Святар, ураджэнец Браслаўшчыны, стаў лаўрэатам прэміі "За духоўнае адраджэнне"
Святар з Віцебскай дыяцэзіі стаў лаўрэатам прэміі “За духоўнае адраджэнне”. Ксёндз Чэслаў Курэчка з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў вёсцы Росіца Верхнядзвінскага раёна ўдастоены ўзнагароды Прэзідэнта Беларусі “за важкі ўклад у захаванне міжканфесійнага міру і нацыянальнай згоды”, а таксама “за ўдзел у духоўна-асветніцкай дзейнасці краіны і прапагандзе здаровага ладу жыцця”.
Ксёндз Чэслаў нарадзіўся і вырас у Браслаўскім раёне. Разам са старэйшым братам у дзяцінстве з ахвотай дапамагалі бацькам па гаспадарцы. Спачатку хлопец з беларускай глыбінкі паспрабаваў сябе ў свецкай прафесіі – кухара. “Мары пра Бога мяне наведвалі. Аднак, думаў, што святарства – гэта не маё месца”, - прызнаўся ён. Тым не менш, малады чалавек адказаў на заклік Бога і паступіў у Рыжскую духоўную семінарыю.
“Працаваў у розных парафіях на Віцебшчыне: у Оршы, Падсвіллі, Лужках. Стараўся, каб там квітнелі “райскія сады”, было прыгожа. Уступіў у Кангрэгацыю айцоў марыянаў. З 2007 года і зараз працую ў Росіцы. Гэта парафія, дзе загінулі два мучанікі – Юрый і Антоній. Месца святое, намоленае. Сюды прыязджаюць і прыходзяць шмат пілігрымаў з розных куткоў Беларусі, каб “вырашыць” тут свае справы з Панам Богам, паразмаўляць з Нябесным Айцом, шчыра памаліцца, атрымаць духоўную палёгку, знайсці сэнс жыцця. І мы служым гэтым людзям так, як служылі благаслаўлёныя айцы Юрый і Антоній, якія былі з імі да канца. Гэта наша звычайная праца – служэнне людзям”, - распавёў ксёндз Чэслаў.
Трэба нагадаць, што па выніках 2013 года святар ужо быў удастоены ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны”. Дзякуючы яго старанням, парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Росіцы атрымала новае жыццё, тэрыторыя вакол касцёла стала прывабнай, добраўпарадкаваны могілкі. Тут растуць сотні кветак, экзатычнае кустоўе, цвітуць нават паўднёвыя магноліі. Аднавілася і сама вёска. Зараз сюды ахвотна едуць і ідуць пілігрымы і турысты з розных куткоў Беларусі і іншых краін. Ксёндз Чэслаў кажа, што такім чынам ён рэалізуе сваю мару – зрабіць зямлю прыгожай.