Павел Касцюкевіч - партызанскі паэт і мастак з Браслаўшчыны (фота)
Гарэлі вескі пад нагамі акупантаў. Усе, хто былі здольныя трымаць ружжо ў руках сыходзілі ў партызанскія атрады. Ужо ў канцы 1943 года партызанскія брыгады кантралявалі некаторыя зоны Браслаўскага рэгіёну. Прыкладам таму была брыгада “Спартак”, штаб кіраўніцтва якой размесціўся недалёка ад вёскі Казяны, якую спалілі немцы падчас карнай экспедыцыі. Тады было загінула 211 мірных жыхароў.
Пра баявы шлях партызан-спартакаўцаў расказваў у сваіх творах семнаццацігадовы партызанскі паэт і мастак Пятро Касцюкевіч. Ён нарадзіўся ў вёсцы Шыці Шаркаўшчынскага раена. Навучаючыся ў сярэдняй школе, хлопец пачаў пісаць вершы і маляваць. Бацька запрасіў да яго настаўніка малявання. Урокі не прайшлі марна і ужо пасля сканчэння школы хлопец вырашыў заняцца мастацтвам сур’ёзна. Але нечакана пачылася вайна, і Пятро Касцюкевіч стаў сувязным партызанскага атрада “Спартак”, а пасля і конным разведчыкам пры штабе, неаднойчы ўдзельнічаў у баявых аперацыях.
На працягу вайны Пятро Касцюкевіч веў “Партызанскі дзённік”, у які запісваў палымяныя вершы, частушкі, рабіў замалёўкі, адзначаў розныя факты, падзеі. У 1944 годзе напісаў “Марш партызанскай брыгады “Спартак””. Аўтар заклікаў баявых сяброў да рашучага супрацьстаяння за вызваленне роднага краю. Але падзеі апярэдзілі песню, праз некалькі дзён прыйшла армія-вызваліцельніца. Пасля вайны мужчына служыў у радах Савецкай арміі, затым працаваў у Петразаводску ў мастацкай майстэрні. Але на ўсё жыцце застаўся партызанскім паэтам і мастаком. Пятро Пятровіч друкаваў свае вершы ў мастацкіх часопісах і газетах, а ў сярэдзіне 1980-х гадоў пабачыла свет праца былога разведчыка – “Балада пра Казянскі лес”. Яна складалася з 28 вершаў і 25 малюнкаў аўтара.
Пасля вайны частку пашкоджанных малюнкаў удалася аднавіць і ўдакладніць. Малюнкі, зробленныя алоўкам у 1943 годзе, мастак перанес тушшу на планшэты і на адваротным баку кожнага змясціў іншы верш, а на партрэтах біяграфічныя звесткі. Зараз мастацкія і вершаваныя творы Касцюкевіча захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным музеі Вялікай Айчыннай вайны і ў фондах Браслаўскага раеннага музейнага аб’яднання.
Вольга Міцюн,
навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея.