У браслаўскім музеі традыцыйнай культуры адкрыюць выставу графікі
Музейнае аб’яднанне ў канцы года цешыць аматараў жывапісу, краязнаўства, і рукадзельства. На кожнай з новых выстаў сапраўды ёсць што паглядзець і малому, і даросламу. Так, у малой залі музея традыцыйнай культуры зараз працуе выстава “Саламяныя пераплёты”, у вялікай нядаўна адкрылася выстава жывапісу, прысвечаная выдатнаму беларускаму культурнаму дзеячу Язэпу Драздовічу. А 3 снежня ў 15.00 супрацоўнікі музея запрашаюць наведаць адкрыццё выставы графікі Ванды Лагун.
Жанчына нарадзілася ў вёсцы Нікіцёнкі Шаркаўшчынскага раёна. Вучылася выдатна ў Германавіцкай школе пакуль не здарылася бяда: дзяўчына захварэла і назаўсёды стала інвалідам. Нягледзячы на поўную адзіноту, Ванда займалася самаадукацыяй і адкрыла ў сабе шмат талентаў: пісала вершы і апавяданні, тэмай якіх былі запалыя ў памяці з дзяцінства назіранні. Але больш за ўсё яе прыцягвала маляванне. Спачатку малюнкі рабіла простым алоўкам, потым стала расфарбоўваць. Ванда магла маляваць гадзінамі да позняй ночы, гэта замяніла ёй усё, стала другім жыццём, прынесла адчуванне шчасця і запатрабаванасці.
Творы, якія будуць прадстаўлены на выставе, пакажуць, што наіўнае мастацтва – гэта жывая, невычэрпная творчасць народа, якая бярэ свае вытокі з глыбіні стагоддзяў, сродак адкрыць нешта новае для сябе і іншых. Гэты від творчасці даступны кожнаму, у каго ёсць імкненне да самавызначэння, і жаданне расказаць навакольнаму свету пра сябе.
Элеанора Зінкевіч,
загадчыца музея традыцыйнай культуры.