У Друі зладзілі мастацкі плэнэр, прысвечаны 400-годдзю Сапежына
У другой палове жніўня ў Друі адбыўся традыцыйны дзіцячы летнік юных мастакоў раёна "Браслаўская вясёлка - 2018". Яго зладзілі педагогі Алена Бялусь, Галіна і Міхал Ставіцкія. Праходзячы пад патранажам Браслаўскага цэнтра дзяцей і моладзі, сёлета ён прысвячаўся 400-годзю горада Сапежына і году малой Радзімы
Сапежын сёння - гэта частка Друі, а ў 17 стагоддзі ён быў буйным гандлёвым і рамесніцкім цэнтрам, які задумваўся Сапегамі як сталіца іх уладанняў. Але гісторыя склалася па-іншаму. "Горад, якога няма" - так называлася тэма пленэру ў гэтым годзе. Перш, чым брацца за алоўкі і пэндзалі, дзеці пазнаёміліся з рэшткамі былой велічы, планіроўкай і архітэктурай немаленькага горада. Асабліва іх уразілі магутныя сцены касцёла св. Троіцы з манастыром, Дабравешчанская царква, руіны царквы Пятра і Паўла, месца, дзе да вайны стаяла царква св. Спаса.
Са слязьмі на вачох юныя мастакі слухалі гісторыю пра знішчэнне габрэйскага насельніцтва. Спрабавалі сабе ўявіць як выглядала друйская сінагога, найвялікшая ў Вялікім княстве Літоўскім, з найпрыгажэйшым алтаром. А каб замацавать моцныя ўражанні, наведалі два школьныя музеі, дзе яшчэ раз акунуліся ў багатую гісторыю паселішча, змаглі патрымаць ва ўласных руках унікальныя экспанаты. Вельмі пашчасціла, што якраз у гэтыя дні ў Друі завяршаўся пленэр прафесійных мастакоў, і дзеці наведалі іх справаздачную выставу, падсілкаваўшыся і натхніўшыся творчымі ідэямі.
Зразумеўшы сутнасць ідэй Сапег, дзецям не склала цяжкасцяў у думках перанесціся на некалькі стагоддзяў назад і ўявіць, як выглядаў Сапежын раней.
Нібыта машына часу перанесла ўсіх праз вякі. І як у сапраўдных мастакоў, пачалі нараджацца сапраўдныя шэдэўры. Асабліва хацелася б выдзеліць працы Рамана Шукеля, Клары Бондаравай, Уладзіслава Жука, Віялеты Падольскай, якія прафесійна, граматна, у сваім стылі выконвалі адну працу за другой, сваёй творцасцю стымулюючы астатніх удзельнікаў пленэру.
Вынікам жа тыднёвай працы сталі дзве выставы, непасрэдна зладжаныя для друйчан. Першая, на цэнтральнай плошчы, вельмі ўдала перадала сутнасць задумы вялікіх магнатаў - прыцягненне на гэтае месца таленавітых людзей. За дзве гадзіны, на працягу якіх дэманстраваліся карціны, іх агледзелі некалькі дзясяткаў наведвальнікаў ад 4 да 88 гадоў. Другая выстава была ля Дабравешчанскай царквы, падчас набажэнства.
Многа слоў удзячнасці пачулі і дзеці, і педагогі ад гледачоў. Нікога, без перабольшвання, творы мастацтва не пакінулі абыякавымі. Гэта вельмі высокая адзнака працы юных мастакоў, для якіх, мабыць, такі летнік можа стаць першай прыступкай да прафесійнай дзейнасці.
Несумненна, што для ўдзельнікаў мастацкага летніка "Браслаўская вясёлка - 2018" гэтыя дні застануцца самымі запамінальнымі за ўсё лета.
тэкст і фота - Міхал Ставіцкі