У музеі традыцыйнай культуры адкрылася выстава жывапісу, прысвечаная Язэпу Драздовічу
Музейнае аб’яднанне працягвае цешыць аматараў жывапісу, краязнаўства, этнаграфіі і рамесніцкай дзейнасці. У сацыяльных сетках, звязаных з Браславам, нехта нават трапна заўважыў, што ў апошні час яно стала ледзь не самым вірлівым у плане культурных падзей, што адбываюцца ў нашым горадзе. На снежань у музеях запланаваны дзве новыя выставы, і, бадай, самая цікавая справаздачная –“Калядныя ўзоры”, - на якой рамеснікі падзеляцца сваімі дасягненнямі. А нядаўна ў музеі традыцыйнай культуры адкрылі выставу, прысвечаную славутаму беларускаму дзеячу Язэпу Драздовічу.
Хто ніколі не чуў гэтае прозвішча – вельмі шмат страціў. Бо постаць мужчыны ў культурным жыцці нашай краіны, асабліва ў 20-30-х гадах мінулага стагоддзя, надзвычай істотная. Язэп Нарцызавіч вядомы як скульптар, этнограф, археолаг, астраном, педагог, а перадусім мастак. Упершыню з яго творчасцю мне давялося пазнаёміцца, яшчэ калі вучыўся ва ўніверсітэце ў Мінску. Тады да друку рыхтавалася кніга выбраных твораў фалькларыста Арсеня Ліса. І вось адным з тэкстаў, які мне, як карэктару давялося вычытваць, была кніга “Вечны вандроўнік”, прысвечаная жыццю Драздовіча. Яна настолькі мяне захапіла, што стаў шукаць яшчэ больш інфармацыі пра няспыннага чалавека, які абышоў пехатой цэлы свет, і яго карціны. У інтэрнэце даведаўся, што Драздовіч літаральна трызніў космасам, і стаў пачынальнікам гэтай тэмы ў жывапісе. Яго фантастычныя краявіды планет, малюнкі гарадоў і людзей, гістарычныя замалёўкі, партрэты славутых беларускіх дзеячоў, містычныя эскізы, і канешне, роспіс на дыванах, не могуць не выклікаць захапленне маштабам творчага асягу. Зрэшты, мне не хопіць і ўсёй газеты, каб расказаць пра ўсе творчыя дасягненні аўтара, дый гэты артыкул пра тое, якім чынам ушаноўваюць памяць выдатнага сына нацыі ў нашы час.
Трэба сказаць, што па сваёй ініцыятыве недзе ў сярэдзіне 2000-х мне давялося паўдзельнічаць у фальклорнай экспедыцыі, якая праходзіла ў Шаркаўшчынскім раёне. І вось тады ўпершыню я трапіў у музей Драздовіча, што знаходзіцца ў вёсцы Германавічы, і які курыруе вядомая ў творчых колах краязнаўца Ада Райчонак. Менавіта па яе ініцыятыве у мястэчку кожны год ладзяцца цікавыя імпрэзы, навукова-практычныя канферэнцыі, праводзяцца мастацкія плэнеры. У германавіцкім музеі, апрача твораў Драздовіча, знаходзіцца ўжо каля 250 карцін – карпатлівы плён дзясяткаў беларускіх мастакоў, вынік плэнераў. Некаторыя з іх якраз трапілі на выставу ў нашы музей.
На адкрыцці мерапрыемства для ўсіх прысутных паказалі цудоўны фільм, створаны да 125-гадовага юбілея вялікага мастака. Потым загадчыца музея Элеанора Зінкевіч пазнаёміла ўсіх з Адай Эльеўнай, коратка расказала пра яе творчую дзейнасць, а дырэктар музейнага аб’яднання Надзея Дударонак падзякавала жанчыне за тое, што яна сваёй актыўнасцю дае цудоўны прыклад моладзі, і заслугоўвае вялікай пашаны.
Ада Райчонак расказала пра асветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча, які быў створаны ў 1995 годзе (жанчына з’яўляецца яго старшынёй). З таго часу было праведзена ўжо 22 плэнеры, прысвечаных культурным дзеячам Беларусі. Праз іх прайшлі больш за 300 мастакоў! Згадала яна і пра тое, як ушаноўваюць памяць вялікага творцы ў Беларусі. Імя Драздовіча носяць вуліцы Оршы, Мінска, Маладзечна, Радашковічаў, Глыбокага, Германавічаў, а ў сталіцы стаіць помнік, прысвечаны 100-годдзю мастака. Як зазначыла Ада Эльеўна, вельмі важна, што мастака не забываюць, і ў яго ёсць столькі творчых нашчадкаў – мары Драздовіча здзейсніліся.
Музей сардэчна запрашае браслаўчан і гасцей горада пазнаёміцца з выставай, якая будзе працаваць да сярэдзіны снежня.
Галляш Сялява.
Фота аўтара.