У музеі традыцыйнай культуры абмеркавалі культурныя праблемы Браслава
На сустрэчу па абмеркаванні культурных праблем горада, арганізаваную грамадска-культурнай кампаніяй “Будзьма беларусамі”, сабралася некалькі дзясяткаў браслаўчан. Сярод прысутных былі і прадстаўнікі ўладаў – начальніца аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Наталля Спірыдонава, яе намеснік Ірына Мацук і спецыяліст аддзела Алена Котава, а таксама загадчыца музейнага аб’яднання Надзея Дударонак.
Перад асноўнай падзеяй кнігу па археалогіі “Курганныя могільнікі захаду Браслаўскага Паазер’я” прэзентаваў адзін з аўтараў Мікола Плавінскі. Гэта вынік шматгадовай працы на раскопках, якія мужчына неаднойчы праводзіў у нашым раёне. Кожны жадаючы мог набыць кнігу з аўтографам, задаць пытанне пра археалагічныя помнікі Браслаўшчыны.
Далей рэй узялі маладыя спецыялісты Уладзімір Булаўскі і Кацярына Раманчык. Яны пазнаёмілі прысутных з галоўнай ідэяй грамадскай кампаніі, у мультымедыйнай форме паказалі свае напрацоўкі, коратка расказалі пра арганізацыю мерапрыемстваў, акцыі, і тое як пустую прастору можна напоўніць сэнсам і ўпрыгожыць. А далей перайшлі да абмеркавання культурных праблем нашага горада.
Ва ўтульнай атмасферы вядоўцы паспрабавалі разам з удзельнікамі акрэсліць пытанні, якія турбуюць пэўны пласт гараджан. Напрыклад, што можна стварыць, каб зацікавіць моладзь, і разварушыць яе да супольнай працы. Альбо чаго не хапае Браславу, каб яго прастора стала ўнікальнай і прывабнай для турыстаў.
Фармат мерапрыемства ад пачатку задумваўся, як праца ў некалькіх групах, але па выніку атрымалася агульная дыскусія. У чымсьці канструктыўная. Удзельнікі прыйшлі да высновы, што гораду не стае ініцыятыўных людзей, а часта і самі браслаўчане праяўляюць абыякавасць да таго, што тут дзеецца. Карані гэтых праблемаў, як аказалася, знаходзяцца вельмі глыбока, а іх арэал досыць вялікі. Было прыемна, што прысутныя актыўна ўдзельнічалі ў размове, але нейкае канкрэтнае падсумаванне зрабіць не атрымалася. Усе разам мы зноў вылучылі праблемы, якія з кожным годам робяцца ўсё больш балючымі.
Зрэшты, завязаліся новыя сувязі, арганізатары сустрэчы расказалі, што “Будзьма” можа арганізоўваць лекцыі па беларускай гісторыі ды культуры, канцэрты і выставы, сустрэчы з таленавітымі беларусамі, дапамагаць з прэзэнтацыяй кніг, часопісаў і музычных праектаў. Таму іх вопыт цяпер паспрабуем рэалізоўваць у нашым горадзе, і развіваць тое, што ўжо маем.
Гальляш Сялява,
фота аўтара.