Загадкавая “авіякатастрофа” ля Замкавай гары (фота, відэа)
Аб гэтай падзеі памятаюць бадай усе браслаўскія доўгажыхары, сучаснікі маюць магчымасць пачуць аб ёй са слоў экскурсаводаў. Сапраўды, адбылася неардынарная падзея – ля падножжа Замкавай гары ў Браславе упаў верталёт. Здарылася гэта ўлетку 1974 г. На жаль, розгалас парадзіў шмат чутак, якія абраслі фантастычнымі аповядамі. Чэсна кажучы, я шмат гадоў хацеў высветліць абставіны таго летняга дня.
Так атрымалася, што мой бацька, фатограф Товій Панцялейка, зрабіў здымак таго верталёта.
Фота Т.Панцялейкі
А ў час падрыхтоўкі матэрыялу яшчэ адно фота “падзеі” ласкава прадаставіў Іван Шлапак са Слабодкі.
І вось – шэраг малавядомых фактаў аб загадкавай “авіякатастрофе”.
У часы СССР на Браслаўшчыне часцяком здымалі кінафільмы. Можна прыгадаць “Вайна пад стрэхамі” Алеся Адамовіча з Уладзімірам Высоцкім у эпізадычнай ролі. На гэты раз кінастудыя “Масфільм” выбрала прыгожы азёрны край для здымак фрагментаў чарговага фільма. У аснову сюжэта лягла аўтабіяграфія славутай беларускай гімнасткі Вольгі Корбут, пра якую даведаўся ўвесь свет. У 1972 г. на Алімпіядзе ў Мюнхене яна стала трохразовай чэмпіёнкай і стала надзвычай папулярнай. У спартыўным свеце яна атрымала ласкавую мянушку – “Цуд з касічкамі”. Такую ж назву ўрэшце атрымаў і фільм.
На Браслаўшчыне здымалі эпізоды дзяцінства будучай гімнасткі. Нагадаю, што радзіма В.Корбут горад Гродна. Па-праўдзе кажучы, кадраў з браслаўскімі краявідамі зусім мала, каля 4 хвілін. Ёсць гарадзішча Маскавічы, вуліцы і асобныя дамы Браслава і канешне танцпляцоўка і комплекс –каруселяў-арэляў на Замкавай гары. А панарама толькі адна, але яна дазваляе ўявіць як выглядаў Браслаў і старажытнае гарадзішча 40 год таму.
Некалькі слоў аб фільме. Ён мае спартыўны сюжэт. Рэжысёр фільма Віктар Цітоў (смая знакамітая яго праца “Здравствуйте, я ваша тетя!”), сцэнарый напісаў Аляксандр Лапшын (“Жизнь Клима Самгина”).
Галоўную ролю Тані Малышавай удала сыграла на той час маладая актрыса Ірына Мазуркевіч. Сама яна родам з Беларусі, з горада Мазыра. Гэта была яе першая роля ў кіно. Надалей яна шіат здымалася. Самыя яскравыя і запамінальныя фільмы: “Сказ про то, как царь Петр арапа женил”, “Трое в лодке не считая собаки”, “О бедном гусаре замолвите слово”. Амаль усё творчае жыццё актрыса адпрацавала ў Пецярбургскім тэатры камедыі. Магчыма, больш вядомы яе муж Анатоль Равіковіч, які бліскуча сыграў адну з галоўных ралей у фільме “Пакроўскія вароты”.
Таксама у фільме былі заняты вядомыя акцёры А.Калягін, В.Гафт. Прэм’ера адбылася 3 мая 1976 г. Паглядзець яго цалкам можна з дапамогай Інтэрнета. Таксама можна праглядзець нарэзку эпізодаў з краявідамі Браслава.
Ну, а што здарылася з верталётам? Для здымак азёрных панарам кінастудыя арэндавала верталёт Мі-2, як казалі, з горада Рыгі. І вось аднаго разу, у час узлёта або пасадкі, вінтакрылую машыну зацягнула парывам ветру і кінула на паўночны схіл гары. Верталёт споўз уніз і лёг уверх калёсамі. На шляху ён разламаў драўляную прыбіральню і знішчыў працуючымі вінтамі агароджу. Як расказваў І.Шлапак (яго бацька жыў побач) металічныя трубы агароджы адляцелі аж за сотню метраў у бок “нарбутаўскай” лячэбніцы. Ніхто не пацярпеў, ні пілот, ні людзі ў наваколлі. На фота бачна, ён патрапіў паміж жылым домам і гаспадарчымі пабудовамі.
Існуюць дзве асноўныя версіі прычын падзення. Першая – памылка пілота пры ўзлёце-пасадцы. Нібыта верталёт зачапіў дрэва. Другая версія больш цікавая. Казалі, што паміж лётчыкам і кімсьці са здымачнай групы адбылася спрэчка: пілот абяцаў пасадзіць машыну прама на вузкі вал гары, а яму не верылі. Яшчэ казалі, што за гэты “учынак” яго пажыццёва адлучылі ад пілатавання і пакінулі працаваць на авіярамонтным заводзе. А можа праўда знаходзіцца дзесьці пасярэдзіне.
Фота І.Шлапака
Яшчэ патрэбна абавязкова згадаць аднаго чалавека. Яго звалі Франц Леўша. Жыў ён у гэтым самым доме, куды патрапіў верталёт. Франак, а менавіта так яго называлі сваякі і суседзі, быў своеасаблівым дзіваком, дрэна размаўляў. Была ў яго і крыўдная мянушка –“Шпана”. Гэтае слова ён пастаянна паўтараў, асабліва калі не меў “настрою”. Пра яго шмат хадзіла баек. Дзе праўда, а дзе не – разабрацца цяжка. Казалі, што ён вельмі напужаўся і вельмі шкадаваў сваю разбураную прыбіральню.
А зараз пра асабістыя ўражанні. Мне тады было толькі 6 гадоў. Я хадзіў разам з бацькам да места здарэння. Нам удалося вельмі блізка падысці да месца здарэння дзякуючы таму, што побач з Франакам жыў наш сваяк Кліменцій Шлапак.
Кадр з фільма "Цуд з касічкамі"
І, апошняе. Гадоў пяць таму, у час правядзення экскурсіі па Замкавай гары, калі аповяд дайшоў да гэтай гісторыі, у группе турыстаў заметна захвалявалася адна немаладая пара. Аказалася, што яны ўваходзілі ў склад здымачнай групы і на свае вочы бачылі момант падзення верталёта.
Магчыма гэтая інфармацыя не зусім поўная. Але, на мой погляд, фотаздымкі даюць поўнае прадстаўленне пра гэтае здарэнне. Тым не менш, запрашаю да абмеркавання.
Аляксандр Панцялейка.
Фота парталу перададзена аўтарам.
Чытайце больш у прыватным блогу Аляксандра Панцялейкі на партале Браслаў.бай