна і на старонкі гістарычных прац. Непадалёку ад Браслава Падольскага ці сучаснага Брацлава існуе горад Браілаў; паўднёвей у Херсонскай вобласці — горад Берыслаў. Сугучна з назвай Браслава назва сталіцы Славакіі Браціславы (згадаем “Bratyslaw”, паводле А.Гваніні). Непа-далёку, але ўжо на тэрыторыі Чэхіі ёсць горад Бржэслаў. Сучасны польскі горад Вроцлаў, размешчаны ў Сілезіі, некалькі стагоддзяў уваходзіў у склад нямецкай дзяржавы і называўся Брэслаў (Breslau). Рускамоўная форма гучала як “Бреславль”. Поўнае падабенства з напісаннем назвы Браслава ў крыніцах XV-XVI стст. Даводзілася мець справу з некаторымі начытаннымі суразмоўцамі, якія на старонках класічнай ці гістарычнай літаратуры неаднойчы сустракалі назву “Бреславль” і памылкова яе адносілі да беларускага Браслава.
Назвы, сугучныя з назвай Браслава мелі некалькі дробных паселішчаў на поўначы Беларусі і Латвіі. Адасоблена ад гэтых прыкладаў стаіць назва пасёлка Брацлаўка, размешчанага на Паўднёвым Урале. Аднак больш падрабязнае вывучэнне карты паставіла усё на свае месцы. Побач з Брацлаўкай знаходзім пасёлак Но-вавінніцкае. Значыць, узнікненне назваў гэтых пасёлкаў звязана з украінскімі перасяленцамі.
Такім чынам, назвы, падобныя да назвы Браслава, сустракаюцца на старажытных славянскіх землях і тэрыторыі Латвіі. Ці супярэчаць гэтыя факты двум асноўным версіям паходжання назвы горада ? Падобна, што не. На славянскіх землях яны ўтвараліся ад імён уласных і ў кожным канкрэтным выпадку падвяргаліся тым ці іншым зменам. На балцкіх землях назвы тыпу “Браслава” звязаны з геаграфічнай характарыстыкай размяшчэння паселішчаў. Старажытны Браслаў знаходзіўся якраз на парубежжы двух этнасаў, таму абедзве версіі паходжання яго назвы лагічны і апраўданы.
Разгледзім зараз формы напісання назвы Браслава ў крыніцах XV-XVIII стст. Можна заўважыць, што мяккае “р” сустракаецца даволі рэдка, пераважна ў летапісах. Прычым у рускіх летапісах “р” заўсёды мяккая. Такое напісанне характэрна і для рускіх дакументаў больш позніх часоў — ХІХ - пач.ХХ стст. Дарэчы, яшчэ і зараз сярод мясцовых старавераў можна пачуць “Бряслав”, “Бряславье”. Форма “Браславль” і яе варыянты ўжываліся ў асноўным у дакументах, напісаных на старажытнабеларускай мове. Аднак пры ўтварэнні прыметніка ад гэтага слова, “л” на канцы выпадала (Браславль — Браславский). У варыянтах назвы, напісаных на латыні, па-нямецку, літара “л” на канцы адсутнічае. Затое, цікавай з’яўляецца наяўнасць у не-каторых выпадках зычнага гука перад літарай “s” пасярэдзіне слова. Вызначэнне “Литовский” у адносінах да Браслава сустракаецца пераважна ў крыніцах сярэдзіны XVI ст. У гэты час адбылася адміністрацыйная рэформа Вялікага княства Літоўскага і афіцыйны статус цэнтраў значных тэрыторый атрымалі два аднолькавых “Браславля”. Пасля Люблінскай уніі 1569 г. Браслаў Падольскі адышоў да Кароны. Пазней назва горада стала ўсё часцей пісацца праз “ц”. Відавочна, што неабходнасць дадатковага вызначэння адпала. Форма “Bratyslaw”, на якую спасылаюцца ў шэрагу матэрыялаў XIX-XX стст. як на традыцыйную, зафіксавана пакуль толькі ў Хроніцы А.Гваніні. У дакументах XVII-XVIII стст., у сувязі з пераходам у афіцыйным справаводтве на польскую мову, найчасцей ужывалася форма “Brasіaw” (“Brasіawski”).
