Вучні школаў Браслаўскага раёна пабывалі ў 9-дзённым падарожжы (фота)
Нядаўна вучні з розных школ нашага раёна пад кіраўнцтвам нястомнага і жыццярадаснага настаўніка гісторыі і геаграфіі Кансталінскай школы Віктара Бунты хадзілі ў экспедыцыю па Браслаўскім і Шаркаўшчынскім раёне.
Мэтай вандроўкі, якая праходзіла ў рамках заняткаў “Школы юнага географа”, было наведванне цікавых прыродных і гістарычных мясцін заходняй Браслаўшчыны, пошук і атрыманне новых ведаў, і вясёлы адпачынак. Пры падрыхтоўцы маршрута Віктар вывучаў здымкі нашага края з космаса і звярнуў увагу на некалькі цікавых аб'ектаў. Заўважыўшы, што некаторыя азёры і нізіны правільнай круглай формы, у мужчыны ўзнікла пытанне: ці не метэарытныя гэта кратэры? Па-другое, назвы дзвюх вёсак – Чарназем’е і Чорны Засценак – далі верагоднасць адшукаць побач старажытныя селішчы, за сотні год жыцця на якіх утварыўся слой тлустай чорнай зямлі, якую археолагі завуць “культурны слой”.
Дзевяцідзённы маршрут ад Опсы да Малых Алашак па працягласці склаў амаль сто кіламетраў. Удзельнікі экспедыцыі наведала Вількавіцкі камень – адзін з самых вялікіх валуноў у Беларусі, пабывалі на страўсінай ферме ў Відзах-Лаўчынскіх, у музеі І.Сікоры, узняліся на адну з вежаў Відзаўскага касцёла, знайшлі сляды ледавіка. Не абышлося падарожжа і без цікавых знаходак. Адна з круглых структур непадалёк ад Гірэйшаў аказалася вельмі падобнай на “пінга” – рэдкую форму рэльефа, што магчыма ўтварылася ў той час, калі наш край пакрывалі льды. Гэту інфармацыю адаслалі спецыялістам ў Беларускі геолага-разведачны інстытут, якія вельмі ёй зацікавіліся. Калі яны падцвердзяць гэту гіпотэзу, тады на Браслаўшчыне з’явіцца яшчэ адзін помнік прыроды. Усім удзельнікам падарожжа запомніліся яскравыя моманты, з якімі яны захацелі падзяліцца з чытачамі газеты:
Жанна Падоба (гімназія)
- Каманда сабралася вясёлая, дабразычлівая. Усе з гатоўнасцю дапамагалі адзін адному. Абавязкі былі падзелены паміж усімі чальцамі экспедыцыі: адны гатавалі ежу, другія ставілі палаткі і разводзілі вогнішча, таму мы хутка ўсё рабілі і ў нас было больш часу адпачыць пасля цяжкага дня і пагутарыць. Усе мы знаёмы пасля профільнага лагера ”Школа юнага географа”, які адбыўся ў чэрвені гэтага года. Таму нам было вельмі прыемна сустрэцца зноў і правесці разам 9 цудоўных і насычаных прыгодамі дзён. А яшчэ з намі хадзілі два зусім маленькіх турыста – Зміцер Жураўлеў і Аліна Селях. Яны навучаюцца яшчэ толькі ў пачатковых класах, але ўпарта ішлі па 15 км у дзень на роўных са старэйшымі.
Рамуальд Вайтанец (гімназія)
- У гэтым паходзе мы шукалі старажытныя гарадзішчы, наведвалі славутасці нашага раёна і хацелі даведацца пра сапраўднае “паходнае жыццё”. Маршрут наш быў вялікі. Хадзілі мы і па балотах, лясах, палях. І зайшлі аж у Шаркаўшчынскі раён. Кожны дзень нас вёў новы ўдзельнік пахода, якому давалі карту і компас. Адной з галоўных нашых задач было трапіць у музей-сядзібу беларускага селекцыянера Івана Сікоры, які вывеў каля 500 відаў яблынь і 100 відаў груш. Па шляху туды ў нас было шмат цяжкасцяў, але задачу мы выканалі.
Уладзіслаў Саруль (Друйская СШ) - Мне вельмі спадабаўся гэты паход. Пабольш бы такіх сустрэч. Тут я пасябраваў з вялікай колькасцю дзяцей. Запомніўся вечар, калі нас прысвячалі ў турысты. За 9 дзён мы прайшлі 95км да Малых Алашак. Хачу сказаць вялікі дзякуй арганізатарам і спадзяюся, што такая сустрэча адбудзецца і ў наступнае лета.
Эдуард Саруль (Полацкі будаўнічы каледж)
- Найбольш яскрава мне запомнілася пераправа цераз раку Янка. Яе глыбіня 2.5 м, а шырыня 6 м. Пакуль дзяўчынкі гатавалі абед, нам трэба было знайсці доўгае і тоўстае дрэва, каб спілаваць яго і перакінуць праз рэчку. Было цяжка несці, але ўсё ж мы справіліся і без прыгод перайшлі на другі бераг, як сапраўдныя турысты
Аляксандр Марцінкевіч (гімназія)
- Цяжкасцяў у нашым паходзе было шмат. Самі шукалі па азімуце дарогу пад жарты сяброў: “Куды ты завёў нас, Сусанін?”. Часта прыходзілася ісці без дарог, дый рукзакі неслі на сабе шматкілаграмовыя, і цалкам залежылі ад прыродных умоў. Але з нашым дружным калектывам мы пераадолелі ўсе цяжкасці.
Дзіяна Свякла (гімназія)
- У паходзе мяне прыемна здзівілі адносіны да нас мясцовых жыхароў. Яны вельмі добра да нас ставіліся, хто чым мог, тым і дапамагаў. Многія распавядалі пра што-небудзь цікавае. Я ніколі не думала, што ў нас такія чулыя і спагадлівыя людзі, пакуль сама ў гэтым не пераканалася. Дзякуй ім вялікі за цёплы прыём і дабразычлівасць.
Анастасія Іоч (СШ №2)
- Вельмі спадабалася падарожжа. Спадзяюся, што Віктар Елісеевіч возьме нас с сабой, бо мы ўжо не навічкі ў турызме. Таксама хацелася б, каб лагер “Школа юнага географа” і падобны паход адбыліся яшчэ раз наступным летам.
Крысціна Пяткевіч (СШ №2)
- Мы вельмі ўдзячны Віктару Елісеевічу, Андрэю Міледзьевічу і Марыі Язэпаўне. Менавіта дзякуючы гэтым людзям адбыўся наш паход. Яны перадалі нам шмат карысных ведаў і заўсёды дапамагалі.
Жанна Падоба,
вучаніца 10 класа браслаўскай гімназіі