У 1960-70-х у Ціхім акіяне хадзіў рыбалавецкі траўлер «Браслаў»! (фота)
Аднойчы мы даведаліся, што ў 1960-1970 гг на Ціхім акіяне плаваў рыбалавецкі траўлер “Браслаў” і вырашылі сабраць пра яго больш інфармацыі. Пошук ў сетцы Інтэрнет быў паспяховым. Аказалася, што “Браслаў” быў вядомым караблём, якому прысвечаны не адзін матэрыял, якія паведамілі нам пра пачатак, дасягненні і сумны фінал плавання гэтага цікавага судна.
Аўтары артыкулу паспрабавалі разабрацца, з якой прычыны карабель атрымаў назву нашага горада. Аказалася, на флоце ёсць звычай суднам аднаго тыпу даваць падобныя імёны. Вялікіх траўлераў праекту 394, да якога адносіцца і наш “Браслаў”, было пабудавана 226. Іх называлі ў гонар вядомых асоб: “Маякоўскі”, «Штурман Елагін», краін: “Узбекістан”, “Манголія”. А некалькі суднаў насілі назву рыбацкіх пасёлкаў розных куткоў СССР: “Амгу”, “Пахачы”, на верфі г. Нікалаеў да іх дабавілі і “Браслаў”.
Ветераны браслаўскай раённай камсамольскай арганізацыі паведамілі, што вялася перапіска з экіпажам траўлера. Магчыма, што гэта захавала імя караблю, бо па просьбе каманды імя падобнага траўлера “Амгу” памянялі на “Мікалай Астроўскі”
Са старонкі “Браслав. Первый камчатский БМРТ” на расійскім сайце “История отечественного рыболовства”:
У 1961 годзе на Чарнаморскім заводзе ім Насенка ў г. Мікалаеве (Украіна) для Ціхаакіянскага рыбалоўнага флота быў пабудаваны першы вялікі маразільны рыбалавецкі траўлер (ВМРТ) “Браслаў” і ў лістападзе таго ж года ўжо прыбыў у Петрапаўлаўск - Камчацкі. Гэта быў па-сапраўднаму акіянічны карабель даўжынёй корпуса 84 м, з магутнасцю галоўнага рухавіка ў 2000 л с., аўтаномнасць плавання складала 80 сутак. Рыбзавод, размешчаны ў яго трумах, мог за суткі перапрацаваць да 65 тон рыбы, а маразільнікі - захоўваць да 600 т гатовай прадукцыі. Каюты маглі змясціць да 114 членаў экіпажа. Рыбакі з судоў, якія стаялі ў порце, хадзілі на «Браслаў», каб падзівіцца на ўтульныя каюты, прасторны хадавы масток, завод, велізарныя трумы і, галоўным чынам, на дывановыя дарожкі, якімі былі заслаць калідор.
Капітанам - дырэктарам прызначылі 28-мігадовага Мікалая Уладзіміравіча Сотнікава. Гэта было ганаровым для маладога камчацкага рыбака.
17 студзеня 1962 г. судна выйшла ў першы прамысловы рэйс. Майстэрства каманды і капітана, тэхнічныя магчымасці траўлера-гіганта дазвалялі дасягаць нечуваных на той час уловаў. За першыя тры месяцы промысла «Браслаў» вылавіў 14 609 ц селядца і 16 красавіка перайшоў у новы раён здабычы - Аляскінскі заліў. Тут за першыя тры тралення паднялі 220 ц марскога акуня. У выніку за дзесяць месяцаў працы экіпаж “Браслава» здабыў і перапрацаваў 64 133 ц рыбы, і перевыканаў гадавое заданне. Выдатна папрацаваўшы на здабычы, 26 лістапада 1962 г. “Браслаў” вярнуўся на базу ў Петрапаўлаўск-Камчацкі. Па тагачаснай традыцыі сярод камчацкіх рыбакоў 1962 г. стаў годам “Браслава”, як лідэра па уловах.
Да 1968 г. у склад Упраўлення Ціхаакіянскага рыбалоўнага флота ўвайшлі яшчэ васямнаццаць траўлераў, аднатыпных з “Браславам”. З папаўненнем такімі судамі рэзка выраслі ўловы рыбы. Яны за кароткі час дасягнулі значных вынікаў. Так, на працягу 1963 г. ВМРТ “Хінган”, “Браслаў” і “Амгу” здабылі па больш чым 110 000 ц рыбы, усталяваўшы сусветны рэкорд! Параўнайце, у 1938 годзе рыбакі на Камчатцы здабылі на ўвесь круг усяго 500 тон. У 1966 годзе агульны вылаў тралфлота дасягнуў 210 тысяч тон.
Жыццё першага камчацкага акіянічнага траўлера аказалася нядоўгім.
Дзесяць гадоў свайго працоўнага карабельнага жыцця ВМРТ “Браслаў” лавіў і перапрацоўваў рыбу ў Ціхім акіяне, пакуль 20 чэрвеня 1971г. не сутыкнуўся ў моры з цеплаходам “Сула” і не затануў на глыбіню 4000 метраў у раёне мыса Шыпунскага ля берагоў Камчаткі ў каардынатах 53,25 паўночнай шыраты і 161,35 ўсходняй даўгаты. Пры гэтым ад пераахолоджвання загінулі тры члены экіпажа.
Яшчэ некалькі цікавых фактаў пра ВМРТ “Браслаў” .
• Над экіпажам “Браслава” па тагачаснай традыцыі трымалі шэфства вядомыя пісьменнікі: М. Шолахаў дарыў свае кнігі з аўтографамі, К. Сіманаў нават пабываў на яго борце.
• У 1963 г. траўлер, мусіць як мясцовую славутасць, наведалі знакамітыя ў тыя часы чэхаславацкія журналісты-падарожнікі І. Газелка і М. Зыкмунд, у якіх сустрэчы з мясцовымі людзьмі ў час вандроўкі па Сібіры і Далёкаму Усходу пакінулі самыя цёплыя успаміны.
• Першы капітан траўлера “Браслав” М.У. Сотнікаў да канца сваёй прафесійнай кар’еры заставаўся ў ліку лепшых савецкіх рыбакоў на Ціхім акіяне. За працоўныя поспехі ён абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, делегатам партыйных з’ездаў, быў узнагароджаны 2 ардэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалём “За працоўныя заслугі”.
• У 1964 г. каманда “Браслава” стала героем сюжэта савецкай кінахронікі “Навіны дня”.
• Мы пацікавіліся, а ці ёсць яшчэ караблі, названыя ў гонар беларускіх гарадоў? Аказалася, назву «Мінск» мелі 2 караблі ВМФ СССР і Расіі, на Каспійскім моры плавае ракетны катэр «Гомель», на акеанічных прасторах перавозіць грузы кантэйнеравоз “Брэст”. Судна «Полацк» нават стала аб’ектам мастацкага фільма «Шлях да прычала” вядомага рэжысёра Г. Данэлія. Але мы не сустрэлі караблёў з імёнамі «Магілёў», «Гродна», усіх малых беларускіх гарадоў, напэўна, тут наш родны Браслаў унікальны!
• Па адным праекце з «Браславам» баў пабудаваны і вялікі маразільны рыбалоўны траўлер “Віцебск” (даўжыня корпуса 84 м), што дае нагоду пажартаваць: “Браслаў” роўны “Віцебску” і ў 2 разы большы за «Маладзечна» (сярэдні рыбалоўны траўлер СРТ-72 даўжынёй 38 м)!
Бунта В.Е., Януль А., Яхімовіч Віт.,
Кансталінская БШ