У браслаўскім музеі правялі навукова-практычную канферэнцыю
Добрай традыцыяй у браслаўскім музейным аб’яднанні з’яўляецца правядзенне ўнутраных навукова-практычных канферэнцый. Такі абмен вопытам, абмеркаванне розных цікавых тэм спрыяе агульнаму творчаму развіццю супрацоўнікаў, дапамагае акрэсліць планы на будучыню. Сёлета ў музейных чытаннях прынялі ўдзел і бібліятэчныя супрацоўнікі, а таксама краязнаўцы-настаўнікі.
Трэба сказаць, усе ўдзельнікі ахапілі досыць шырокі спектр тэм, прадставілі даклады па гісторыі, этнаграфіі і краязнаўстве, але спачатку дырэктар Надзея Дударонак падзялілася напрацоўкамі і дасягненнямі музейнага аб’яднання, разам з усімі з дапамогай невялікіх анкет правяла аналіз моцных і слабых бакоў у працы арганізацыі, зрабіла акцэнт на далейшым удасканальванні сэрвісаў музея.
Далей метадыст Ларыса Дарафейчык пазнаёміла прысутных са старажытнай акарынай з вёскі Адамова, а Ганна Нікіфарава расказала пра мастацкія і тэхналагічныя асаблівасці стараабрадных ручнікоў нашага рэгіёну. Кіраўнік клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў “Ля возера” Наталля Парахневіч выступіла з цікавым дакладам пра дынастыю браслаўскіх майстроў па лозапляценні Лук’янцаў. Пра самабытную ткачыху Сабіну Недзведзь расказала навуковы супрацоўнік Аліна Выжыкоўская.
Асобным блокам ішлі даклады краязнаўцы Віктара Бунты з Кансталінскай школы, які здзівіў усіх новымі фактамі з гісторыі Браслаўшчыны, і Уладзіміра Аляксеева з Чэрнеўскай школы, які падрыхтаваў працу пра выкарыстанне цяжкага ўзбраення ў гады вайны на тэрыторыі нашага раёна. Дарэчы, навуковы супрацоўнік музея Ілля Вашкель таксама заняўся тэмай вайны, але першай сусветнай.
Галоўны захавальнік фондаў Ганна Базарэвіч ужо не першы год сур’ёзна займаецца даследаваннем яўрэйскага грамадска-палітычнага руху на Браслаўшчыне ў 1920-1930 гг., яна прывяла шмат цікавых фактаў з тагачаснага жыцця нашага краю.
Напрыканцы чытанняў навуковы супрацоўнік Ірына Сакалоўская выступіла з аглядам гісторыка-культурных каштоўнасцей Браслаўшчыны, а прадстаўнік бібліятэчнай сістэмы Іна Храмцова – з дакладам на краязнаўчую тэматыку.
Дарэчы, матэрыялы ўсіх дакладаў можна знайсці ў электронным варыянце па адрасе vk.com/muzei_braslava.
Галляш Сялява.
Фота аўтара.