У браслаўскім музеі традыцыйнай культуры адкрылася выстава твораў мастака Чэслава Жуселя (фота)
У музеі традыцыйнай культуры нядаўна адкрылася выстава карцін мясцовага мастака Чэслава Жуселя, які стварае ў манеры інсітнага мастацтва (прымітывізму). На яе сабралася некалькі дзясяткаў чалавек.
Напачатку мерапрыемства гасцей цудоўнымі беларускімі народнымі спевамі пацешыла Марына Шыркевіч. Загадчыца музея Элеанора Зінкевіч пазнаёміла прысутных з мастаком, а кіраўнік клуба народных майстроў “Ля возера” Наталля Парахневіч у цікавай і жартаўлівай гутарцы з аўтарам даведалася шмат цікавых дробязей з яго біяграфіі.
Чэслаў Жусель нарадзіўся ў 1948 годзе ў вёсцы Пяткунішкі. Як жартаўліва прызнаўся сам мастак, скончыў ён “ажно чатыры школы” (пачатковую, базавую і сярэднюю), а ў Відзах вучылішча. Ён любіў маляваць з ранняга дзяцінства, заўсёды хацеў мець прылады для малявання, і аднойчы нават таемна ад бацькоў збег у Опсу за акварэльнымі фарбамі. Пазней была армія, там было не да творчасці. Пасля войска мужчына даўгі час працаваў трактарыстам, потым слесарам. Сур’ёзна ўзяўся за маляванне толькі пасля 30 гадоў, калі ўжо стала стаў жыць у Браславе.
Аднойчы ў гарадской кнігарні Чэслаў набыў кніжку “Второе призвание”, прачытаў і вырашыў, што варта паступіць у Маскву ў завочны народны ўніверсітет мастацтваў, і ў 1988 годзе скончыў аддзяленне выяўленчага мастацтва. З 2005 года работы мужчыны можна было пабачыць на выставах клуба “Ля возера” побач з працамі вядомых мастакоў Рыдзікі, Баркоўскага, Ставіцкага, Паплаўскіх. У 2008 годзе карціны Чэслава Жуселя экспанаваліся ў Віцебску на ІІІ Нацыянальнай выставе наіўнага мастацтва “Insita-2008”, а ў 2010 годзе – на Маскоўскім міжнародным фестывалі наіўнага мастацтва і творчасці аўтсайдэраў.
Экспазіцыя “Святло майго дзяцінства”, прэзентаваная сёлета, з’яўляецца першай прыватнай выставай Чэслава Жуселя ў нашым краі. Яна прадстаўлена больш за паўсотню прац. У сваіх творах аўтар паказвае сельскі побыт, народныя святы, часам уздымаючыся да глыбокіх філасофскіх абагульненняў пра сэнс жыцця і месца чалавека ў свеце, пераемнасць пакаленняў. Апавядальнасць і яркія сюжэты разам з экспрэсіяй малюнка і колераў дазваляюць ствараць мастаку паэтычныя вобразы народнага жыцця.
На карцінах мы быццам трапляем у вёску, працуем і адпачываем разам з героямі твораў. Вось “Жніво”, і мы адчуваем тую спёку, пад якой працуюць жанчыны, ці “Брыгадзір”, дзе мы бачым руплівага чалавека з землямеркай. А вось біяграфічны твор “Першы трактар”, дзе ўся вёска сабралася паглядзець на цуд тэхнікі. Але найбольш Чэслаў шукае крыніцу натхнення ва ўласных успамінах, таму шмат прац прысвечана дзяцінству аўтара. Гэта і “Здымак на памяць”, дзе аўтар намаляваў сябе яшчэ зусім маленькім у матуліных руках, “Світанак у вёсцы” – тыповы дзень з вясковага жыцця, а таксама “Дзяцінства”, дзе шчаслівы хлопчык катаецца на веласіпедзе.
Усіх неабыякавых да выяўленчага мастацтва музей традыцыйнай культуры запрашае наведаць гэтую цудоўную выставу, якая будзе працаваць яшчэ месяц.
тэкст і фота Гальляш Сялява
Маладая паэтка з Мяжанаў Віка Верпечынскіс прысвяціла верш гэтаму цудоўнаму мастаку:
Багата людзей розных на зямлі.
У кожным сваё неба і сусветы.
Як добра, што ёсць тыя, хто змаглі
Хоць на хвіліну, ды змяніць свет гэты!
Яны не выхваляюцца сабой,
А, сціплыя і простыя ў размове,
Ствараюць цуды для мяне з табой,
Каб мы змаглі б убачыць свет нанова.
Вы вучыце нас сэрцам адчуваць
Мастацтва так, як не убачыш вокам.
Пачуцці, думкі - іх не перадаць -
Яны ўжо так далёка і глыбока
Ваш прыклад - гэта вера ёсць для нас,
Што кожны мае зоры у далонях.
Галоўнае паверыць: прыйдзе час
І нат калі ўжо сівізна у скронях.
Натхнення Вам! Здароўя, шчасця мора!
Хай кожны дзень Вам радасць прынясе!
Няхай ніколі не спасцігне гора.
...Кладуцца фарбы на паперу пакрысе...