Успаміны маршала Васілеўскага пра падзеі аперацыі “Баграціён”
Аляксандр Міхайлавіч Васілеўскі (1895 -1977) — выбітны савецкі ваеначальнік, адзін з першых Маршалаў Савецкага Саюза. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў якасці начальніка Генеральнага штаба прымаў дзейны ўдзел у распрацоўцы і ажыццяўленні практычна ўсіх буйных аперацый на савецка-германскім фронце. У беларускай аперацыі "Баграціён" каардынаваў дзеянні 3-га Беларускага, 1-га і 2-га Прыбалтыйскіх франтоў.
Ужо на пенсіі Аляксандр Міхайлавіч напісаў мемуары “Справа усяго жыцця”, дзе закрануў падзеі аперацыі “Баграціён”, важным этапам якой была Шаўляйская аперацыя, у выніку каторай была вызвалена наша Браслаўшчына. Васілеўскі, адзін з Маршалаў Перамогі, адзначае, што баі ў нашых краях мелі важнае значэнне для разгрому нямецкіх акупантаў у Прыбалтыцы і неаднаразова абмяркоўваліся ў Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання. Друкуем урыўкі з яго ўспамінаў:
Барацьба за Прыбалтыку ...
У пачатку ліпеня 1944 года становішча на франтах было такім. 4-я ўдарная армія, вызваліўшы Полацк, прасоўвалася ўздоўж чыгункі на Дзвінск (Даўгаўпілс)... 6-я гвардзейская, 43 - я і 39-я арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту рухаліся на Дзвінск і на Свянцяны. На паўночна-захад быў павернуты і 1-ы танкавы корпус.
6 ліпеня я зноў прасіў Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ў размове па тэлефоне аб паскарэнні пачатку актыўных дзеянняў 2-га Прыбалтыйскага фронту. Рух правага крыла 1-га Прыбалтыйскага фронту ўздоўж паўднёвага берага Заходняй Дзвіны з кожным днём усё больш павялічваў і без таго ўжо значны яго адрыў ад левага крыла і тым больш ад галоўных сіл 2-га Прыбалтыйскага фронту. Гэта выклікала неабходнасць прыцягваць дадатковыя сілы для забеспячэння 1-га Прыбалтыйскага фронту з поўначы і ў той жа час не здымала пагрозы для асноўнай часткі яго войскаў, якія наносілі ўдары ў Шаўляйскім і Каўнаскім кірунках, тым больш, што немцы ўвесь час узмацнялі сваю групоўку ў раёне Дзвінска, якая навісала з поўначы над войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту, здымаючы для гэтага войскі, якія стаялі супраць 3-га і 2-га Прыбалтыйскіх франтоў.
У той момант правафланговая 6-я гвардзейская армія 1-га Прыбалтыйскага фронту вяла ўпартыя баі перад Друей. Мясцовыя паселішчы ў гэтым раёне неаднаразова пераходзілі з рук у рукі. Я далажыў Сталіну таксама і пра тое, што для ўзмацнення правага флангу войскаў Баграмяна мы да 8 ліпеня выводзім на Дзвінскі кірунак 22-й стралковы корпус і пастараемся паспець да таго ж тэрміну прывесці ў парадак пасля цяжкіх баёў 1-й танкавы корпус. Чарговае наступленне мы намячалі пачаць 9 ліпеня.
Вярхоўны Галоўнакамандуючы пагадзіўся з маімі довадамі і абяцаў вызначыць тэрміны пераходу 2-га Прыбалтыйскага фронту ў наступленне…
...Пад Дзвінскам разгарэліся кровапралітныя баі. Узяцце 4-й ударнай арміяй 12 ліпеня 1944 года Дрысы адразу ж палегчыла нам барацьбу за Дзвінск. Вораг ужо думаў не аб тым, каб ударыць з поўначы па нашаму флангу, а аб абароне горада. Але ўзяць Дзвінск і выканаць пастаўленыя задачы мы здолелі б толькі ў тым выпадку, калі б войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту не былі абавязаныя наступаць адначасова ў заходнім, паўночна-заходнім і паўночным напрамках.
Параіўшыся з І. X. Баграмянам, я звярнуўся ў стаўку з просьбай вызваліць 1-ы Прыбалтыйскі фронт ад нанясення галоўнага ўдару левым крылом на Каўнас і дазволіць нам засяродзіць намаганні на правым крыле, супраць Дзвінска, нацэліўшы 51-ю і 2-ю гвардзейскую арміі, якія ўжо падыходзілі да лініі фронту, ў цэнтр, на Панявежыс і Шаўлі. Я выказаў упэўненасць, што, развіваючы ў далейшым гэты ўдар на Рыгу, як мага хутчэй і з меншай рызыкай раскалоць тут нямецкую абарону, выйсці да Балтыйскага ўзбярэжжа, перарэзаць камунікацыі з Прыбалтыкі ва Усходнюю Прусію і адсекчы групу армій "Поўнач" ад Германіі. Акрамя таго, гэта непазбежна павінна было адбіцца на супраціве нямецкіх 16-й і 18-й армій у цэлым, і тады 2-му і 3-му Прыбалтыйскім франтам лягчэй будзе наступаць з Пскоўскай вобласці ў напрамку Рыжскага заліва.
Размова адбылася ў ноч на 12 ліпеня, ... выслухаўшы мяне, Вярхоўны Галоўнакамандуючы пагадзіўся з нашымі прапановамі, спытаў, колькі трэба часу фронту для падрыхтоўкі ўдару, і запатрабаваў ні ў якім разе не спыняць наступу наяўнымі сіламі. Удар з уводам новых сіл дамовіліся арганізаваць не пазней за 20 ліпеня. 1-й Прыбалтыйскі фронт канчаткова паварочваўся на паўночны захад, да Курляндыі, і на поўнач да Рыгі...
пераклаў Вiктар Бунта, настаўнік Кансталінская ЯСБШ
Василевский А.М. Дело всей жизни. — М.: Политиздат, 1978