Вядомы заолаг у мемуарах прыгадаў Браслаў 1940-х гадоў
Браслаўскі краязнаўца Віктар Бунта знаёміць нашых шаноўных чытачоў з вельмі цікавым навукоўцам, лёс якога часткова звязаны з Браслаўшчынай.
"Не так даўно нашыя землякі - Уладзімір і Юрый Верам’ёвы, што аселі ў Санкт-Пецярбургу, пазнаёмілі мяне з кнігай успамінаў цікавага чалавека - Уладзіслава Хлябовіча, вядомага савецкага і расійскага вучонага, акадэміка Расійскай акадэміі прыродазнаўчых навук. Аказалася, што лёс гэтага цікавага чалавека звязаны з нашым краем.
Уладзіслаў Вільгельмавіч нарадзіўся ў 1932 годзе ў Варонежы, куды з Браслава яшчэ ў 1915 г. пераехаў яго дзед. У 1944 годзе у пакінуты ў спадчыну браслаўскі дом вярнуўся яго сын Вільгельм Хлябовіч з сям’ёй. Уладзіслаў ў 1949 годзе з сярэбраным медалём скончыў сярэднюю школу №1 Браслава, паступіў на біёлага-глебавы факультэт Ленінградскага універсітэта. Пасля заканчэння універсітэта паступіў у аспірантуру Заалагічнага інстытута. З 1957 году Уладзіслаў Вільгельмавіч займаецца навуковай працай у галіне біялогіі і экалогіі марскіх арганізмаў. З 1986 года - галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі марскіх даследаванняў Заалагічнага інстытута. Аўтар больш за 200 навуковых і навукова-папулярных артыкулаў і кніг.
У сваёй аўтабіяграфічнай кнізе «Кадры з жыцця аднаго заолага» В.В. Хлябовіч цэлы раздзел прысвяціў гадам свайго жыцця ў Браславе з 1944 па 1947 гг. Хочацца адзначыць, што яна напісана аб'ектыўна, з любоўю да радзімы сваіх продкаў. Аўтар робіць вельмі дакладныя і трапныя замалёўкі тагачаснага побыту браслаўчан, якія можа запісаць толькі чалавек прыезджы.
Думаю, чытанне раздзела «Браслаў», ды і ўсёй кнігі будзе займальным. Таксама рэкамендую да прагляду відэа з яго ўдзелам на Youtube."
Віктар Бунта