У браслаўскім касцёле біскуп Алег Буткевіч адчыніў Браму Міласэрнасці
13 снежня ў Санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў біскуп Алег Буткевіч адчыніў Браму Міласэрнасці. Нагадаем, што сёлета Папа Францішак абвясціў юбілейны год міласэрнасці. Ён распачаўся ў Каталіцкім Касцёле ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, 8 снежня 2015 г., і скончыцца 20 лістапада 2016 г.
Падыходзячы да Святыні можна адразу было заўважыць банэр з лагатыпам Юбілею.Ён прадстаўляе Хрыста Добрага Пастыра, які нясе на плячах не авечку, а чалавека. Гэта абраз Міласэрнасці Бога ў дачыненні да згубленага чалавецтва, якая выявілася ва ўцелаўленні Божага Сына і адкупленні.Гэтая сцэна нагадвае выяву Хрыста, які бярэ на плечы згубленага чалавека. Выява паказвае Добрага Пастыра, які дакранаецца да цела чалавека аж да глыбіні, робячы гэта з такой любоўю, якая перамяняе жыццё. Добры Пастыр бярэ на плечы чалавецтва, але Яго погляд злучаецца з поглядам чалавека. Хрыстус бачыць вачыма Адама, а Адам – вачыма Хрыста. Уся гэтая сцэна ўзята ў авальную рамку. Яна нагадвае пра прысутнасць дзвюх прырод у Хрысце: боскай і чалавечай. Тры авальныя рамкі, якія паступова становяцца святлейшымі ў знешнім напрамку, сімвалізуюць рух Хрыста, які выцягвае чалавека з ночы граху і смерці.
Распачалі Урачыстае адкрыццё Святой Брамы словамі псальма і паўтаралі разам рэфрэн” Бо Міласэрнасць Твая навекі” і слухалі Евангелле паводле Лукі пра тое, што Бог хоча шукаць кожную загубленую авечку і ў небе больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, больш за шматлікіх, якія не патрабуюць пакаяння.
Пасля словаў “Вось Брама Пана, увойдзем праз яе, каб атрымаць Міласэрнасць” усе праходзілі праз Браму. Колькасць людзей была шматлікай. Ва Урачыстасці ўдзельнічалі не толькі браслаўскія парафіяне, але і госці з іншых парафій. Разам з Біскупам канцэлебравалі Святую Імшу ксёндз пробашч Станіслаў, ксёндз Віктар Місевіч, ксёндз Ігнат Санюты і ксёндз Андрэй Бочар.
На пачатку Святой Імшы Ардынарый сказаў, што яму вельмі прыемна перажываць разам гэтую асаблівую падзею ў роднай парафіі, і заахвоціў маліцца за блізкіх сэрцу людзей.
Падчас казання Біскуп чытаў ўрыўкі з булы Папы Францішка, а таксама адзначыў, што сёння мы асаблівым чынам чуем еднасць з Апостальскай Сталіцай, таму што, каб прайсці праз Браму Міласэрнасці не трэба ляцець у Рым. Моцай улады Пятра, Папа дае магчымасць атрымаць яго ў сваіх дыяцэзіях.”Бог прыйшоў не караць,а ўстаноўленая Брама – гэта знак, што Бог хоча прабачыць” – казаў Біскуп, “але чалавек не заўсёды прабачае сам сабе і з гэтай прычыны нараджаецца роспач. Сатана асуджае нас перад Богам”. Таксама нагадаў, што мы павінны мець веру ў Міласэрнасць Бога, а таксама быць міласэрнымі да іншага чалавека. Успомніў пра важнасць пілігрымак да Святых Дзвярэй, але перасцерагаў, каб гэта не стала мэтай, як і споведзь і адпуст, мэта кожнага чалавека – Бог і адносіны з Ім.
У малітве верных маліліся за Святы Касцёл, за святога Айца, за тых, хто жыве ў граху, каб не баяліся наблізіцца да Бога і паверылі, што Ён чакае навяртанне кожнага чалавека,за ўсіх пілігрымаў, якія будуць ісці да Брамы Міласэрнасці, каб змаглі сустрэць Жывога і Любячага Бога ў сваім жыцці.
На закачэнне святой Імшы ўсім прысутным было ўдзелена благаслаўленне Папы.
З Надзвычайным Юбілейным Годам Міласэрнасці звязаны адпусты. Вернікі змогуць у гэтым Святым Годзе перажыць і атрымаць адпуст, здзяйсняючы пілігрымку да Святых Дзвярэй. Гэты момант павінен быць злучаны з сакрамэнтам паяднання і поўным удзелам у святой Імшы, а таксама з роздумам над міласэрнасцю. Пасля праходу праз Святыя Дзверы, акрамя звычайных умоваў, вернікі павінны будуць затрымацца на малітве, каб споўніць апошнія акты, якія патрабуюцца: вызнанне веры і малітва за Папу, а таксама малітва ў папскіх інтэнцыях.
Фота Гальляша Сялявы