У крыніцах ХІХ - пач. ХХ стст., напісаных пераважна на рускай мове (афіцыйнай мове Расійскай імперыі), сустракаем “Браслов”, “Бряслав”, “Бреславль”.
У пачатку ХХ ст. стаў пашырацца беларускі друк. У беларускіх выданнях назва горада ўжываецца згодна з сучаснай арфаграфіяй беларускай мовы — “Браслаў”, “Браслаў-беларускі”, “Браслаўе”
Кастусь Шыдлоўскі
ДАДАТАК
Населеныя пункты, якія маюць падобныя з Браславам назвы
Брацлаў (Брацлав) мястэчка Вінніцкай вобласці Украіны, былы павятовы і ваяводскі
цэнтр. У крыніцах XVI-XVII стст.: ”Бреславль”, “Брасловль”, “Брасловль Подольский”.
Вроцлаў (Wrocіaw) ваяводскі горад у Польшчы. Старажытнаславянскі “Бреславль” (нямецкая назва “Breslau”). У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў Х ст.
Браціслава (Bratyslava) сталіца Славакіі. У пісьмовых крыніцах горад вядомы з Х ст.
Бржэцлаў (Bћecislav) горад у паўднёва-усходняй Чэхіі.
Берыслаў (Берислав) горад у Херсонскай вобласці Украіны. Вядомы з XV ст.
Браілаў (Браилов) горад Вінніцкай вобласці Украіны.
Брацлаўка (Брацлавка) пасёлак у Арэнбуржскай вобласці Расіі.
Браслава (Braslava) вёска на захадзе Латвіі.
Браслаўская Лука вёска ў Браслаўскім раёне.
Браславішкі фальварак, які існаваў каля м.Салокі былога Браслаўскага павета (сучасны Салакас Зарасайскага раёна Літвы).
Браслава вёска, якая існавала ў сучасным Лёзненскім раёне Віцебскай вобласці (“Брославль” Высачанскай воласці Аршанскага павета Магілёўскай губерніі (Л.В.Алексеев. Раскопки древнего Браслава // Краткие сообщения института археологии. Вып. 81, 1960, с. 105 ).
Браславо паселішча, якое існавала ў Марыенгаўзкай воласці Люцынскага павета Віцебскай губерніі (сучасная Латгалія). (Л.В.Алексеев, там жа).
Бряслов паселішча, якое існавала ва Ужвалдскай воласці Дзвінскага павета Віцебскай губерніі (сучасная Латгалія). (Л.В.Алексеев, там жа ).
ДАДАТАК 2
Напісанне назвы Браслава ў летапісах і хроніках XVI ст.
Zawelski Brasіawіy, Brasіawl Хроніка Быхаўца (Pomniki do dziejуw Litewskich, Wilno,1846, s.3, 47)
Брясловль Супрасльскі летапіс (ПСРЛ, т. 35, с. 58)
Бряславль, Бряслявль Слуцкі летапіс (ПСРЛ, т. 35, с. 77)
Брясловль Акадэмічны летапіс (ПСРЛ, т. 35, с. 107)
Завелеискии Бряславль Летапіс Красінскага (ПСРЛ, т. 35, с. 129)
Завельскии Брасълавль Летапіс Рачынскага (ПСРЛ, т. 35, с. 146, 164)
Брасловль, Браславль
Zavielysky Braslaw, Braslav Альшэўскі летапіс (ПСРЛ, т. 35, с. 174, 190)
Завелскии Браславль Румянцаўскі летапіс (ПСРЛ, т.35, с. 194)
Завелскии Браславль Яўрэінаўскі летапіс (ПСРЛ, т.35, с. 215, 232)
Бряславль, Брясловль
Бряслов Пскоўскія 3 і 1 летапісы (Псковские летописи. Вып. 1. М-Л, 1941, с.98, Вып. 2, М., 1955, с. 260)
Брясловские (места) “Пискаревский летописец” (ПСРЛ, т. 34, с. 168)
Бряславль “Летописец начала царства царя и великого князя Ивана Васильевича (ПСРЛ, т. 29, с. 15)
Брясловские (места) Александра-Неўскі летапіс (ПСРЛ, т.35, с. 58)
ПСРЛ — Полное собрание русских летописей. Т. 1-36. Спб,М, 1841-1985.
