Як пакаралі ведзьмакоў у 17 стагоддзі ў Браслаўскім павеце
У інтэрнэце адшукалася інфармацыя, паводле якой сведчыцца, што віленскі архіварыюс Ян Спрогiс на пачатку 20-га стагоддзя ў адной з публікацыяў прывёў дакументальнае сведчанне публiчнага спалення ведзьмакоў па ініцыятыве сялянаў вёскі Магуны Браслаўскага павету (па іншай інфармацыі - "Пастаўскага") Віцебскай губерніi, што адбылося на пачатку 17-га стагоддзя. У кнігах Браслаўскага земскага суда зафіксаваны даклад браслаўскага вознага (следчага - заўвага рэд.) Хрыстафора Няцкоўскага ад 15 траўня 1615 года пра спаленне чарадзеяў у вёсцы Магуны. Гэткай вёскі на сённяшні дзень на Браслаўшчыне мы не адшукалі (ёсць на Гродзеншчыне).
Згодна з паперамі, возны быў запрошаны на “мерапрыемства” вясковым войтам Урбанам Пяцюлевічам і ягонымі братамі – Каспарам і Войцюлем. Вясковая грамада Магуноў абвінавачвала сялянку Сафію Юргелевую Сунян і яе сына – Гасюля Суняна ў вядзьмарстве, наступствам чаго стаў масавы мор сусецкага быдла. У якасці ганаровых гасцей у Магуны былі запрошаны паважаныя людзі акругі: стараста дрысяцкі (цяпер "верхнядзвінскі" - заўвага рэд.) Адам Гадзееўскі, падстараста браслаўскі Андрэй Камароўскі, ураднік дзісненскі Аляксандар Цішкоўскі і шмат хто яшчэ. Адбылося нешта накшталт грамадскага суда: магунскія сяляне абвінавачвалі і выступалі ў якасці сведкаў, запрошаныя шляхцічы выконвалі функцыі прысяжных і пракурора адначасова, возны сімвалізаваў сваёй прысутнасцю дзяржаўны кантроль.
Сабралася вёска, прывялі «чараўнікоў». Бедакі-абвінавачаныя спачатку ўсё адмаўлялі, а каб адвесці ад сябе падазрэнні, нагадалі: а вось у нашага суседа, Тумэля Дарадунды, род здаўна чараўніцтвам займаўся і трыццаць ягоных родзічаў пакараныя за чараўніцтва. Пачалася сварка. Тумэль спрабаваў бараніцца, але безвынікова. Вяскоўцы вырашылі ўсіх траіх падазраваных у чараўніцтве праверыць дасканалым спосабам, які ў той час часта практыкаваўся: кінуць звязанымі ў возера.
Трэба адзначыць, што усё дзейства цягнулася амаль тры дні. Пасля выпрабавання вадой, магунцы для чысціні эксперыменту кінулі ў ваду і звязанага аднавяскоўца Януша Пашкена — добрапрыстойнага хрысціяніна і агульнапрызнанага аўтарытэта ў маральных пытаннях. «Эталон» стаў захлынацца і хутка пайшоў на дно. Пасля таго як выцягнулi з вады, яго цудам атрымалася вярнуць да жыцця.
Пасля такога красамоўнага доказу ўсе ўпэўніліся, што тыя трое сапраўды вінаватыя ў чарадзействе. Тут жа выбралі чалавека, якога паслалі па «містра ката».
Абвінавачаных пасадзілі ў астрог. Што там у тым астрозе было, Начкоўскі не піша, толькі піша, што Зафея пасля адседкі дабравольна прызналася, што труціла суседскае быдла і пасылала труціць быдла на дальняе пасавіска сына Гасюля, а чары для гэтага ў выглядзе канаплянага семені атрымала ад суседа Тумэля. А сын Гасюль не стаў чакаць, што будзе далей, і збег з астрога. Толькі праз два дні яго злавілі, калі спаў на полі, і зноў вярнулі «на ланцуг».
Вынікам “следства” стаў судовы вырак: вінаватыя усе трое. Прысуд – пакаранне спальваннем на вогнішчы, для чаго быў запрошаны адмыслоўца, браслаўскі прафесійны кат. Пакараных прывязалі да драбінаў і па чарзе кінулі ў вялізнае вогнішча, што было раскладзена на ўскрайку вёскі. Пасьля пакарання адбылося высяленне з Магуноў бліжэйшай радні “ведзьмакоў”. Дарэчы, возны дакладна зафіксаваў не толькі тое, хто куды і да каго быў выселены, але і занатаваў ручальніцтва радні пакараных наконт таго, што яны не збіраюцца помсціць магунскім сялянам і чараваць супраць іх у далейшым.
Вось такая "жорсткая" гісторыя адбылася паводле дакументаў у нашым рэгіёне ў 17 стагоддзі.
Крыніцы: