Згадкі пра гурток Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры ў Іказні
Па наводцы шаноўнага Кастуся Шыталя сёння маем цікавы тэкст, узяты з часопісу "Беларуская Крыніца. Палітычная, грамадзкая і літаратурная газэта." №16 (657). Вільня, Нядзеля 5 Красавіка 1936 г.
Калі ласка, да вашае ўвагі звесткі пра гурток Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры ў вёсцы Іказнь у 20-30хх гадох мінулага стагоддзя...
На шляху культурна-асьветнай працы (З Браслаўскага павету).
Апошнім часам беларускія часапісы кладуць вялікі націск на культурна-асьветную працу сярод сялянства. Вось-жа прадусім трэба зьвярнуць асаблівую ўвагу на тыя цяжкія, няспрыяючыя абставіны, у якіх культурна-асьветная праца праводзіцца.
У 1926 годзе ў мястэчку Іказьні, Перабродзкай вол. заснаваўся гурток Бел. Інстытуту Гасп. і Культуры. Заданьнем кожнага такога гуртка, як ведаем, ёсьць беларуская культурна-асьветная праца. Вось-жа вышэй названы гурток, маючы так важнае заданьне, прайшоў на працягу свайго блізка дзесяцігадовага йснаваньня запраўды крыжовую дарогу. Ягоная гісторыя ёсьць тыповай для многіх падобных беларускіх арганізацыяў.
Паўстаў успомнены гурток з ініцыятывы трох сьведамых беларусаў і пачаў сваю дзейнасьць у надта цяжкіх варунках. Адразу “здабыў” ён сабе… трох заядлых, няпрыміраных ворагаў. Яны моцна клапаціліся аб тым, каб гурток занадта “ня разышоўся”. Адміністрацыйныя ўлады прыглядаліся, каб гэты-ж самы гурток “не загражаў безпечэнству публічнэму”. І так Гурток Бел. Інстытуту Гасп. і Культуры ў Іказьні, пад гэткай апекай, пастанавіў на пачатак зладзіць беларускае прадстаўленьне. Спачатку пайшло ўсё як па масьле: дасталі ад Браслаўскага старасты дазвол на прадстаўленьне, ад войта Перабродзкай вол. – дазвол на памешканьне, у якім мелася быць прадстаўленьне. Пачаліся прыгатаваньні. Але неспадзявана, за тры дні перад прадстаўленьнем, калі ўжо ўсё было прырыхтована, наступае “цофненьце” дазволу войта на будынак пад прадстаўленьне. І вось мусілі наступіць новыя высілкі і новая бескарысная трата энэргіі. Столькі-ж перашкод трэба перамагчы і столькі-ж працы трэба палажыць на сарганізаваньне аднаго толькі беларускага прадстаўленьня. Гэта знае найлепш той, хто сам няраз яго ладзіў.
Беларускіх прадстаўленьняў гурток у Іказьні зладзіў каля 10. Пры кожным прадстаўленьні спатыкаліся рознага роду цяжары, якія каб усе апісаць, дык заняло-б страшна многа і часу і месца. Да таго шмат маем ужо апісаных на старонках беларускай прэсы, але яшчэ і шмат, шмат іх не апублікована.
Хацелася-б аднак успомніць хоць важнейшыя здарэньні.
У 1926 г. пасьля вулічнага збору грашавых ахвяраў на карысьць і мэту гуртка, дайшло да суду. На судзе сябра гуртка быў апраўданы, але мусіў змарнаваць на гэта шмат часу, грошаў і зьнясьці шмат прыкрасьцяў.
У 1927 г. у часе выбараў у Сойм старшыня гуртка ў зьвязку з прадвыбарнай акцыяй прасядзеў тры месяцы з паловай на Лукішках у Вільні.
У 1934 г. Браслаўскі стараста пакараў старшыню гуртка штрафам. Справа гэта цягнулася аж два з паловай гады, пакуль аканчальна ня вырашылася ў судзе.
Гурток Бел. Інстытуту Гасп. і Культуры ў Іказьні стойка змагаўся з цемрай на працягу 10 гадоў. Цяпер ён закрыты адміністрацыйнымі ўладамі за – бяздзейнасьць.
Сябра.