Пры іказненскай школе у Браслаўскім раёне існуе багаты музей
Гісторыка-краязнаўчы музей і музей традыцыйнай культуры ў нашым горадзе вядомы, бадай, кожнаму гараджаніну. Але пра тое, што ў некаторых школах раёна існуюць багатыя гістарычныя куткі, чулі не ўсе. Так, зусім выпадкова мне давялося пабачыць музей у Іказненскай СШ. І, трэба сказаць, быў вельмі здзіўлены, бо колькасць цікавых экспанатаў тут дасягае некалькіх сотняў. Захацелася даведацца, хто ж і калі стварыў куток, прысвечаны нашай гісторыі, і якія планы па яго далейшым развіцці ў кіраўніцтва школы. Аказалася, што ўсё пачыналася яшчэ ў канцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя...
Па рэкамендацыі дырэктара школы Віктара Седзюкевіча і мясцовага краязнаўца Андрэя Нарэля я пазнаёміўся са стваральніцай музея Фаінай Махніс. З 1977 года жанчына пачала працаваць у тагачаснай старой школе настаўніцай гісторы і геаграфіі. Але, як яна прызналася, музей з’явіўся не адразу, бо ў невялічкай школе не было месца для экспанатаў, асобны пакой для гэтага, на жаль, арганізаваць тады не маглі. Але пакуль не была пабудавана ў 1988 годзе новая школа, Фаіна Савельеўна захоўвала рэчы, якія знаходзілі яе вучні на закінутых хутарах, у полі ці лесе. Гэта былі камні цікавай формы, падковы, рэшткі керамікі, прылады працы і шмат іншага.
Нарэшце экспанатаў назбіралася столькі, што патрэба ў арганізацыі прышкольнага музея стала надзвычай істотнай. І калі ў новай школе выдзелілі пакой пад экспазіцыю, Ф.Махніс зрабіла ўсё магчымае, каб змест яе быў цікавы не толькі для вучняў, але і для сур’ёзных даследчыкаў гісторыі. Штосьці давялося даведацца з кніг, паглядзець у іншых музеях, але жанчына не капіравала ідэі, а стварыла амаль цалкам арыгінальны праект.
У музеі яскрава назіраецца некалькі куткоў. У геалагічным вы можаце азнаёміцца са старажытнымі закамянеласцямі, малюскамі (там нават ёсць шкілет марской зоркі!), якім налічваецца некалькі мільёнаў гадоў. Ёсць куток, прысвечаны старым папяровым і металічным грашовым адзінкам розных краін свету.
Цікавы куток “Хвала рукам, што ўсё ўмелі”, у якім змешчана цэлая калекцыя тканых ручнікоў, абрусоў і посцілак, а таксама прыгожыя палавікі. Дарэчы, сярод усяго вылучаецца насценны маляваны дыван, які, паводле даследванняў мясцовых краязнаўцаў, зрабіў вядомы мастак Язэп Драздовіч. Асобна вынесена вялізная колькасць рэчаў вясковага быту – сярпы, сіта, прасы, жбаны, гэблікі, самавары і кошыкі.
Ёсць куток, прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне, у якім можна азнаёміцца з рознымі дакументамі, кнігамі, пабачыць прабітую куляй каску.
І гэта толькі невялікі спіс таго, што я пабачыў у невялікім пакоі. Шчыра кажучы, такой колькасці экспанатаў можа пазайдросціць любы гарадскі музей! Жанчына сумесна з дзецьмі падрыхтавала тэксты для экскурсій, вучыла будучых экскурсаводаў, як правільна падаваць інфармацыю, і наогул любіць край, дзе мы жывем. І па сакрэце падзялілася са мной, што рабіла гэтую бескарыслівую, але вельмі каштоўную справу для таго, каб у памяці народа захаваліся вехі нашай гісторыі і імёны славутых землякоў.
Фаіна Махніс працавала ў школе да 2003 года, і вельмі прыемна, што пасля сябе яна пакінула неабыякавых да гісторыі людзей, якія працягваюць яе справу. Зараз у планах дырэкцыі школы пашырыць і разнастаіць музей, даць яму новае памяшканне і новае жыццё. Таму ўсе, хто можа і жадае паспрыяць гэтаму, мае нейкія цікавыя старыя рэчы, ці проста хоча азнаёміцца з экспазіцыяй, калі ласка, прыходзьце ў Іказненскую СШ.
Гальляш Сялява.
Фота аўтара.