ДАДАТАК 3
Напісанне назвы Браслава ў дакументальных крыніцах XV-XVIII стст.
Brachlaw, 1413 (Lites ac res gestae inter Polonos Ordinumque cruciferorum, т.2 (2 wyd.), Poznaс, 1892, s. 163)
Bratslaw, 1426 (Codex epistolaris Vitoldi magni ducis Lithuanine. 1376-1430. Krakуw, 1882, s.716)
Breczlaw, 1432 (Русско-ливонские акты. Спб, 1868, с.191)
Braczslaw, 1473 (Kodex dyplomatyczny katedry i diecezji Wileсskiej. T.1. Krakуw, 1948, s.335)
Braslavien(sis) capitaneus, 1473 (Lietuvos Metrika. Vilnius, 1994, s.235)
(Браслаўскі намеснік)
Брасловль, Брасловский
повет, 1497 (АЛМ. Т.1, вып.1, с.142)
Место Брасловское, 1497 (АЛМ. Т.1, вып.1, с.141)
Место Браславское, 1498 (АЛМ. Т.1, вып.1, с.167)
Браслав, 1499 (АЛМ. Т.1, вып.2, с.22)
Braczslawiensi districtu, 1500 (Собрание государственных и частных актов...Вильно, 1858, с.29)
(Браслаўскі павет)
Браславль, Браслав,
Браславский, 1500 (АЛМ. Т.1, вып.2, с.59)
Brzeslaniensi, 1501 (Kodex dyplomatyczny ... s.568)
Браславль, 1501 ( АЗР. Т.1, с.343)
Брасловль, 1506 (АЛМ. Т.1, вып.2, с.184)
Браславль, Браславский
повет, 1506 (Lietuvos Metrika. Vilnius, 1993, s.276)
Браславль, Браславское
волости, 1524 (Акты Литовско-Русского государства. Вып.1. М.,1900, с.196)
Бряславль, 1536 (М.Любавский. Литовско-Русский сейм. М., 1900, приложения, с.33)
Браславль, 1551 (Там жа, с.47)
Брасловль, 1551 (Там жа, с.52-54)
Брасловский староста, 1554 (Там жа, с.94)
Браславль Литовский, 1566 (Там жа, с.164-165)
Брасловль Литовский, 1566 (Там жа, с.180)
Браславль, Браславль
Литовский, 1567 (РИБ. Т.23, отд.1, ч.3, к.62,503,504, 634,1375)
Brasіaw, 1575-78 (M.Stryjkowski. O pocz№tkach... Warszawa, 1978, s.93)
Браславский каштэлян, 1583 (Lietuvos vyriausiojo tribunalo sprendimai. Vilnius. 1988, s.42)
Брасловский староста.
Deputat z Braslawia, 1597 (Там жа, s.123,124)
Bratysіaw,
другая палова XVI ст. (A.Gwagninus. Kronika Sarmaciyi Europskiej. Krakуw, 1611, ks.2, s.111)
Литовский Браславль,
староста Браславский, 1606 (Lietuvos vyriausiojo... s.169)
Брасловль, Брасловский,1609 (АЮЗР.Т.2, с.53,54)
Брасловский врад земский,
1641 Brasіawski powiat (Lietuvos vyriausiojo... s.412,413)
Brasіaw, 1702 (АВАК. Т.ХІІІ, с.140)
Brasіawski powiat, 1752 (АВАК. Т.ХІІ, с.39)
Brasіawski powiat, 1797 (АВАК. Т.ХХVIII, с.326)
АЛМ — Акты Литовской Метрики. Т.І, вып.1,2. Варшава, 1896, 1897.
АЗР — Акты, относящиеся к истории Западной России. Т.І-V. Спб, 1846-1853.
РИБ — Русская историческая библиотека. Т.І-ХХХІІІ. Спб, 1872-1927.
АЮЗР — Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России. Т.I-XV. Спб, 1863-1892.
АВАК — Акты, издаваемые Виленской Археографической Комиссией. Т.І-ХХХІХ. Вильно, 1865-
1915.