Успаміны вязня вайны з Браслаўшчыны Алы Садоўскай (фота)
Вайна... Яна па-рознаму ўварвалася страшнай бядой у жыццё браслаўчан. У тыя гарачыя дні чэрвеня 1941 г. людзі яшчэ не адразу маглі зразумець, праз якія выпрабаванні прыйдзецца ім прайсці, у тым ліку праз нацысцкія канцлагеры і катаржныя работы на чужыне. З Браслаўшчыны ў Нямеччыну трапілі 3739 чалавек.
«Зборныя пункты» па адпраўцы рабочай сілы на захад знаходзіліся ў Браславе і Відзах. З чыгуначнай станцыі “Дукштас” у таварных вагонах везлі людзей у Нямеччыну. Там іх чакалі размеркавальныя лагеры, а далей – праца на фабрыках ці ў баўэраў або жорсткія нечалавечыя ўмовы канцлагераў.
У пачатку 90-х гадоў былых вязняў канцлагераў і пад прымусам вывезеных на работы ў Нямеччыну краіна пачала лічыць ахвярамі фашызму. Зусім нядаўна памерла адна з іх, Ала Садоўская, былая настаўніца сярэдняй школы №1.
Але захаваліся яе ўспаміны: «Жыццё да вайны я амаль не памятаю. Не з-за даўнасці падзей, але таму, што да пачатку яе мне не споўнілася і пяці гадоў. Ведаю, што мае тры сястры вучыліся, маці працавала ў калгасе, бацька ў краме. У нас былі вялікі прыгожы дом і сад, агарод, кветнік. Жылі мы ў вялікай вёсцы Дражна пад Віцебскам.
Пачатак вайны памятаю, бо ў вёсцы было радыё. Мужчыны адправіліся ў Віцебск у ваенкамат. Тата развітаўся з намі. Усе плакалі. Назаўтра ноччу ўсё неба над Віцебскам шугала пажарам. Ніхто не спаў. Маю старэйшую сястру Ніну, якая ў чэрвені 1941 года скончыла медыцынскае вучылішча, нават дадому не адпусцілі, адразу адправілі на фронт.
Пасля акупацыі Віцебска ў нашай вёсцы з’явіліся спачатку некалькі матацыклаў, потым крытыя машыны з салдатамі. Першыя немцы ў вёсцы прастаялі даволі доўга.
Праз невялікі час вакол утварылася партызанская зона, таму ў нашу вёску немцы з’яўляліся набегамі, каб абрабаваць, спаліць, забіць. У ліпені 43-га года немцы распачалі спецаперацыю супраць партызан, а жыхароў усіх бліжэйшых вёсак сагналі ў адно месца, агарадзілі калючым дротам і трымалі там доўга. Потым на машынах нас адвезлі ў Віцебск, змясцілі ў вялікія вайсковыя казармы. Там вылучылі ўсе партызанскія сем'і (у мяне сястра была ў партызанах, таму мы таксама лічыліся партызанскай сям'ёй), пасадзілі ў таварныя вагоны. Атрымаўся цэлы эшалон, які праз тыдзень прыбыў у Польшчу. Так мы апынуліся ў канцлагеры Асвенцым.
Усім на левай руцэ выкалалі нумары, адабралі рэчы, змясцілі ў баракі з трох’яруснымі нарамі, па 8-10 чалавек на кожных. Так пачалося жыццё ў лагеры. Дарослых жанчын апранулі ў паласатыя робы-сукенкі (без ніжняй бялізны, без панчох), а дзяцей – каго ў што. На ногі далі драўляны абутак. Жаночы барак, дзе была мама, і мужчынскі, дзе тата, былі аддзеленыя калючым дротам. Аднойчы, калі мама стаяла на вуліцы, хлопчык з нашай вёскі крыкнуў: «Цётка Каця, дзядзька Даніла памёр!» Мы зразумелі, што ніколі бацьку больш не ўбачым.
Я ў гэтым бараку пражыла ўсяго адзін тыдзень і адразу захварэла на сыпны тыф. Мяне адабралі ад мамы і змясцілі ў “рэвір” – інфекцыйнае аддзяленне, дзе прабыла 8 месяцаў. Маме ўдалося мяне праз некаторы час знайсці, калі я ляжала ўжо на нарах ля выхаду, прыгатаваная на вынас пасля хуткай смерці. Яна мяне выратавала пры дапамозе сябровак па няшчасці, якія падкупілі медсястру, сталі падкормліваць мяне, здабылі нейкія лекі. Пасля выздараўлення мяне змясцілі ў дзіцячы барак. Блёкавая (так называлі жанчыну, якая за намі глядзела) перадала мяне пад апеку полькам. Я стала падапечнай дзяўчыны па імені Салі. Яна мяне вымыла, апранула, на ноч забірала да сябе пад коўдру, вучыла есці, хадзіць, размаўляць, праўда, па-польску. Толькі я стала папраўляцца, як зноў захварэла, на гэты раз на скарлатыну. Але праз некаторы час ачуняла. Маё здароўе, відаць, было здавальняючым, таму што ў мяне сталі браць кроў. Аднойчы нават рабілі прамое пераліванне крыві параненаму нямецкаму афіцэру.
Вызвалілі нас у студзені 1945 года. Месяц мы знаходзіліся на карантыне ў Кракаве. А потым нас даставілі ў Віцебск. Мы знайшлі сваякоў, адшукалі сястру Раю, якая была ў партызанах, яна і забрала нас. Ёй далі накіраванне на працу ў Браслаў, як найменш пацярпелы ў вайне раён, тут можна было знайсці жыллё і ежу. Потым нас знайшла другая мая сястра Ніна.
Пасля вайны я вучылася ў Браславе, потым паступіла ў Даўгаўпілскі педагагічны інстытут, працавала настаўніцай фізікі. У 80-х гадах у Кіеве была сустрэча ўсіх вязняў. Я туды ездзіла, менавіта там сустрэлася з Шурай, з якой жылі ў бараку...»
Вось такім трагічным лёс быў у гэтай жанчыны.
Надзея Дударонак,
дырэктар “Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў”.
Фота з архіва музея.